30 студзеня ў Берасьці будуць судзіць Юлію Нічыпарук па справе «аб сьнегавіках». Як вынікае з пратаколу, міліцыянты палічылі несанкцыянаваным пікетам тое, што яна наляпіла на сьнегавік дзьве ўлёткі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем.
Свабода згадала, якія яшчэ недарэчныя справы заводзіла беларуская міліцыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры беларускія супэргероі, якіх штрафуе міліцыя1. Справа глуханямога, які «выкрыкваў» антыдзяржаўныя лёзунгі
У канцы 2010 году менская міліцыя выявіла, што нехта С. Антонаў браў удзел у акцыі 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці і выкрыкваў антыдзяржаўныя лёзунгі. Аднак на судзе С. Антонаў ня змог патлумачыць свае дзеяньні, бо аказаўся глуханямым. Справу накіравалі на дапрацоўку. Пазьней прадставілі вэрсію, што Антонаў трымаў у руках плякат «Сыходзь», але ўрэшце адпусьцілі, так і не аштрафаваўшы.
2. Справа інваліда без рукі, які «пляскаў у ладкі»
У 2011 годзе па Беларусі пракацілася хваля «маўклівых пратэстаў». Удзельнікі акцый зьбіраліся ў людных месцах бязь лёзунгаў і транспарантаў, а на загад міліцыі разысьціся пачыналі моўчкі пляскаць у ладкі. У Менску такія штотыднёвыя акцыі зьбіралі тысячы людзей, у асноўным моладзі, лік затрыманых ішоў на сотні. Былі такія ж акцыі і ў рэгіёнах.
Падчас «маўклівага пратэсту» ў Горадні міліцыя затрымала Канстанціна Капліна, якога аштрафавалі за тое, што «пляскаў у ладкі» на 1 мільён рублёў (200 даляраў на тыя часы). Праўда, з шасьцігадовага ўзросту Каплін ня мае адной рукі. За тое, што нават аднарукага можна аштрафаваць за несанкцыянаваныя воплескі, Аляксандар Лукашэнка атрымаў у 2013 годзе Шнобэлеўскую прэмію.
3. Справа лялек-пратэстоўцаў
22 лютага 2012 году актывіста «Гавары праўду», былога палітвязьня Паўла Вінаградава судзілі за акцыю каля Менгарвыканкаму, у якой ён дакладна ня браў удзелу.
За 10 дзён перад тым на клюмбе каля будынку выканкаму зьявіліся мяккія цацкі з плякатамі ў руках. Цацачныя мядзьведзікі і сабачкі патрабавалі свабоды прэсы, вызваленьня палітвязьняў і скардзіліся, што міліцыя адарвала ім вока.
Актывістаў побач з цацкамі відаць не было, між тым у правядзеньні акцыі абвінавацілі кіраўніка моладзевага крыла «Гавары праўду» Паўла Вінаградава. У судзе супраць актывіста сьведчыў міліцыянт, якога Вінаградаў не пазнаў. На знак пратэсту перад пачаткам працэсу актывіст абвясьціў галадоўку, але Маскоўскі суд усё роўна прысудзіў яму 10 сутак арышту.
4. Справа Мацкевіча, які быў за мяжой, а міліцыянты бачылі яго на мітынгу
Падобная гісторыя паўтарылася ў лютым 2016-га. Да адміністрацыйнай адказнасьці быў прыцягнуты палітоляг Уладзімер Мацкевіч — міліцыянты сьцьвярджалі, што ён нібыта браў удзел у несанкцыянаваным мітынгу ў падтрымку прадпрымальнікаў. Гэты мітынг прайшоў 15 лютага ў Менску, мітынгоўцы насілі пэтыцыю ў Міністэрства гандлю, а міліцыянты здымалі акцыю на відэа. На працэсе над Мацкевічам у Цэнтральным раённым судзе Менску сьведкі-міліцыянты казалі, што дакладна бачылі на мітынгу Ўладзімера Мацкевіча і нават прадставілі фатаздымак. Між тым філёзаф заявіў, што ў той дзень нават ня быў у Беларусі, і прадэманстраваў пашпарт з адзнакамі аб перасячэньні мяжы, якія гэта даказвалі.
У выніку справу накіравалі на дапрацоўку, а потым увогуле закрылі.
5. Справа фатографа, які зрабіў фота швэдзкіх плюшавых мядзьведзікаў
У ліпені 2012 года здарыўся інцыдэнт з пралётам празь беларускую мяжу швэдзкага лёгкаматорнага самалёта, які раскідаў над Івянцом і пад Менскам плюшавых мядзьведзікаў з плякатамі аб свабодзе слова.
