Камуфляж пад «жоўтымі камізэлькамі»: што баевікі з Данбасу робяць у францускіх пратэстах

Ілюстрацыйны фота. Сьцяг групоўкі «ДНР» падчас пратэстаў у сталіцы Францыі

Ужо некалькі месяцаў у Францыі не спыняюцца масавыя пратэсты. І хоць у маніфэстантаў няма лідэра або адзінага арганізацыйнага цэнтру, у студзені ў «жоўтых камізэлек» зьявілася ўласная ахова. Сярод удзельнікаў гэтай ініцыятывы — нярэдка людзі з баявым вопытам. Больш за тое, у іх шэрагах распазналі французаў, якія ваявалі на Данбасе ў складзе груповак баевікоў «ЛНР» і «ДНР». Хто яны? Чым займаліся на ўсходзе Ўкраіны і чаму цяпер апынуліся ў эпіцэнтры францускіх пратэстаў? Тэму дасьледавалі журналісты спэцыяльнага праекту Радыё Свабода «Донбасс. Реалии».

​Дзясяткі тысяч пратэстоўцаў на вуліцах францускіх гарадоў. Масавае супрацьстаяньне з паліцыяй. Сотні параненых і арыштаваных. Акцыі, якія пачыналіся як пратэст супраць павышэньня цэн на паліва, перарасьлі ў антыўрадавыя.

Падчас маніфэстацыі 12 студзеня ў Парыжы ў аб’ектывы тэлекамэр трапіла трохі незвычайнае. У «жоўтых камізэлек» зьявілася ўласная служба, якая сочыць за парадкам. Тых, хто ў ёй знаходзіцца, можна ідэнтыфікаваць па белых нарукаўных павязках. Адзін з іх — у барэце францускага дэсантніка спрабуе кантраляваць калёну маніфэстантаў.

«На кожнай акцыі пратэсту павінны прысутнічаць прадстаўнікі ўнутраных службаў, каб прадухіліць гвалт і паказаць шараговым французам, а таксама міністрам і ўраду, што вельмі часта гвалт адбываецца не па нашай віне, а з прычыны правакацыі сілавікоў», — кажа прадстаўнік так званай службы бясьпекі «жоўтых камізэлек» выданьню Huffington Post.

Чалавекам у барэце аказаўся Віктор-Альфонса Лента. Чалавек, які цяпер заклапочаны папярэджаньнем гвалту ў Парыжы, некалькі гадоў таму ўжо зьяўляўся перад камэрамі. Але тады яго намеры былі зусім іншымі.

Служба бясьпекі «жоўтых камізэлек» ці «рускі мір»?

У 2014-м Лента прыехаў у Данбас, каб ваяваць на баку баевікоў. Ён хутка ператварыўся ў аднаго з герояў расейскай телепрапаганды, пазіруючы перад камэрамі са снайпэрскай вінтоўкай у руках. Але, як распавёў праекту «Донбасс.Реалии» францускі журналіст Поль Гаго, які расьсьледаваў дзейнасьць сваіх суайчыньнікаў у складзе груповак «ЛНР» і «ДНР», гэтым удзел Віктора-Альфонса Ленто ў вайне на ўсходзе Ўкраіны не абмежаваўся.

«Калі мы пісалі пра яго дзейнасьць на Данбасе, то даведаліся, што ён быў удзельнікам баявой групы „Кантынэнтальнае адзінства“. У гэтай групы, куды ўваходзілі замежнікі, была вельмі дрэнная рэпутацыя. Пра іх гаварылі як пра сапраўды жорсткіх людзей. У нас няма пацьверджаньня, але мы таксама атрымалі інфармацыю ад калегаў, якія злавалі на Лента за тое, што ён катаваў людзей на Данбасе», — распавядае Поль Гаго.

Поль Гаго, францускі журналіст

Паводле слоў самога баевіка, да вайны ў Данбасе ён служыў у францускай арміі. Удзельнічаў у апэрацыях у Аўганістане, Чадзе, Габоне. У Францыі яго таксама называюць актыўным удзельнікам праварадыкальных рухаў. У мясцовай прэсе пішуць, што менавіта таму яго адхілілі ад службы. Сам баявік такія абвінавачаньні абвяргае.

