У параўнаньні зь мінулым годам Беларусь крыху пагоршыла сваё становішча ў індэксе ўспрыняцьця карупцыі, які штогод публікуе міжнародная арганізацыя Transparency International.
Сьцісла
- Месца Беларусі ў рэйтынгу панізілася — з 68-га да 70-га, яе абышлі дзьве краіны, якія падняліся — Вануату і Аман
- Беларусь у індэксе ўспрыняцьці карупцыі саступае Польшчы, Літве, Латвіі і Грузіі, аднак апярэджвае іншыя постсавецкія краіны, у тым ліку Армэнію, Малдову, Украіну і Расею
- Transparency International адзначае, што няздольнасьць многіх краінаў сьвету перамагчы ці зьменшыць карупцыю выкліканая крызісам дэмакратыі ва ўсім сьвеце.
Сёлета Беларусь займае 70-е месца са 180-ці, летась — 68-е, пазалетась — 79-е месца, тры гады таму — 106-е месца.
Індэкс успрыняцьця карупцыі вылічваецца паводле шкалы балаў ад 0 (самы высокі ўзровень успрыманьня карупцыі) да 100 (самы нізкі) на аснове незалежных апытаньняў міжнародных экспэртаў, а таксама буйных фінансавых і праваабарончых арганізацыяў. Чым вышэйшы бал, тым бліжэйшае месца краіны ў індэксе да пачатку сьпісу.
Сёлета Беларусь мае 44 балы (столькі ж яна мела і летась). Невялічкае перасоўваньне на два месцы тлумачыцца ня тым, што пагоршылася становішча ў Беларусі, а тым, што палепшылася становішча ў пары краінаў, якія летась былі блізкія да Беларусі — летась выспавая краіна Вануату была на 71-м месцы, сёлета перамясьцілася на 64-е, апярэдзіўшы Беларусь, летась каралеўства Аман было разам з Беларусьсю на 68-месцы, сёлета істотна палепшыла паказьнікі, апынуўшыся на 52-м месцы.
Беларусь апусьцілася ў рэйтынгу на дзьве прыступкі, таму што падняліся Аман і Вануату.
Сёлета сьпіс лідэраў і аўтсайдэраў індэксу амаль не зьмяніліся ў параўнаньні з мінулымі гадамі, краіны з самым нізкім узроўнем успрыманьня карупцыі — Данія, Новая Зэляндыя, Фінляндыя, Сынгапур і Швэцыя. У канцы сьпісу знаходзяцца Паўночная Карэя, Емэн, Паўднёвы Судан, Сырыя і Самалі.
У сёлетняй справаздачы Transparency International адзначае, што няздольнасьць многіх краінаў сьвету перамагчы ці зьменшыць карупцыю выкліканая крызісам дэмакратыі ва ўсім сьвеце.
Паводле дасьледчыкаў разьвітыя дэмакратыі маюць у сярэднім 75 балаў, недасканалыя дэмакратыі — у сярэднім 49 балаў, гібрыдныя рэжымы, якія дэманструюць пэўныя аўтарытарныя тэндэнцыі — у сярэднім 35 балаў, жорсткія аўтарытарныя рэжымы — каля 30 балаў.
Вугоршчына і Турэччына за 5 гадоў зьнізілі свае ацэнкі на 8 і 10 балаў адпаведна, Вугоршчына ў апошняй справаздачы мела самы нізкі бал за палітычныя правы з моманту зрынаньня камунізму ў 1989 годзе.
Беларусь у сёлетнім рэйтынгу, як і раней, істотна саступае сваім суседзям, якія зьяўляюцца чальцамі Эўразьвязу і Паўночнаатлянтычнага альянсу — Польшчы (36-е месца), Літве (38-е месца) і Латвіі (41-е месца). Сярод постсавецкіх краінаў лепшае, чым у Беларусі, значэньне індэксу ўспрыняцьця карупцыі ў Грузіі — яна займае 41-е месца (як Латвія).
У той жа час у астатніх постсавецкіх краінах становішча, паводле індэксу, горшае, чым у Беларусі.
Краіна |
Месца ў Індэксе ўспрыняцьця карупцыі, 2018 |
Беларусь |
70 |
Армэнія |
105 |
Малдова |
117 |
Украіна |
120 |
Казахстан |
124 |
Кіргізстан |
132 |
Расея |
138 |
Азэрбайджан |
152 |
Таджыкістан |
152 |
Узбэкістан |
158 |
Туркмэністан |
161 |
Гэта індэкс ўспрыняцьця карупцыі, а не яе вымярэньня
Варта адзначыць, што Індэкс Transparency International дае вынікі, блізкія да вынікаў дасьледаваньня карупцыі ў рэгіёне, якія абнародавала летась амэрыканская юрыдычная кампанія Miller & Chevalier. Дасьледчыкі гэтай кампаніі вызначалі тры групы: Эстонія і Літва — найлепшыя, Латвія і Грузія — крыху горшыя, і шэсьць іншых постсавецкіх краінаў, сярод якіх Беларусь была ня самая горшая.