Першым зрабіў фоты гэтых цацак і выклаў здымкі ў інтэрнэт малады журналіст Антон Сурапін. У выніку ён атрымаў вялікія праблемы. Больш за месяц Антон правёў у сьледчым ізалятары КДБ паводле падазрэньня ў падрыхтоўцы незаконнага перасячэньня швэдамі дзяржаўнай мяжы, яму пагражала 7 год турмы. Пасьля ізалятара КДБ малады журналіст яшчэ год быў пад падпіскай аб нявыезьдзе, і толькі ў чэрвені 2013 году КДБ афіцыйна абвясьціў пра спыненьне крымінальнага перасьледу Антона Сурапіна.
Арышт Сурапіна ўзначаліў дзясятку самых абсурдных арыштаў году ў рэйтынгу Аmnesty International.
6. Справа за фатасэсію з «птушкамі і клеткамі»
У лістападзе 2014 году 7 жыхароў Віцебску правялі фатасэсію, прымеркаваную да міжнароднай акцыі салідарнасьці «Паўстанем за журналістыку». Яны зьняліся на фоне сьцяны зь вядомым у горадзе графіці, на якім былі выявы трох клетак і птушкі, што вылятае з клеткі. Пры гэтым усе ўдзельнікі фатасэсіі трымалі ў руках птушак з газэт, а тры зь іх яшчэ і прычапілі да вопраткі сымбалічныя папяровыя клеткі. Фота выклалі ў інтэрнэт, дзе на яго адразу зьвярнулі ўвагу віцебскія міліцыянты. Праваахоўнікі палічылі, што ўдзельнікі фатасэсіі парушылі закон аб масавых акцыях.
У выніку цягам месяца ўсіх знайшлі і асудзілі. Журналісты Алена Сьцяпанава, Зьміцер Казакевіч, Кастусь Мардзьвінцаў, праваабаронца Павал Левінаў ды актывісты БХК Тацяна Севярынец і Алена Шабуня былі аштрафаваныя на 18–25 базавых велічынь, а жыхар Віцебску Пётар Берлінаў, які, паводле іншых, выпадкова далучыўся да здымак, увогуле адбыў 3 дні пад адміністрацыйным арыштам.
Справа за фатаграфаваньне «з птушкамі і клеткамі» займела шырокі грамадзкі рэзананс, у тым ліку міжнародны. Міжнародная фэдэрацыя журналістаў (IFJ) і БАЖ выступілі з адкрытым лістом у падтрымку ўдзельнікаў фатасэсіі. А прадстаўнікі IFJ правялі акцыю салідарнасьці зь віцебскімі калегамі — паўтарылі іхнюю фатасэсію ў Брусэлі, трымаючы ў руках папяровых птушак і клеткі, а таксама шыльдачкі з надпісам: «Хіба гэта злачынства?».
7. Справа аб акцыі зь «белымі аркушамі»
1 траўня 2017 году ў Берасьці 4 мясцовыя актывісты выйшлі ў цэнтар гораду да кінатэатру «Беларусь», дзе разгарнулі чыстыя аркушы паперы. Меркавана, гэта быў пратэст супроць затрыманьняў і штрафаў, зьвязаных зь нядаўнімі акцыямі «недармаедаў» у горадзе. Між тым на белых плякатах, якія трымалі ўдзельнікі акцыі, ніякага тэксту ўвогуле не было. Флэшмоб працягнуўся ўсяго некалькі хвілінаў, і трох удзельнікаў акцыі затрымалі.
На наступны дзень суд Ленінскага раёну Берасьця прызнаў усіх вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі і арыштаваў Уладзімера Казлоўскага на 10 сутак, а Інгу Абрамаву і Аляксея Самайлюка аштрафаваў адпаведна на 230 і 345 рублёў. На абскарджаньні пастановы ў абласным судзе Ўладзімер Казлоўскі тлумачыў, што ягоная віна не была даказаная, і згадваў паказаньні міліцыянтаў, якія сьведчылі, што ён нічога не прамаўляў і лёзунгаў не выкрыкваў. Казаў актывіст і пра белы аркуш, які трымаў у руках. Аднак Берасьцейскі абласны суд не знайшоў падстаў, каб адмяніць ранейшы прысуд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад вазка з гноем да аголеных Femen. Самыя скандальныя палітычныя пэрформансы ў Беларусі