Архітэктары Аляксандар Міхайлюкоў і Глеб Арлоўскі фіксуюць факты зьнішчэньня архітэктурнай спадчыны, якія адбыліся за апошнія 20-25 гадоў. Галоўная ўвага адмыслоўцаў-энтузіястаў скіраваная на гарадзкую забудову канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя, аб’екты якой не заўжды маюць ахоўны статус.
30 зруйнаваных будынкаў трапілі ў «Чорную кнігу», бо страчаныя незваротна. Каля 100 збудаваньняў і асобных архітэктурных элементаў занесены ў «Чырвоную кнігу», бо знаходзяцца пад пагрозай зьнішчэньня.
Архітэктура — як прырода: сама сябе не абароніць
Аляксандар Міхайлюкоў, дасьведчаны архітэктар-рэстаўратар, які займаўся аднаўленьнем дома-музэю Марка Шагала, Усьпенскага сабора ды іншых знакавых аб’ектаў Віцебску, тлумачыць падабенства свайго занятку з працай абаронцаў прыроды.
«Як прырода сябе ня можа абараніць сама, так і архітэктура — штучна створаная прырода. Ёсьць Чорная і Чырвоная кнігі расьлінаў і жывёлаў, іх ствараюць людзі, занепакоеныя зьнікненьнем асобных відаў. І мы ствараем Чорную і Чырвоную кнігі віцебскай архітэктуры, бо на людзях ляжыць адказнасьць за яе выгляд і захаванасьць», — кажа адмысловец.
Ягоны суаўтар і калега Глеб Арлоўскі 4 гады таму скончыў Віцебскі тэхнічны каледж па спэцыяльнасьці «Архітэктура». Падчас падрыхтоўкі дыплёмнага праекту ён зьвяртаўся да Аляксандра Дзьмітрыевіча па кансультацыі. Так яны пасябравалі.
Храмы ды палацы захаваюць і бяз нас
Аляксандар Міхайлюкоў трапіў у Віцебск у 1986 годзе па разьмеркаваньні, адвучыўшыся ў Адэскім інжынэрна-будаўнічым інстытуце. Успамінае, што быў расчараваны, бо ў тысячагадовым горадзе ўбачыў тыповыя савецкія мікрараёны, паўразбураныя цэрквы ды занядбаныя ўзоры гарадзкой забудовы стогадовай даўніны.
Віцебскім культавым збудаваньням, палацам ды іншым буйным архітэктурным аб’ектам яшчэ пашанцавала, лічыць Міхайлюкоў. Яны трапілі ў сьпіс гістарычных помнікаў, якія ахоўваюцца дзяржавай.
«Мы ж хочам паспрыяць захаваньню ня менш цікавай гарадзкой забудовы пачатку ХІХ — канца ХХ стагодзьдзяў. Сучасныя гаспадары не ўдзяляюць вялікай увагі вонкаваму выгляду такіх будынкаў: закладаюць дзьвярныя праёмы, „зразаюць“ гаўбцы, зьнішчаюць арыгінальныя парэнчы, ручкі, ліштвы», — кажа архітэктар.
Такія «рухомыя каштоўнасьці» — найбольш уразьлівая катэгорыя архітэктурных элемэнтаў з зафіксаваных у Чорнай ды Чырвонай кнігах.
Чым далей ад гістарычнага цэнтру, тым больш архітэктурных стратаў
Апрача катэгорыі «Рухомыя каштоўнасьці», складальнікі Чорнай ды Чырвонай кніг разглядаюць яшчэ дзьве — «Горадабудаўніцтва» і «Архітэктура». Першая — гэта страты ў комплексным выглядзе забудовы: прыкладам, калі на вуліцы зносяць частку гістарычных будынкаў і ўзводзяць на іх месцы сучасныя. Другая — асобна ўзятыя архітэктурныя аб’екты, якія зьніклі ці апынуліся пад пагрозай.
«Найчасьцей мы фіксуем страты — поўныя ці частковыя — у раёнах, аддаленых ад гістарычнага цэнтру. Напрыклад, кандыдаты ў „Чорную кнігу“ — два стогадовыя дамы па вуліцы Цітова, асуджаныя на знос дзеля рэканструкцыі Полацкага віядука.
У „Чырвонай кнізе“ — дом на вуліцы Лявонава, які паступова траціць свой аўтэнтычны выгляд і можа быць зьнесены ў любы момант, бо ня трапіў у пералік помнікаў архітэктуры», — кажа Глеб Арлоўскі.
Дапаможнік для наступнікаў
Глеб Арлоўскі і Аляксандар Міхайлюкоў ня проста каталягізуюць архітэктурныя страты: яны робяць замеры, рысуюць пляны і складаюць апісаньні першапачатковага выгляду будынкаў з улікам страчанага. Каб у лепшыя для беларускай культуры часы архітэктарам-наступнікам было прасьцей іх аднавіць.
Цяперашні «Кодэкс аб культуры», які рэглямэнтуе стаўленьне да спадчыны, не гарантуе яе захаванасьці, лічыць спадар Міхайлюкоў: «Ахоўныя палажэньні прапісаны недасканала, і таму заканадаўства можна абысьці».
Фрагмэнты з Чырвонай і Чорнай кніг віцебскай архітэктуры ўжо сталі тэмамі публічных лекцый Міхайлюкова і Арлоўскага, якія можна паглядзець онлайн. З часам архітэктары плянуюць разьмясьціць свой збор у інтэрнэце.