Змаганьне за Вэнэсуэлу. Як дзейнічаюць ЗША і Расея

Баец Нацыянальнай гвардыі Вэнэсуэлы насупраць маніфэстантаў, 23 студзеня 2018

Масавыя антыўрадавыя дэманстрацыі ў вэнэсуэльскіх гарадах на час пачынаюць сьціхаць. Старшыня Нацыянальнай асамблеі Вэнэсуэлы Хуан Гуайдо, які абвясьціў сябе часовым лідэрам дзяржавы і якога падтрымліваюць ЗША і многія іншыя краіны, тым часам паведаміў, што рыхтуе адхіленьне ад улады Нікаляса Мадура, афіцыйна абранага прэзыдэнта.

Адначасова зьяўляюцца ўсё новыя сьведчаньні пастаянных спробаў і Масквы, і Вашынгтону паўплываць на разьвіцьцё падзей у Вэнэсуэле — якую абодва бакі разглядаюць, відавочна, як чарговае поле сутыкненьня сваіх інтарэсаў, — піша аглядальнік расейскай службы Радыё Свабода Аляксандр Госьцеў.

Новыя маштабныя пратэсты вэнэсуэльскія апазыцыянэры маюць намер арганізаваць у канцы гэтага тыдня. Хуан Гуайдо ў нядзелю, 27 студзеня, зноў заклікаў узброеныя сілы Вэнэсуэлы пераходзіць на бок народу і не выконваць загады ўраду Нікаляса Мадура па разгоне мірных акцый апазыцыі.

Камандаваньне вэнэсуэльскай арміі пакуль заяўляе аб вернасьці Мадура, які наведаў у нядзелю адну з вайсковых частак. Аднак, напрыклад, ваенны аташэ Вэнэсуэлы ў Вашынгтоне Хасэ Люіс Сыльва 26 студзеня абвясьціў, што прызнае прэзыдэнта Гуайдо.

Раней Мадура падчас выступу ў прамым радыёэфіры прапанаваў Хуану Гуайдо сустрэцца асабіста для перамоваў, прычым «хоць на піку Гумбальдт ў 3 гадзіны ночы» (другая найвышэйшая вяршыня Вэнэсуэлы. — РС). Аднак Гуайдо адмовіўся, адказаўшы: «Дыктатарскі рэжым, калі ціск расьце, прызвычаіўся перш за ўсё ўжываць рэпрэсіі. А потым ён ідзе на фальшывы дыялёг. Але на фальшывы дыялёг ніхто ня пойдзе».

Падразьдзяленьне Нацыянальнай гвардыі наступае на маніфэстацыю апазыцыі, 25 студзеня 2018

Хуан Гуайдо даў вялікае інтэрвію амэрыканскай газэце The Washington Post, у якім распавёў пра «далікатныя» перамовы лідэраў апазыцыі з вышэйшымі вэнэсуэльскімі чыноўнікамі і вайскоўцамі, на якіх абмяркоўваюцца спосабы адхіленьня Нікаляса Мадура ад улады. Старшыня Нацыянальнай асамблеі таксама паведаміў аб плянах апазыцыі ўзяць пад кантроль замежныя актывы Вэнэсуэлы, часткова замарожаныя адміністрацыяй прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, у першую чаргу Citgo — разьмешчаную ў ЗША даччыную кампанію дзяржаўнай вэнэсуэльскай нафтавай кампаніі PDVSA.

Дарадца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан паабяцаў «сур’ёзныя меры ў адказ» у выпадку, калі вэнэсуэльскія спэцслужбы, падкантрольныя Мадура, створаць пагрозу для Хуана Гуайдо або для амэрыканскіх дыпляматаў, якія застаюцца ў краіне. У сваім Твітэры Болтан таксама адзначыў, што, паводле ягоных дадзеных, падтрымку ўзброеным прыхільнікам Мадура аказвае камуністычная Куба. Пры гэтым Мадура ў нядзелю адмовіўся ад вылучанага ім раней патрабаваньня да амэрыканскім дыпляматаў пакінуць краіну на працягу 72 гадзін.

Амэрыканскае выданьне Wall Street Journal і агенцтва AP высьветлілі, што Хуану Гуайдо яшчэ да таго, як ён абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам, тэлефанаваў віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс, які заявіў, што Гуайдо атрымае поўную падтрымку Вашынгтону, калі здолее зрынуць Нікаляса Мадура. Як сьцьвярджае WSJ, ёй стала вядома пра сакрэтны плян па адхіленьні Мадура ад улады, складзены высокапастаўлеными чыноўнікамі ўраду ЗША і чальцами Кангрэсу, на чале з дзяржсакратаром Майкам Пампэа і Джонам Болтанам, сумесна зь лідэрамі вэнэсуэльскай апазыцыі.

Паводле зьвестак AP, Хуан Гуайдо ў мінулым сьнежні таемна езьдзіў у Калюмбію, Бразылію і ЗША, каб узгадніць зь іх ўладамі стратэгію акцый апазыцыі. Пры гэтым мяжу з Калюмбіяй, куды зьбеглі ад сацыялістычнага рэжыму Мадура амаль 2 мільёны грамадзян Вэнэсуэлы, Гуайдо нібыта перасёк таемна, пешкі, у натоўпе звычайных мігрантаў, каб ня быць затрыманым памежнікамі.