«Французы, якія прыехалі ў Данбас, былі сябрамі радыкальных груп, радыкальных палітычных партый. Частка — крайнія левыя, але большасьць — крайнія правыя. Яны прыехалі на Данбас, каб змагацца супраць капіталізму, супраць алігархаў, супраць NATO, супраць эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Супраць усяго таго, што яны ненавідзяць. Менавіта таму, думаю, цяпер мы бачым частку зь іх сярод удзельнікаў пратэстаў у Парыжы. Для іх рух „жоўтых камізэлек“ — гэта таксама спосаб барацьбы супраць капіталізму і алігархаў», — працягвае францускі журналіст Поль Гаго.

Мюнье — яшчэ адзін француз на «службе» у баевікоў

Яшчэ адзін грамадзянін Францыі, ваяваў у групоўках «ДНР» і «ЛНР», а цяпер засьвяціўся ў мясцовым пратэстным руху — Сяргей Мюнье.

Да баевікоў ён далучыўся ў чэрвені 2014 году. Кажа: спачатку выконваў ролю вайсковага інструктара. Але не хавае і свайго ўдзелу ў баявых дзеяньнях на перадавой. Пра гэта ён распавёў у гутарцы з журналістам «Донбасс.Реалии» па відэа-сувязі.

«Ліпень 2014 году — Пяскі, жнівень — Ілавайск, 2015-ы — Мар’інка, Дэбальцава. З 2016-га — Жабунькі, гэта каля аэрапорту, і нарэшце, Аўдзееўка», — распавёў Мюнье.

Сяргей Мюнье, грамадзянін Францыі, які ваяваў у групоўках баевікоў «ЛНР» і «ДНР»

Паводле яго сьцьвярджэньня, Мюнье нарадзіўся ў Луганску, эміграваў у 10-гадовым узросьце. Да вайны, як кажа, некалькі гадоў служыў рэзэрвістам ў францускай арміі, але пасьля ўдзелу ў вайне на ўсходзе Украіны яго звольнілі.

«За самавольную ўдзел у баявых дзеяньнях у іншай краіне супраць інтарэсаў ўраду Францыі. Францыя не дапускае таго, каб хтосьці ваяваў па сваёй уласнай волі дзе заўгодна», — кажа экс-баявік групоўкі «ДНР» Сяргей Мюнье.

Сваё рашэньне ваяваць на баку баявікоў на Данбасе Мюнье ня лічыць памылковым, але адначасова выступае за спыненьне агню.

«Падчас нашага расьсьледаваньня мы даведаліся: большасьць зь іх — найміты, ім плацілі за тое, што яны там ваявалі. Але яны без праблем змаглі вярнуцца ў Францыю. Мы гэтаму вельмі зьдзівіліся. Мы ня ўбачылі ў францускіх уладаў волі, каб разабрацца ў тым, чым яны займаліся на Данбасе», — распавядае францускі журналіст Поль Гаго.

Якім будзе адказ перад законам?

З запытам аб тым, як дзейнічае ўкраінскі бок, каб грамадзяне Францыі, якія ваявалі на баку баявікоў на Данбасе, былі прыцягнуты да адказнасьці, журналісты «Донбасс.Реалии» зьвярнуліся ў Службу бясьпекі Ўкраіны.

«На сёньня крымінальныя вытворчасьці па падазрэньні грамадзян Францыі адносна ўдзелу ў незаконных вайсковых фармаваньнях сьледчымі органамі бясьпекі не расьсьледаваліся», — такі адказ ад СБУ атрымалі журналісты «Донбасс.Реалии» на свой запыт.

У МЗС Францыі заяўляюць пра пачатак расьсьледаваньня магчымага ўмяшаньня Расеі ў сувязі з пратэстамі «жоўтых камізэлек». Сам Мюнье адмаўляе любыя кантакты з расейскімі спэцслужбамі.