Тры структуры (Аб’яднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт у справе стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і рух «За свабоду»), якія называюць сябе Правацэнтрысцкай кааліцыяй, абвясьцілі аб правядзеньні праймэрыз — працэдуры, шляхам якой яны спадзяюцца вызначыць адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году.
На падобных выбарах у 2006 годзе адзіным кандыдатам ад апазыцыі быў абраны Аляксандар Мілінкевіч.
Цяпер ужо вядомыя імёны трох прэтэндэнтаў на гэтых праймэрыз: выканаўца абавязкаў старшыні АГП Мікалай Казлоў, сустаршыня БХД Павал Севярынец, кіраўнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.
Юрась Губарэвіч сказаў Свабодзе, што фактычна застаецца нявырашаным адно пытаньне: альбо сьпіс удзельнікаў праймэрыз абмяжуецца трыма згаданымі прозьвішчамі, альбо да абраньня адзінага кандыдата будуць далучаныя і іншыя прэтэндэнты з трох структураў. Напрыклад, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, якая ўваходзіць у АГП.
Свабода высьветліла стаўленьне да ідэі «праймэрыз» іншых апазыцыйных партый.
БНФ: Зьезд супраць усялякіх кааліцыяў
Бліжэй за ўсіх паводле праграмных каштоўнасьцяў да правацэнтрыстаў стаіць Партыя БНФ. Але яе лідэр Рыгор Кастусёў заявіў Свабодзе, што БНФ ня будзе ўдзельнічаць у праймэрыз:
«30 верасьня 2017 году адбыўся справаздачна-выбарчы зьезд партыі БНФ. Тады дэлегаты прагаласавалі за тое, што Партыя БНФ удзельнічае ў парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбарах як самастойная сіла. Для мяне рашэньне зьезду — гэта закон».
На пытаньне Свабоды, ці спадзяецца партыя БНФ самастойна сабраць 100 тысяч подпісаў выбарнікаў, якія неабходныя для вылучэньня прэтэндэнта на прэзыдэнцтва, Кастусёў адказаў, што партыя цяпер працуе над пашырэньнем сваіх магчымасьцяў для збору подпісаў.
Зялёныя наагул ігнаруюць прэзыдэнцкія выбары
Беларуская партыя зялёных фактычна ігнаруе прэзыдэнцкія выбары, сказаў намесьнік старшыні партыі Дзьмітрый Кучук. Ён тлумачыць гэта тым, што партыя ня мае шанцаў на посьпех у гэтай кампаніі.
Кучук заявіў, што партыя ўсю ўвагу аддае выбарам у Палату прадстаўнікоў. Маўляў, партыя зьбіраецца скарыстаць досьвед зялёных з эўрапейскіх краін.
«Мы працуем над сучаснымі экалягічнымі лёзунгамі. Пад імі і будзем праводзіць парлямэнцкую кампанію», — кажа намесьнік старшыні партыі.
БСДП: у нас розныя каштоўнасьці
Ігар Барысаў — старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) кажа, што пытаньне аб праймэрыз абмяркоўвалася ў партыйных структурах. Але прыхільнікаў далучэньня да гэтай працэдуры няшмат.
«У нас і ў правацэнтрыстаў усё ж істотна розныя погляды. БСДП (Грамада) — партыя, якая прапаведуе левыя каштоўнасьці. Уявіце, што мы далучыліся да ідэі праймэрыз. Якая тады будзе агульная сытуацыя? Адзін да трох. Ці нам такое патрэбна?!»
БСДГ: арыентуемся толькі на парлямэнцкія выбары
Сяргей Чэрачэнь, які нядаўна зьмяніў Станіслава Шушкевіча на пасадзе старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, заявіў Свабодзе, што партыйны актыў пакуль не абмяркоўваў удзел у прэзыдэнцкай кампаніі.
«Мы дыскутавалі толькі аб парлямэнцкіх выбарах. Для нас гэта найбольш прадуктыўная і адказная кампанія. Абраньне кіраўніка дзяржавы будзем абмяркоўваць пазьней. Калі мы выбудуем добрыя структуры падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў, то тады будзем думаць і пра ўдзел у выбарах кіраўніка дзяржавы», — сказаў Сяргей Чэрачэнь.
«Гавары праўду» пойдзе на выбары самастойна
Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» не зьбіраецца ўдзельнічаць у нейкіх кааліцыях. Як сказаў Свабодзе адзін з двух яе лідэраў — Андрэй Дзьмітрыеў, «Гавары праўду» ўпэўненая, што зможа самастойна сабраць 100 тысяч подпісаў за свайго кандыдата.
Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі маюць адбыцца не пазьней як у 2020 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітыкі і палітолягі назвалі 10 адметнасьцяў будучай прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі