У 2018 годзе выяўлена 52 тысячы новых выпадкаў анкалягічных захворваньняў

РНПЦ анкалёгіі і мэдыцынскай радыялёгіі імя Аляксандрава, архіўнае фота

Усяго на дыспансэрным уліку з прычыны раку стаяць больш за 307 тысяч чалавек, зь якіх назіраюцца 5 і больш гадоў звыш 160 тысяч.

У мужчын найбольш часта дыягнаставалі рак прастаты, лёгкага, тоўстай кішкі, страўніка, нырак, гартані. У жанчын — рак малочнай залозы, маткі, страўніка, шчытападобнай залозы, яечнікаў, тоўстай кішкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 109 чалавек на 100 тысяч: параўноўваем сьмяротнасьць ад раку ў Беларусі і іншых краінах

Такую статыстыку прывёў Сяргей Красны, намесьнік дырэктара ў навуковай працы РНПЦ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі імя Аляксандрава.

Сяргей Красны

«Мяркуем, што летась было выяўлена 52 тысячы новых выпадкаў раку. Колькасьць новых выпадкаў павялічваецца штогод на 1 тысячу. У 2017 была 51 тысяча, у 2019-м чакаецца ўжо 53 тысячы новых выпадках захворваньняў», — паведаміў Сяргей Красны.

Добрыя зрухі ёсьць у дыягностыцы: рак на 1 і 2 стадыі ў 2018 годзе выяўлены ў 67% выпадках (у 2017-м — у 61%).

Пры выяўленьні раку на першай стадыі выжывальнасьць складае 100%, на другой — 75%, на трэцяй — толькі 50%, на чацьвёртай — усяго 5%.

У 50% рак выяўляецца на 3-4 стадыі

У Беларусі 14 спэцыялізаваных анкалягічных устаноў, два РНПЦ – дзіцячы і дарослы.

«Уся анкалягічная дапамога ў краіне павінна аказвацца толькі ў спэцыялізаваных цэнтрах, дзе ёсьць усе мэтады дыягностыкі і лячэньня: хірургія, прамянёвая тэрапія, хіміятэрапія. Мэтады лячэньня не адрозьніваюцца ад разьвітых краінаў сьвету», — паведаміў Сяргей Красны.

У Беларусі праводзіцца 4 скрынінгавыя праграмы: у выяўленьні раку малочнай залозы і шыйкі маткі ў жанчын; раку прастаты ў мужчын; а таксама раку тоўстай кішкі і ў мужчын, і жанчын.

Скрынінгавая праграма для выяўленьня раку прастаты ў мужчын пачалася ў 2011 годзе. Летась было абсьледавана 140 тысяч мужчын, усяго ахоплена 280 тысяч.

«Найбольш складаная і затратная праграма – скрынінгу прамой кішкі, бо калёнаскапія праводзіцца пад наркозам, патрэбны анэстэзіёляг, эндаскапіст.

Аднак на 80% рак тоўстай кішкі можна прадухіліць. Пасьля калёнаскапіі паліпы можна выдаліць. Трэба правесьці 11 калёнаскапій, каб прадухіліць 1 выпадак раку. Вынікі скрынінгавай праграмы добрыя», — перакананы Сяргей Красны.

Цяпер вядзецца распрацоўка яшчэ 2 скрынінгавых праграм – раку лёгкага і раку страўніка.

«Але пахваліцца няма пакуль няма чым – у 50% рак выяўляецца на 3- 4 стадыі», — паведаміў намесьнік дырэктара РНПЦ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі Сяргей Красны.

Захворваемасьць на рак павялічылася летась на 11%, сьмяротнасьць – на 2%. Але сьмяротнасьць будзе павялічвацца, бо павялічваецца працягласьць жыцьця, – перакананыя мэдыкі.


Беларускія анколягі зарабілі 3,5 мільёна даляраў за кошт экспарту паслугаў

У РНПЦ анкалёгіі прайшлі платнае лячэньне 2,5 тысячы замежнікаў, у асноўным з Расеі, Украіны, Казахстану.

«Клінічныя выпрабаваньні лекавых сродкаў – таксама магчымасьць зарабіць валюту, і яшчэ магчымасьць хворым на рак беларусам атрымаць дарагія прэпараты», -- распавёў Сяргей Красны.