Ці існуе нейкі канкрэтны ўзрост, у якім інтэлектуальны патэнцыял чалавека дасягае свайго максымуму?
Найноўшае дасьледаваньне, праведзенае навукоўцамі Гарвардзкага ўнівэрсытэту і Масачусэцкага тэхналягічнага інстытуту, даказвае, што розныя аспэкты нашага інтэлекту дасягаюць сваёй вяршыні ў розным узросьце.
У прыватнасьці, не супадаюць у часе вяршыня «цякучага інтэлекту» (fluid intelligence, які вызначае эфэктыўнасьць думаньня, рашэньня праблемаў і распазнаваньня ўзораў) і вяршыня «крышталізаванага інтэлекту» (crystallized intelligence, які адлюстроўвае набытыя чалавекам веды і яго здольнасьць дапасоўвацца да навакольля).
Згаданае дасьледаваньне выкарыстала шэраг даступных для любога чалавека онлайн-гульняў і тэстаў, якія паслужылі вызначэньню эфэктыўнасьці розных відаў пазнавальнай здольнасьці. Выкарыстаньне інтэрнэту дазволіла атрымаць патрэбныя зьвесткі ажно ад 3 мільёнаў чалавек.
Вось некаторыя высновы навукоўцаў з гэтага дасьледаваньня:
- Здольнасьць чалавека асэнсоўваць інфармацыю дасягае вяршыні ў 18–19 гадоў.
- Здольнасьць кароткачасовай памяці дасягае вяршыні ў 25 гадоў, застаецца на такім самым узроўні цягам дзесяцігодзьдзя і потым пачынае паволі паніжацца.
- Здольнасьць распазнаваць твары найбольшая ва ўзросьце 30–35 гадоў.
- Здольнасьць правільна ацэньваць чалавечыя пачуцьці найбольшая ў 40–50 гадоў.
- Максымальныя веды пра сьвет і яго разуменьне ў шырокай пэрспэктыве дасягаюцца прыблізна ў 50 гадоў і застаюцца на такім самым узроўні да 70 гадоў.