Расейскія спэцслужбы забаранілі беларускай мадэлі Анастасіі Вашукевіч, вядомай як Насьця Рыбка, публічна расказваць пра мільярдэра Алега Дзерыпаску. Пра гэта сама Вашукевіч расказала ў інтэрвію CNN.
Рыбка адмовілася адказваць на пытаньне журналіста аб верагоднай датычнасьці Дзерыпаскі да ўмяшаньня ў выбары ў ЗША ў 2016 годзе. Яна ўдакладніла, што пасьля затрыманьня ў Расеі прадстаўнікі расейскіх спэцслужбаў наведалі яе ў ізалятары і «выразна далі зразумець, што трэба казаць, а што не» пра бізнэсоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Разварушыла асінае гняздо». Якой памятаюць у Бабруйску Насьцю РыбкуУ 2018 годзе Рыбка стала гераіняй расьсьледаваньня Аляксея Навальнага пра віцэ-прэм’ера Сяргея Прыходзьку і бізнэсоўца Алега Дзерыпаску. Нагодай для расьсьледаваньня сталі кніга і публікацыі ў Інстаграме Рыбкі. Мадэль сьцьвярджала, што мільярдэр абмяркоўваў з расейскім чыноўнікам ўмяшаньне ў выбары прэзыдэнта ЗША.
Пасьля выхаду расьсьледаваньня беларускую мадэль, а таксама Аляксандра Кірылава, які называе сябе Алексам Лэсьлі, затрымалі ў Тайляндзе, абвінаваціўшы ў арганізацыі незаконных сэкс-трэнінгаў. Дзевяць месяцаў яны правялі ў турме, пасьля чаго іхм прысудзілі ўмоўны тэрмін і дэпартавалі. Калі Рыбка і Лэсьлі прыляцелі ў Маскву, іх зноў затрымалі — гэтым разам паводле падазрэньня ва ўцягваньні ў прастытуцыю. Пазьней іх адпусьцілі з паліцыі пад абавязаньне аб яўцы.
Юрысты Дзерыпаскі запатрабавалі прымусова спагнаць з Рыбкі і Лэсьлі, адзін мільён рублёў, які суд абавязаў іх выплаціць паводле пазову аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі расейскага мільярдэра.
Хто такая Насьця Рыбка і чаму мы пра гэта пішам?
28-гадовая грамадзянка Беларусі Насьця Рыбка (Вашукевіч) стала вядомая пасьля расьсьледаваньня расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага пра магчымыя карупцыйныя сувязі мільярдэра Алега Дзерыпаскі і намесьніка кіраўніка ўраду Расеі Сяргея Прыходзькі.
Улетку 2016 году алігарх і чыноўнік, плаваючы разам на яхце, нібыта абмяркоўвалі ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары. На гэтай яхце ў ліку іншых дзяўчат з эскорт-агенцтваў была і Вашукевіч. Пазьней пра тое, што адбывалася на яхце Дзерыпаскі, яна расказала ў сваёй кнізе і ў сацыяльных сетках.
«У Беларусь я больш ні нагой». 10 фрагмэнтаў з кнігі Насьці Рыбкі
У канцы лютага 2018 году Вашукевіч і яшчэ 7 чалавек затрымалі ў Патаі. Паводле ўладаў, яны арганізоўвалі «сэкс-трэнінгі», ня маючы дазволу працаваць у Тайляндзе. У студзені 2019-га затрыманым прысудзілі ўмоўны тэрмін і дэпартацыю.
17 студзеня чатырох дэпартаваных затрымалі ў маскоўскім аэрапорце Шарамецьева. Гэта грамадзяне Беларусі Анастасія Вашукевіч, Андрэй Жэшка, ураджэнец Беларусі Аляксандр Кірылаў (галоўны арганізатар сэкс-трэнінгаў) і грамадзянка Расеі Марыя Жарко. Паводле жонкі Кірылава Крысьціны, затрыманым інкрымінуюць уцягваньне ў заняткі прастытуцыяй (ч. 2 арт. 240 КК РФ).
Турму для Рыбкі замовіў расейскі мільярдэр: доказы Навальнага
22 студзеня Аляксандар Лукашэнка загадаў «тэрмінова заняцца» вызваленьнем Вашукевіч, пасьля яе і Кірылава вызвалілі пад падпіску аб яўцы.