Парлямэнт Вялікай Брытаніі 29 студзеня галасаваў па шэрагу паправак, зьвязаных з плянамі на выхад краіны з Эўразьвязу. Як піша BBC, прэм’ер-міністарку Тэрэзу Мэй выправілі ў Брусэль на новыя перамовы з Эўразьвязам.
Сам Эўразьвяз раней адмаўляўся аднаўляць перамовы па Brexit: у межах таго, што хоча ўрад Брытаніі, нічога новага прапанаваць ня змогуць. Але Тэрэза Мэй заявіла, што маючы цяперашні мандат ад брытанскіх дэпутатаў, будзе дамагацца зьменаў у пагадненьні з Эўразьвязам, у якога, адзначыла яна, «мала энтузіязму».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: The Times: брытанскі ўрад гатовы ўвесьці ваеннае становішча ў выпадку «жорсткага» BrexitДэпутаты не ўхвалілі тры прапановы адкласьці Brexit на 9 месяцаў, калі ня ўдасца ўхваліць пагадненьне па выхадзе і яго наступствах да 26 лютага.
Але была прынятая папраўка, якая забараняе выхад з Эўразьвязу без усялякіх пагадненьняў (варыянт, які называюць «no deal», дапускаў выхад без гандлёвых і мытных пагадненьняў з Эўразьвязам).
З магчымых пагадненьняў вырашылі выключыць пункт, які дазволіў бы застацца Паўночнай Ірляндыі (частцы Каралеўства) у мытным зьвязе з Эўразьвязам (у тым ліку зь незалежнай Рэспублікай Ірляндыяй – часткай Эўразьвязу). Мэй даручылі выпрацаваць у Брусэлі новы варыянт пытаньня мяжы ў Ірляндыі: брытанскіх дэпутатаў і шматлікіх ірляндцаў не задавальняе і той варыянт, калі між дзьвюма краінамі на востраве адновіцца «жорсткая» мяжа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Вялікай Брытаніі атрымаў вотум даверу зь перавагай у 19 галасоўТакім чынам, выхад Брытаніі з Эўразьвязу па-ранейшаму прызначаны на 29 сакавіка, абавязкова павінна зьявіцца нейкая ўгода з Эўразьвязам па тым, што будзе пасьля выхаду, а ўгода, прапанаваная Тэрэзай Мэй, па-ранейшаму адхіленая (у першы раз дэпутаты адхілілі ейны плян 15 студзеня, затым 21 студзеня адхілілі альтэрнатыўныя прапановы Мэй). Наступнае галасаваньне па пагадненьні з Эўразьвязам у брытанскім парлямэнце мае прайсьці праз два тыдні.
Прадстаўнікі Эўразьвязу, піша BBC, цягам апошніх тыдняў некалькі разоў выказваліся адносна таго, што гатовыя абмеркаваць адтэрміноўку выхаду Брытаніі з Эўразьвязу, але хацелі б спачатку зразумець, для чаго Брытаніі патрэбная адтэрміноўка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэрэза Мэй адхіліла ідэю другога рэфэрэндуму наконт Брэксыту