Новыя Падкасты Свабоды. Цяпер іх можна слухаць і празь Youtube

Радыё Свабода запускае тры новыя падкаст-каналы. Усе Падкасты Свабоды цяпер можна слухаць і празь Youtube. Падпісвайцеся!

«Пад Лукашэнкам»

Як пачыналася і чым завяршаецца першая чвэрць стагодзьдзя з Аляксандрам Лукашэнкам. Падкаст Сяргея Навумчыка пра найноўшую гісторыю Беларусі.

Сяргей Навумчык: Якія фактары паспрыялі перамозе Лукашэнкі ў 1994-м — ягоны «антыкарупцыйны» даклад, стрэл пад Лёзнам альбо вера людзей у цуд? Як здарылася, што з краіны, якая ў момант дасягненьня Незалежнасьці мела найлепшыя стартавыя эканамічныя ўмовы ў параўнаньні з суседзямі, Беларусь ператварылася ў аўтсайдэра рэгіёну? Мы паспрабавалі аднавіць найбольш яскравыя эпізоды апошніх 25 гадоў беларускай гісторыі, якія краіна пражыла пад Лукашэнкам — праз галасы палітыкаў, камэнтатараў, звычайных людзей, якія гучалі ў рэпартажах Свабоды.

«Стары Менск. Гісторыя зьнікненьня»

Гістарычны падкаст Сяргея Абламейкі пры ўдзеле Сяргея Шупы.

Сяргей Абламейка: Як і куды зьнік Стары горад у Менску? Хто болей разбурыў — немцы ці саветы? І якую ролю ў гэтым адыграла НКВД?

Гэтаму прысьвечана мая кніга «Невядомы Менск. Гісторыя Зьнікненьня». І гэтаму будзе прысьвечаны мой падкаст, да ўдзелу ў якім я запрасіў Сяргея Шупу — таксама карэннага менчука.

Мы абмяркуем дзіўную, загадкавую і трагічную гісторыю зьнікненьня ў Менску раёну, які да вайны называўся Стары горад і які сваімі вузкімі пакручастымі вуліцамі і завулкамі, сваімі мурамі і пляцамі сьведчыў пра эўрапейскую мінуўшчыну Беларусі.

«Гутаркі зь Янам»

Адкуль і куды пайшла беларуская ідэнтычнасьць? Падкаст Яна Максімюка.

Ян Максімюк: Што сёньня ўяўляе сабою беларуская ідэнтычнасьць? Чым беларускі культурны кантэкст падобны да іншых? Што цікавага можа запрапанаваць беларуская літаратура сьвету? І што цікавага яна прапануе беларусам?

Гэта некаторыя з пытаньняў, якія я буду абмяркоўваць у цыкле падкастаў «Гутаркі зь Янам». Мае суразмоўнікі — постаці беларускага культурнага кантэксту: паэты, празаікі, музыкі, філёзафы, культуролягі і навукоўцы — якія ўжо пакінулі адметны сьлед у беларускай прасторы або яшчэ толькі імкнуцца такі сьлед пакінуць. Першы госьць — Ігар Бабкоў.

Што такое падкаст?

Падкаст — гэта радыё, але лепшае. Гэта аўдыё- або відэаперадача, якая публікуецца ў інтэрнэце. Як і радыёперадачы, яны часта дзеляцца на цыклі, сэзоны, асобныя часткі і прысьвечаныя канкрэтнай тэме.

Падкасты значна зручнейшыя, чым радыё, бо іх можна слухаць у кожны момант, без патрэбы сачыць за раскладам.

Як іх можна слухаць?

Падкасты Свабода можна слухаць

  • на нашым сайце;
  • на відэаплятформе Youtube;
  • на аўдыяплятформе SoundCloud;
  • праз мабільныя праграмы (аплікацыі).

    Для гэтага трэба спампаваць на свой тэлефон праграму (як на iOS, гэтак і на Android), знайсьці праз пошукавую сыстэму падкаст-канал, які вас цікавіць (у нас іх ужо 11), і падпісацца на яго.

    Аплікацыя сама вам паведаміць, калі зьявіцца новы выпуск падкасту. Вы можаце яго запампаваць на свой тэлефон і паслухаць у кожны зручны для вас час.

А дзе можна знайсьці падкасты Свабоды?

Падкасты Свабоды даступныя ў RSS і ў наступных мабільных праграмах:

• iTunes
• Google Podcasts
• CastBox
• Podcast Addict
• Podcast Republic
• SoundCloud

Навошта слухаць, калі можна і пачытаць

Бо падкасты можна слухаць тады, калі чытаць проста немагчыма.

  • У аўтамабілі, аўтобусе, цягніку. Паўсюль, дзе бракуе сьвятла чытаць
  • Падчас трэнаваньня ў фітнэс-залі
  • Падчас яды (і піцьця)
  • Падчас гатаваньня
  • Падчас шпацыру
  • Падчас выкананьня хатніх абавязкаў (вывешваньня бялізны, прасаваньня, мыцьця посуду)
  • Падчас праполваньня бульбы
  • На рыбе
  • У лазьні ці душы
  • Дадайце свае прапановы ў камэнтарах

Якія каналы ў Свабоды ўжо ёсьць?

Калі вам хочацца мець усе падкасты ў адным канале, то падпісвайцеся на гэты канал:

А гэта бясплатна?

Для вас — ТАК.