Амбасада Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Менску паведаміла колькасьць зваротаў па візу з 1 лютага 2018 году, калі ў амбасадзе аднавіўся ўвесь спэктар візавых паслуг. Гэта 22 400 чалавек.
«Пераважная большасьць заяўнікаў атрымала станоўчы адказ», — дадае амбасада ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта міт, што цяжка атрымаць візу ЗША». 5 пытаньняў пра амэрыканскія візы для беларусаўГод таму менская амбасада ЗША аднавіла ўпершыню за 10 гадоў «поўны спэктар неіміграцыйных візавых паслугаў». Беларусам сталі даваць шматразовыя візы тэрмінам на 1 год, але ня болей. Тэрмін дзеяньня візаў вызначаецца «прынцыпам узаемнасьці»: Беларусь цяпер выдае амэрыканцам візы на 1 год.
Стандартны кошт амэрыканскай візы ў шэрагу краінаў — 160 даляраў. Пакуль амбасада ня мае магчымасьці выдаваць візы неграмадзянам і нерэзыдэнтам Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цягам усёй гісторыі Амэрыка не зрабіла беларусам анічога кепскага», — экс-дыпляматТым ня менш у Беларусі па-ранейшаму няма амбасадара ЗША, толькі часовая павераная (якая казала: «Калі я буду рабіць сваю працу добра, у Беларусь вернецца амбасадар ЗША»).
Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей 10 студзеня праз тэлефон абмяркоўваў з прадстаўнікамі Дзяржаўнага дэпартамэнту Злучаных Штатаў зьняцьце абмежаваньня на колькасьць амэрыканскіх дыпляматаў у Менску. Пра гэта стала вядома з амэрыканскага часопісу Foreign Policy, а беларускі МЗС толькі пацьвердзіў факт перамоваў, але ня стаў раскрываць падрабязны зьмест. Пазьней намесьнік міністра замежных спраў Алег Краўчанка пацьвердзіў, што Беларусь зьняла абмежаваньне на колькасьць амэрыканскіх дыпляматаў у Менску. Але працэс можа зацягнуцца, заявіў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 12 фактаў пра дачыненьні Беларусі і ЗША