30 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёну Гомля распачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да былой старшыні камітэту эканомікі аблвыканкаму Эльвіры Карніцкай. Яе абвінавачваюць у злоўжываньні ўладай (артыкул 424 Крымінальнага кодэксу).
Сутнасьць абвінавачваньня — чыноўніца «аказвала пратэкцыю» свайму зяцю, які ня выканаў у тэрмін умовы інвэстыцыйнай дамовы, але пазьбег штрафаў і выплаты падатку на дададзеную вартасьць.
56-гадовая Эльвіра Карніцкая мае 40 гадоў працоўнага стажу. 25 гадоў яна была на дзяржаўнай службе, 15 — узначальвала камітэт эканомікі аблвыканкаму. Увесну 2018 году чыноўніца звольнілася з працы, а празь некалькі дзён стала вядома, што яе затрымалі праваахоўныя органы.
Справу разглядае судзьдзя Віктар Казачок.
Паводле абвінавачаньня, Карніцкая ўваходзіла ў склад рады па прыцягненьні інвэстыцый. У 2013 годзе аблвыканкам і прыватная фірма, адным з заснавальнікаў якой быў зяць Карніцкай, заключылі інвэстыцыйную дамову. Кампанія цягам 6 месяцаў павінна была рэалізаваць праект «Арганізацыя вытворчасьці фарбаваных фасадаў паводле індывідуальных замоў» у Рэчыцы.
На погляд абвінавачаньня, праект ня быў рэалізаваны ў час, тэрміны здачы аб’екту зацягваліся, у інвэстыцыйную дамову з ініцыятывы Карніцкай уносіліся зьмены.
Дзеяньні чыноўніцы, паводле абвінавачаньня, былі накіраваныя на атрыманьне матэрыяльнай выгады для свайго зяця і, як вынік, для сваёй дачкі, «чый матэрыяльны дабрабыт ёй быў важны ў сілу сваяцкіх адносін».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь ссунулася ў горшы бок у штогадовым індэксе ўспрыняцьця карупцыіКарніцкая нібыта спрыяла, каб фірму, якая ня выканала інвэстыцыйную дамову, вызвалілі ад налічэньня пені, штрафаў за пратэрміноўку, пазбаўленьня прадстаўленых ільготаў як інвэстару (падатак на дададзеную вартасьць пры ўвозе абсталяваньня з-за мяжы).
Такія дзеяньні чыноўніцы сьледзтва назвала «кар’ерызмам, жаданьнем упрыгожыць сапраўдны стан рэчаў, імкненьнем пазьбегнуць прыцягненьня да адказнасьці за неналежнае выкананьне службовых абавязкаў па забесьпячэньні рэалізацыі інвэстыцыйных дамоваў».
Паводле абвінавачаньня, вытворчасьць не была наладжаная, але аблвыканкам прыняў аб’ект як рэалізаваны праект. Кампэтэнтныя службы далі сваю згоду на яго прыёмку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Справа мэдыкаў»: суд пакараў кіраўніка водагразелячэбніцы, якога «чорт спакусіў»Падсудная: «З абвінавачаньнем я катэгарычна ня згодная»
Эльвіра Карніцкая катэгарычна не прызнала віну. Яна хацела выказаць сваё стаўленьне да абвінавачаньня, але суд ня даў ёй выказацца на дадзеным этапе. Былая чыноўніца толькі пасьпела сказаць, што абвінавачаньне яна лічыць надуманым, а сьледзтва па справе — аднабаковым і неаб’ектыўным.
«Я не вінаватая і буду даказваць гэта ў судзе. Разьлічваю, што суд разьбярэцца. Але з абвінавачаньнем я катэгарычна ня згодная», — выказалася былая старшыня камітэту.
Свае тлумачэньні ў судзе яна дасьць пасьля допыту сьведак.
Яе адвакат Дзьмітры Зайцаў сказаў, што «абвінавачаньне як мінімум заўчаснае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне падставілі». Пачалі судзіць былога дырэктара шклозаводу «Нёман» і ягонага падначаленага за хабар