Паводле Індэксу Transparency International становішча з карупцыяй у Беларусі крыху лепшае, чым у такіх краінах Эўропы, як Баўгарыя (77-е месца), і крыху горшае, чым у Грэцыі (67-е месца).
Варта падкрэсьліць, што індэкс Transparency International — гэта індэкс менавіта ўспрыняцьця карупцыі, а не вымярэньне самой карупцыі. Экспэрты і насельніцтва могуць хваравіта ўспрымаць нават адносна невялікую карупцыю, але могуць і лічыць прымальнай і нармальнай нават высокую карупцыю.
Так што індэкс Transparency International — адлюстраваньне ня толькі рэальнага становішча з карупцыяй у той ці іншай краіне, але і яе культурных асаблівасьцяў і ўстановак у стаўленьні да карупцыі.
Раманчук: Называю гэта беларускай рулеткай
Эканаміст Яраслаў Раманчук мяркуе, што паступовы прагрэс у змаганьні з карупцыяй у Беларусі ня сьведчыць пра сыстэмныя паляпшэньні ў эканоміцы і палітычным жыцьці Беларусі.
— Яшчэ некалькі гадоў таму мы былі 120-мі, 107-мі, пазалетась падняліся на 68 месца, цяпер крыху зьнізіліся, вось аказаліся на 70-м. Гэта так, але гэта мала што мяняе па сутнасьці. Скачок уверх тлумачыцца шматлікімі пасадкамі карупцыянэраў у мінулым годзе — згадайце гучныя справы мэдыкаў, раённых чыноўнікаў-карупцыянэраў, пра што шырока паведамляюць мэдыі, у тым ліку дзяржаўныя. А паколькі апытаньні — галоўная частка мэтадалёгіі дасьледаваньня гэтай тэмы, вось і складаецца ўражаньне, што з карупцыяй у нас змагаюцца ўсё лепш. Але праблема ў тым, што наша карупцыя застаецца неад’емнай часткай пабудаванай сыстэмы. У нас застаюцца разьмеркаваньне дзяржаўнага заказу, рэалізацыя дзяржаўных праграм, разьмеркаваньне бюджэту, непразрыстасьць фінансавых плыняў, ліцэнзаваньне самых розных відаў гаспадарчай дзейнасьці і гэтак далей — усяго, за што чыноўнікі бяруць хабар, а бізнэсоўцы гэты хабар даюць. Справы карупцыянэраў-мэдыкаў, якія сёлета пачалі слухаць у судах, якраз і дэманструюць тое, што сыстэма засталася нязьменнай: хабары, адкаты, нават даніна — усё гэта ёсьць і нікуды не падзелася.
Яраслаў Раманчук мяркуе, што зь цяперашняга 70 месца паводле індэксу ўспрыманьня карупцыі Беларусь можа хутка зноў апусьціцца ў «горшую сотню краін», калі ня будзе рэальных эканамічных і палітычных рэформаў. Заклікі да сьвядомасьці чыноўнікаў, як і запалохваньні іх турмой, паводле экспэрта, дзейнічаюць вельмі слаба.
— Называю гэта беларускай рулеткай. Калі са 100 чыноўнікаў аднаго пасадзяць за карупцыю, ды яшчэ праз паўгода выпусьцяць кіраваць калгасам, а ўсе зразумеюць, што ён адкупіўся дзясятай часткай таго, што ўзяў, дык гэта добры бізнэс, можна рызыкнуць. Шмат хто з чыноўнікаў гатовы ісьці на такую схему, бо інакш яны грошы зарабляць ня ўмеюць – мяркуе Яраслаў Раманчук.
Ужо некалькі гадоў у групе краін зь мінімальнай карупцыяй — былая савецкая рэспубліка Эстонія, якая цяпер займае паводле індэксу ўспрыманьня карупцыі 18 радок, паміж Бэльгіяй і Японіяй. Можа, у Беларусі няма шанцаў паўтарыць досьвед Эстоніі ў змаганьні з карупцыяй, калі ўлічыць, што мэнталітэт беларусаў бліжэйшы да ўкраінскага і расейскага, чым да прыбалтыйскага? Экспэрт мяркуе, што асаблівасьці нацыянальнага характару тут не галоўнае.
— Сакрэт Эстоніі просты — акрамя скандынаўскай культуры, гэта яшчэ фінансавая празрыстасьць, аддзяленьне дзяржавы ад камэрцыі, гэта сытуацыя, калі людзі добра ведаюць, як працуюць дзяржаўныя інстытуты, разьвіваецца мясцовае самакіраваньне ды іншыя складнікі. Ну, і маленькая краіна, у якой палітычныя эліты клапоцяцца найперш пра дабрабыт грамадзянаў, а ня толькі пра свае намэнклятурныя інтарэсы. Калі мы зробім такія рэформы, як у Эстоніі, у нас таксама будзе шанец перамагчы карупцыю. І, паўтаруся, праблема не ў славянскай душы. У Грузіі, як аказалася, гэта таксама магчыма. Ня трэба зь беларусаў рабіць людзей, якім наканавана жыць у карупцыі.