Беларус Аляксандар Малчанаў, які служыць ва Ўкраіне, атрымаў мэдаль «Абаронцу Айчыны» і нагрудны знак «За ўзорнасьць у вайсковай службе».
Мэдаль «Абаронцу Айчыны» — першая дзяржаўная ўзнагарода Малчанава, раней вайсковец меў толькі ведамасныя ўзнагароды, сярод іх — мэдаль «За перамогу».
Узнагароджаньне дзяржаўным мэдалём і знакам Генэральнага штабу Ўзброеных сіл адбывалася 26 студзеня і было прымеркавана да вываду 72 асобнай мэханізаванай брыгады з зоны апэрацыі абʼяднаных сіл, сказаў Малчанаў. Ён камандуе аддзяленьнем у гэтай брыгадзе ў званьні старшага салдата (аналяг яфрэйтара).
Беларус кажа, што пераехаў служыць ва Ўкраіну па кантракце, бо «заўжды нэгатыўна адносіўся да агрэсіўных дзеяньняў Расеі».
«Украіна для мяне ніколі не была чужой краінай, я тут часта адпачываў, тут жывуць мае родзічы. Калі я бачыў, што расейцы робяць у Крыме і на Данбасе, акрамя абурэньня і злосьці ў мяне не ўзьнікала іншых эмоцый».
Аляксандар Малчанаў пераехаў ва Ўкраіну ў 2014 годзе пасьля перасьледу сілавікоў. Цягам 2011-2012 году быў двойчы асуджаны, у тым ліку «за ўдзел у масавых беспарадках» 19 сьнежня 2010 году. На пачатку 2000-х быў сябрам руху «Зубар».