У Менску пакажуць творы нямецкага мастака Германа Штрука, які вучыў Марка Шагала тэхніцы літаграфіі.
31 студзеня ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі адкрываецца выстава «Графіка Германа Штрука». Будуць паказаныя творы нямецкага мастака з прыватнай калекцыі дасьледчыка Першай сусьветнай вайны Ўладзімера Багданава.
Аснову экспазыцыі складаюць паўсотні работ, створаных на тэрыторыі Беларусі, Літвы, Латвіі, Польшчы, дзе Герман Штрук цягам 1915–1916 гадоў служыў у складзе нямецкай арміі на Ўсходнім фронце. Гэта пэйзажы беларускіх і балтыйскіх гарадоў і мястэчак, бытавыя замалёўкі, партрэты мясцовых жыхароў.
Усяго пад уражаньнем убачанага за час вайны аўтар стварыў блізу паўтысячы работ, выдадзены шэраг кніг. Увага мастака акцэнтавалася найперш на цяжкім і галодным жыцьці людзей, якім падчас ваеннага ліхалецьця бракавала самага неабходнага.
Мастак і вайна
У актыве Ўладзімера Багданава дзясяткі выставаў у краіне і за мяжой, прысьвечаных падзеям Першай сусьветнай вайны. Але ўзровень галоўнай музэйнай установы Беларусі з гэтай тэмай ім «узяты» ўпершыню.
«Інтарэс да Германа Штрука так ці інакш стаў вынікам майго інтарэсу да Першай сусьветнай вайны, — кажа Свабодзе Ўладзімер Багданаў. — У гэтым сэнсе тая пазыцыйная вайна для нас сапраўды ўнікальная, бо мае значны культурны складнік.
Звычайна войны былі „транзытныя“ — туды-сюды пракоцяцца, усё спаляць, панішчаць — а тут варагуючыя арміі сталі на 2,5 года, даводзілася абжывацца, займацца ня толькі ваеннымі справамі. Як вынік захавалася маса дакумэнтальных сьведчаньняў таго часу — помнікі архітэктуры, цэлыя паселішчы, якіх ужо няма».
У першую чаргу, адзначае калекцыянэр, яго цікавіць Беларусь у выявах таго часу — на здымках, малюнках і г.д. У часе пошукаў выпадкова наткнуўся на ваенны альбом Германа Штрука. Аднаго позірку хапіла, каб пераканацца: работы належаць майстру высокага ўзроўню. І калі ўжо пачаў вывучаць біяграфію мастака, аказалася, што ён непасрэдна зьвязаны і зь Беларусьсю, і зь яе выбітнымі асобамі, напрыклад Маркам Шагалам.
«Спачатку купіў альбом, а потым нечакана „выскачылі“ літаграфіі, якія, верагодна, былі падрыхтаваныя да выданьня, але зь нейкіх прычынаў у альбом не ўвайшлі, — працягвае Ўладзімер Багданаў. — То бок засталася нейкая частка дадатковага накладу. Проста пашанцавала, ці гэта вынік калекцыянэрскага цярпеньня, але ўдалося набыць амаль адразу ўсю калекцыю.
Яшчэ дзясятак работ купіў пазьней, як толькі тыя недзе ўзьнікалі дадаткова. Калі такія рэчы зьяўляюцца, я ўжо загадзя ведаю: беларусам яны будуць цікавыя».
Штрук і Беларусь
Падчас ваеннай кампаніі Герман Штрук быў ня толькі нямецкім афіцэрам, але і чальцом Габрэйскага камітэту дапамогі Польшчы і Літве, аб’езьдзіў акупаваныя імпэратарскімі войскамі тэрыторыі. Разам са справаздачамі вынікам інспэкцый сталі графічныя альбомы «Зарысоўкі Літвы, Беларусі і Курляндыі» і «Аблічча ўсходняга габрэйства». На карцінах пазнаюцца жывапісныя краявіды Вільні, Ліды, Горадні, Беластоку ды іншых мясьцінаў.
Мастак Герман Штрук нарадзіўся ў 1876 годзе ў Бэрліне ў габрэйскай сям’і. Тут скончыў Акадэмію мастацтваў, праславіўся як майстар літаграфіі і афорту, увайшоў у нямецкую мастацкую эліту, удзельнічаў у творчым аб’яднаньні «Бэрлінскі Сэцэсіён». Шмат падарожнічаў: пабываў у Вялікай Брытаніі, Даніі, Злучаных Штатах, Палестыне, Швайцарыі, Швэцыі. З усіх вандровак вяртаўся са стосам накідаў.
Таксама Штрук займаўся выкладчыцкай дзейнасьцю. Ён выпрацаваў уласную тэхніку, камбінуючы розныя тэхнічныя прыёмы, гравіраваў з натуры на дошку, ня робячы накідаў. А ў 1908 годзе выпусьціў кнігу «Мастацтва афорту», якая вытрымала некалькі перавыданьняў і стала дапаможнікам для наступных пакаленьняў творцаў.
Сярод вучняў Германа Штрука былі многія знаныя творцы ХХ стагодзьдзя. Напрыклад, нямецкія мастакі Макс Слэфагт, Уры Лесэр, Ловіс Корынт. Партрэт Штрука ў выкананьні Корынта быў зроблены ў гады Першай сусьветнай вайны і будзе дэманстравацца на менскай выставе.
Герман Штрук памёр у 1944 годзе ў Хайфе, куды перабраўся на сталае жыхарства.
Сяброўства з Шагалам
Сустрэча з Германам Штрукам адыграла значную ролю ў жыцьці ўраджэнца Віцебску Марка Шагала. Яны пазнаёміліся ў 1922 годзе ў Бэрліне, дзе Шагал зрабіў першы прыпынак пасьля разьвітаньня з радзімай. Штрук навучыў калегу тэхніцы афорту і літаграфіі, і ўжо налета Шагал стварыў сэрыю графічных ілюстрацый да сваёй аўтабіяграфіі «Маё жыцьцё».
Партрэт Шагала работы Штрука таго часу таксама будзе на выставе ў Менску. З гэтай працай зьвязаная амаль дэтэктыўная гісторыя.
«Калі ў творчасьці Штрука зьявілася старонка Шагала, узьнік пэўны азарт, пачаў шукаць работы, — прыгадвае Ўладзімер Багданаў. — Паколькі гэта літаграфія, гаворка пра цэлы наклад, падфарціла двойчы, знайшоў аж два партрэты.
Адзін хацеў падарыць музэю Шагала, але нешта пайшло ня так, канфіскавала мытня. Толькі калі музэйнікі зьвярнуліся ў камітэт, работу „амніставалі“ і перадалі ў Віцебск. Другі партрэт, дзякуй Богу, дайшоў без праблемаў. І я вырашыў зрабіць падарунак на 80-годзьдзе мастацкаму музэю: там для твора лепшае месца, чым у скрыні калекцыянэра».
Першая выстава твораў Германа Штрука з прыватнай калекцыі Ўладзімера Багданава адбылася ў 2017 годзе ў віцебскім музэі Шагала і была прысьвечаная 130-годзьдзю з дня нараджэньня славутага мастака.
Выстава «Графіка Германа Штрука» будзе працаваць у Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі з 31 студзеня да 24 лютага.