Расейскае білетнае агенцтва «Синдбад», якое спыніла сваю дзейнасьць летам 2018 году, выставіла пазовы шэрагу авіякампаній на агульную суму блізу 450 мільёнаў расейскіх рублёў.
Пра гэта са спасылкай на картатэку Ханты-Мансійскага арбітражнага суду паведамляе газэта «Туризм и отдых».
У сьпісе пазваных 24 расейскія і замежныя авіяперавозчыкі, у тым ліку «Белавія», UTair, «Чэскія авіялініі» ды іншыя.
Раней былыя партнэры абвінавацілі сэрвіс у наўмысным дэмпінгу і вывадзе сродкаў за мяжу: паводле падлікаў, агенцтва вінаватае ім 10 мільёнаў даляраў. Не чакаючы наступстваў, «Синдбад» пайшоў у наступ, намагаючыся манэтызаваць паслугі пошуку, якімі ён забясьпечваў партнэрскія авіякампаніі. Падлікі пачынаюцца ад 2015 году.
Некаторыя пазовы ўжо прынятыя да разгляду і па іх прызначылі даты паседжаньняў.
«Калі па гэтых пазовах будуць прынятыя рашэньні, гэта стане прэцэдэнтам. У білетных агенцтваў няма камісій, яны працуюць на бонуснай аснове, якая залежыць ад аб’ёму продажаў. За паслугі эквайрынгу і мэтапошуку ніхто нікому ня плаціць. Авіякампаніі і так моцна пацярпелі ад „Синдбада“, наўрад ці яны ляяльна паставяцца да мільённых пазоваў», — на ўмовах ананімнасьці пракамэнтаваў экспэрт рынку.
Пазыцыя «Белавія»
Памеры пазоваў вагаюцца ад 1 мільёну 329 тысяч да 116 мільёнаў 298 тысяч расейскіх рублёў. Якую суму выставілі беларускаму перавозчыку, у офісе «Белавія» не ўдакладнілі.
«Такая гісторыя сапраўды мае месца, але пра суму пазову сказаць нічога не магу. Нашы юрысты з гэтым пытаньнем якраз разьбіраюцца. Суд у Ханты-Мансійску меўся пачацца акурат сёньня, а нейкія папярэднія вынікі будуць вядомыя ў лепшым выпадку заўтра», — паведаміла Свабодзе прадстаўніца кампаніі «Белавія» Настасься Навуменка.