Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выказаў аптымізм з нагоды спыненьня эканамічнай канфрантацыі паміж ЗША і КНР. Ён заявіў пра гэта падчас сустрэчы зь віцэ-прэм’ерам Кітая Лю Хэ ў Авальнай залі Белага дома.
Паводле Трампа, у выпадку посьпеху перамоваў ЗША і КНР змогуць заключыць «найвялікшае ў гісторыі пагадненьне».
Прэзыдэнт ЗША адзначыў, што пакуль перамовы праходзяць «вельмі добра».
Перакладчык зачытаў ліст старшыні КНР Сі Цзіньпіна прэзыдэнту Трампу. У ім гаворыцца, што стасункі паміж дзьвюма эканамічнымі супэрдзяржавамі знаходзяцца цяпер у «крытычна важнай фазе».
«Спадзяюся, што абодва бакі працягнуць дзейнічаць у духу ўзаемапавагі. Заключэньне пагадненьня стане пазытыўным сыгналам для дзьвюх нашых нацый і ўсёй сусьветнай супольнасьці», — адзначаецца ў лісьце Сі Цзіньпіна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка ЗША: Расея і Кітай уяўляюць галоўную пагрозуСі Цзіньпін таксама назваў захады, зробленыя кітайскімі ўладамі ў сельскагаспадарчым сэктары пасьля апошняй тэлефоннай размовы паміж лідэрамі ЗША і КНР.
Трамп назваў ліст Сі Цзіньпіна «цудоўным» і выказаў удзячнасьць старшыні КНР.
Падчас прэс-брыфінгу ў Авальнай залі Трамп заявіў, што кітайскі бок адкрыў амэрыканскім кампаніям доступ да сваіх фінансавых рынкаў. Пры гэтым ён папярэдзіў, што «ўгоды ня будзе, калі [Кітай] не адкрые доступ [амэрыканскім] сельскагаспадарчым і прамысловым кампаніям».
Раніцай 31 студзеня Трамп напісаў у «Твітэры», што «пагадненьне будзе непрымальным» без далейшага адкрыцьця кітайскага рынку для амэрыканскага бізнэсу.
Паводле прэзыдэнта, падчас перамоваў бакі таксама абмеркавалі пытаньні крадзяжу інтэлектуальнай уласнасьці і кантрабанду фэнтанілу (магутнага сынтэтычнага апіёіду) з Кітая ў ЗША.