Ніка Ракіціна (творчы псэўданім Людмілы Багданавай) дзесяць гадоў жыве «безь дзяржавы». У 2009 годзе яна разьвіталася з афіцыйнай працай, каб пісаць фэнтэзі. Выдала сем кніг. «Рэалістычныя тэксты мне не цікавыя. Рэал — ён вакол, навошта пра яго яшчэ і пісаць», — кажа Ніка. Але «рэал, які вакол», не пакінуў яе без увагі. Улады абвясьцілі пісьменьніцу «дармаедкай».
Жыхарка Гомля практычна мае дзьве працы — хатняй гаспадыні і пісьменьніцы. Але для дзяржавы яна — «незанятая ў эканоміцы» і павінна плаціць за камунальныя паслугі па павышаных тарыфах.
Пачала пісаць зь дзяцінства, атрымала эўрапейскую прэмію
Ніка пачала пісаць зь дзяцінства. У чацьвёртай клясе яе ліст зачыталі ў дзіцячай перадачы па радыё. Час яна бавіла сярод кніг у бібліятэцы — там працавала маці. У студэнцтве пісала вершы.
«У анамнэзе — пяць пакаленьняў настаўнікаў. Я таксама працавала зь дзецьмі, вяла гурткі ў доме творчасьці „Юнацтва“ — ролевых гульняў і літаратурны», — кажа пісьменьніца.
У 2008 годзе яна стала адным з шасьці ляўрэатаў прэміі Эўрапейскага таварыства навуковай фантастыкі ў намінацыі «Лепшы дэбют» за раман «Гонитва». Твор быў, як і іншыя, на расейскай мове. Пры гэтым аўтарка абапіралася на падзеі антырасейскага паўстаньня 1831 году, увяла ў раман матывы беларускай містыкі.
«Насьледуючы Караткевіча — гэта мой любімы пісьменьнік», — дадае Ніка.
У 2009 годзе яна сышла з афіцыйнай працы — каб заглыбіцца ў сьвет літаратуры і... хатняй гаспадаркі.
«Так мы вырашылі з мужам. Я буду весьці хатнюю гаспадарку, выхоўваць дзяцей і пісаць. Усё, што я хачу, — гэта пісаць», — кажа Ніка.
Пакуль пісала пра піратаў — вывучыла караблі і рыштунак
Цяпер яе кнігі друкуе невялікае гомельскае выдавецтва «Барк». Ранейшыя выходзілі ў расейскім і беларускіх выдавецтвах. Ніка разьмяшчае свае творы на расейскіх онлайн-пляцоўках, дзе чытачы могуць прачытаць у электронным варыянце кавалкі раманаў ці купіць кнігу цалкам.
Пісьменьніца спадзяецца, што аўдыторыя будзе расьці, адпаведна, будуць і грошы за кнігі.
«Я выкладваю кнігі там, каб быў шырэйшы ахоп аўдыторыі, бо чытаюць украінцы, расейцы, казахі», — кажа пісьменьніца.
У фантастычных творах Ракіцінай ёсьць рэалістычная глеба. Напрыклад, антураж апавяданьня «Служба безопасности библиотеки» практычна сьпісаны з Гомельскай абласной бібліятэкі.
Апавяданьні Нікі час ад часу друкуюцца ва ўкраінскіх і расейскіх часопісах. Выходзіла яе апавяданьне і ў беларускай «Маладосьці».
Ніка падыходзіць да пісаньня кніг грунтоўна. Каб стварыць «Пираты. Танарская ведьма», яна дасканала праштудзіравала ня менш за дзясятак адмысловых кніг пра караблі і іх рыштунак на польскай, чэскай і расейскай мовах. Дома ў яе два кансультанты: сын — па гісторыі, і муж, які працуе інжынэрам-праектавальнікам, — па тэхнічных пытаньнях і лёгіцы.
Абірае бульбу і «піша ў галаве»
Грошай пісьменьніцтвам Ніка асабліва не зарабіла. Ганарары былі, але малыя і рэдкія. Дапамагаюць ёй муж і дарослыя ўжо дзеці.
«Пад працу па хаце мне добра думаецца. Напрыклад, абіраю бульбу ці нешта гатую — і ўвесь час думаю. Таму, калі сядаю пісаць, — практычна „на чыставік“ выходзіць», — кажа суразмоўніца.
Яна дзіву даецца, што хатняя гаспадыня пачала лічыцца ў Беларусі «дармаедкай».
«Гэта толькі далёкаму ад жыцьця чалавеку можа здавацца, што хатнія гаспадыні — лайдачкі. Колькі ўсяго трэба зрабіць за дзень! Схадзіць па крамах, знайсьці таньнейшыя прадукты — у нашым выпадку толькі так выжывеш. Прыгатаваць, папрыбіраць. Зноў жа — выхаваньне дзяцей. Колькі часу трэба на гэта? Хто лічыў? Старэйшая дачка ў мяне атрымала адукацыю, працуе. Малодшы вучыцца ва ўнівэрсытэце на гісторыка. Дзеці — выхаваныя, адукаваныя... Мне заявілі, што я дармаедка, — ну прабачце!», — кажа пісьменьніца.
«У саюз да Чаргінца я не пайду»
Яна не ўваходзіць у ніводзін саюз пісьменьнікаў.
«У саюз да Чаргінца я не пайду. У „неафіцыйны“ колькі месяцаў таму аддала дзьве кнігі, каб паглядзелі, ды не чуваць нічога адтуль. Мне саюзы не патрэбныя. Я тут згодная зь Міхаілам Булгакавым. Хіба трэба было пасьведчаньне пісьменьніка Дастаеўскаму ці Панаеву са Скабічэўскім?», — сьмяецца Ніка.
Як пісьменьніца ставіцца да «дармаедзкага дэкрэту»?
«Як нармальны чалавек можа да такога ставіцца? Я спакойна працую, раблю сваю справу, гляджу за домам — і не разумею, чаму ня маю на гэта права? Пакіньце мяне ў спакоі — усё, чаго я хачу ад дзяржавы. Я ў вас нічога не пазычала, ня брала, не прашу прадаваць мае кнігі. На ўсіх працах старанна адпрацавала, зарабляла грошы чэсна. Калі не адчэпяцца — я пайду ў суд», — кажа Ніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адна раніца з жыцьця Ўладзя, які за сэзон вырошчвае 50 тон элітнай гародніны на Браслаўшчыне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі літаратар і палітык Аляксей Шэін атрымаў міжнародную прэмію за кнігу фантастыкі