Wall Street Journal піша, што прадстаўнікі Дональда Трампа пачалі шчыльныя перамовы з праціўнікамі праціўнікамі чавістаў у Вэнэсуэле яшчэ падчас апошніх калядна-навагодніх сьвятаў, а ў актыўную фазу гэты плян уступіў у сярэдзіне студзеня, пасьля чарговай інаўгурацыі Мадура і наступнай заявы вэнэсуэльскай апазыцыйнай Нацыянальнай асамблеі пра непрызнаньне яго прэзыдэнцтва.

А амэрыканская мэдыякарпарацыя Politico днямі зьвярнула ўвагу на гісторыю Эліята Абрамса, чалавека, прызначанага дзярждэпартамэнтам ЗША спэцпрадстаўніком па Вэнэсуэле. Менавіта яго называлі ў 2002 годзе адным з арганізатараў вайсковага путчу ў Вэнэсуэле супраць тагачаснага прэзыдэнта Уга Чавэса. Путч тады праваліўся.

Прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна Дзьмітрый Пяскоў ў нядзелю, 27 студзеня, заявіў, што Масква не адпраўляла ў Вэнэсуэлу 400 расейскіх наймітаў для аховы Нікаласа Мадура, пра што раней гучна паведаміла агенцтва Reuters. Пры гэтым Reuters, спасылаючыся на крыніцы, надзейнасьць якіх выклікае вялікія сумневы, у асноўным на самаабвешчанага «атамана казакоў-ветэранаў Данбаса» Яўгена Шабаева (якога нават самі найміты, якія ваююць на баку самаабвешчаных ДНР і ЛНР, называюць ашуканцам), напісала, што гаворка ідзе, верагодна, аб зьвязаных з Крамлём і мільярдэрам Яўгенам Прыгожыным «вагнэраўцах», якія ўдзельнічаюць у канфліктах ва Ўкраіне, у Сырыі і некалькіх дзяржавах Афрыкі.

Паводле дадзеных Reuters, байцы прыватнай ваеннай кампаніі спачатку прыбылі чартарным рэйсам на Кубу, пасьля чаго рушылі ў Вэнэсуэлу. Крыніца Reuters падкрэсьлівае, што найміты вылецелі не з Масквы, а з трэціх краінаў, дзе яны ўдзельнічалі ў розных місіях. Расейскі журналіст Міця Аляшкоўскі знайшоў самалёт дзяржаўнай транспартнай авіякампаніі «Расея», які мог бы выканаць згаданы Reuters рэйс.

Заснавальнік дасьледнай групы Conflict Intelligence Team Руслан Левіеў у сваім Фэйсбуку аргумэнтавана разважае пра тое, што самалёт мог проста абслугоўваць неанансаваную паездку расейскага дыплямата і што ў цэлым вэрсія агенцтва Reuters, якое даверылася неправераным крыніцам, не вытрымлівае крытыкі.

Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам Вэнэсуэлы на масавым мітынгу ў Каракасе 23 студзеня. Ён сьцьвярджае, што мае на гэта права па канстытуцыі, паколькі выбары, на якіх Мадура атрымаў перамогу, не былі легітымнымі.

Часовавага прэзыдэнта Хуана Гуайдо ужо прызналі ЗША, Аргентына, Парагвай, Калюмбія, Бразылія, Канада, Перу, Чылі, Эквадор, Коста-Рыка, Грузія і Ізраіль. Краіны Эўразьвязу, у першую чаргу Нямеччына, Вялікабрытанія, Францыя і Гішпанія, заявілі, што прызнаюць Гуайдо, калі Мадура не абвесьціць аб новых прэзыдэнцкіх выбарах на працягу найбліжэйшага тыдня. Расея, Кітай, Турэччына, Іран, Куба, Мэксыка, Балівія, Уругвай і шэраг іншых краінаў па-ранейшаму прызнаюць Нікаляса Мадура прэзыдэнтам.

Вэнэсуэла застаецца стратэгічным партнэрам Расеі, і Масква будзе стаяць на варце сувэрэнітэту Каракасу, заявіў нядаўна намесьнік кіраўніка МЗС РФ Сяргей Рабкоў.

Мітынг апазыцыі ў Вэнэсуэле, Каракас, 23 студзеня 2018

Нікалас Мадура быў зноў абраны прэзыдэнтам Вэнэсуэлы ў траўні 2018 году, хоць праз шматлікія парушэньні, падтасоўкі і запалохваньне выбарнікаў гэтыя выбары не былі прызнаныя ні апазыцыяй, ні многімі заходнімі краінамі.

За апошнія месяцы сацыяльна-эканамічны крызіс у краіне дасягнуў катастрафічных маштабаў: інфляцыя, паводле розных зьвестак, дасягнула ашаламляльных значэньняў (ад 1 300 000 да 4 000 000 адсоткаў на год), цэны на ўсе тавары кожныя два з паловай тыдні растуць мінімум у два разы, у крамах няма мукі, хлеба, мыла і іншых базавых тавараў, у суседнія Бразылію і Калюмбію пешкі зьбеглі больш за 3 мільёны вэнэсуэльцаў.