Менскі мікрараён Навінкі разрастаецца ў бок Цнянскага вадасховішча. Па другі бок вуліцы быў скандал зь перакупліваньнем кватэраў.
Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб зьменах у генэральны плян Менску (PDF). Паводле ўказу, зь ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоны між мікрараёнам «Навінкі» і Цнянскім вадасховішчам вымаецца ўчастак у 24 гектары для пабудовы шматкватэрных дамоў і школы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паркаў і сквэраў у Менску на 38% менш за норму. І дасягаць нормы не зьбіраюццаГэта ўчастак на ўсходнім баку вуліцы Паўліны Мядзёлкі. Там цяпер землі сельскагаспадарчага прызначэньня — зносіць нічога не давядзецца. У 2009 годзе на месцы тутэйшых палёў пачалі праектаваць мікрараён «Паўночны» і нават далі назвы будучым вуліцам. Але Аляксандар Лукашэнка абурыўся, што пад будаўніцтва аддаюць палеткі, і пляны скасавалі.
Па другі бок вуліцы вядзецца будаўніцтва, дзе патэнцыйныя пакупнікі наракалі на масавае перакупліваньне кватэраў па 600–650 даляраў за м² — падобна, менавіта пра гэты раён казаў Лукашэнка, калі ў лістападзе расказваў, што «адзін курносы ці ўдвох» скупілі і перапрадалі дзясяткі кватэраў па такой цане. Тады Лукашэнка даў загад «усіх у сьледчы ізалятар, надзець кайданкі, разабрацца і вярнуць грошы народу», бо пабачыў магчымую карупцыйную схему — і загадаў узмацніць адказнасьць за карупцыйныя злачынствы.
У Беларусі нярэдка ўзьнікаюць канфлікты з забудовай і «ўшчыльненьнем» жылых раёнаў. Бываюць нават праціўнікі будаўніцтва ў чыстым полі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канапацкая прапанавала зьмяніць правілы абмеркаваньня забудовы на карысьць грамадзянаўТак, жыхары пасёлка Сонечны, што ля менскага «Экспабелу», нядаўна расказвалі Naviny.by, што будаўніцтва новага жытла ля іхных дамоў пачалі без належнага грамадзкага абмеркаваньня і без вырашэньня ўжо наяўных праблемаў – вузкіх дарог безь сьвятлафораў, адсутнасьці дзіцячых садкоў, школаў і паліклінік.
У сьнежні мінулага году Лукашэнка таксама адсякаў частку ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоны Менску пад забудову — у тым ліку 0,13 гэктары асабліва ахоўнай тэрыторыі заказьніка «Лебядзіны», дзе на той момант кампанія «Тапас» ужо пачала будаўніцтва забаўляльнага комплексу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сытуацыя катастрафічная». Ці выжыве менскі заказьнік пасьля забудовы кампаніяй хакеіста з каманды Лукашэнкі