Суд паўторна падтрымаў БНФ у справе пра высяленьне зь сядзібы. Будзе яшчэ 2 працэсы

Сядзіба Партыі БНФ

Эканамічны суд Менска адмовіў у задавальненьні другога пазову аб высяленьні суполак Партыі БНФ зь менскага офісу па вуліцы Чарнышэўскага, 3.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Высяляць сядзібу БНФ ня будуць, — рашэньне суду

Раней суд ужо адмовіў у задавальненьні пазову аб высяленьні цэнтральнай структуры партыі, 31 студзеня — Менскай абласной арганізацыі, нагадвае БелаПАН. У абодвух выпадках суд абавязаў кампэнсаваць пазоўніку выдаткі на выплату дзяржаўнай пошліны ў памеры 980 рублёў.

Суд мае разгледзець яшчэ два пазовы — аб высяленьні Менскай гарадзкой арганізацыі партыі і Менскай абласной арганізацыі грамадзкага аб’яднаньня «БНФ Адраджэньне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эканамічны суд Менску вырашыць, ці высяляць з офісу Партыю БНФ 

Ва ўсіх выпадках пазоўнікам выступае дзяржаўная ўстанова «Домэнергасэрвіс». Падставай для пазову сталі запазычанасьці ў аплаце арэнды памяшканьня і камунальных паслуг, паведаміў прадстаўнік арганізацыі. Паводле яго, Партыя БНФ ужо 30 месяцаў дапускае партэрмінаваньне плацяжоў.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў лічыць, што пазовы зьвязаныя не з эканамічнымі, а з палітычнымі прычынамі.

Партыя арандуе памяшканьне на вуліцы Чарнышэўскага, 3 з 2011 году.