Колішні рэкардсмэн па штрафах «за Белсат» цяпер зь сям’ёй у Заходняй Эўропе.
Гомельскі журналіст Кастусь Жукоўскі, найбольш вядомы па сюжэтах тэлеканалу «Белсат», пакінуў зь сям’ёй Беларусь і не зьбіраецца вяртацца ў найбліжэйшы час.
Па словах Жукоўскага, апошнім часам ён меў перасьлед і пагрозы з боку спэцслужбаў за свае расьсьледаваньні. Напрыклад, ён раскрыў канал незаконнай міграцыі празь Беларусь, сваёй інфармацыяй падзяліўся з КДБ, каб ведамства зрабіла захады і не дапусьціла патоку ўцекачоў з усходніх краінаў у Заходнюю Эўропу празь Беларусь.
«Але спэцслужба не адрэагавала на мой зварот, хоць зьвесткі ў мяне былі дакладныя. Я таксама разьбіраўся з пастаўкамі зброі зь Беларусі, магчыма, у „ДНР“ ці „ЛНР“. За што атрымаў пагрозы на электронную скрыню і праз Facebook», — распавёў Свабодзе журналіст.
Наконт пагрозаў ён зьвярнуўся ў міліцыю, але праваахоўная структура не знайшла вінаватых, толькі «вылічыла», што пагрозы дасылаліся з электроннай скрыні, зарэгістраванай у Канадзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Невядомыя даслалі пагрозы гомельскаму журналісту і яго абаронцуПаводле Жукоўскага, 13 студзеня на яго напалі пад Хойнікамі, куды ён ехаў па працы.
«Мы спыніліся з актывістам Барысам Анікеевым сярод дарогі, барахліў рухавік. Раптам зьявіўся джып, адкуль выскачылі невядомыя, пырснулі ў вочы газавым балёнчыкам, зьбілі мяне з ног і парвалі пашпарт. Добра, што ён быў пратэрмінованы», — зазначыў Жукоўскі.
Ён вырашыў пакінуць Беларусь.
«Маглі быць правакацыі і ў дачыненьні маёй дачкі, якая аднойчы магла б не вярнуцца са школы», – дадаў журналіст.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэпартэры бязь межаў» заклікалі «націснуць» на беларускія ўладыУ Беларусі Жукоўскага часта затрымлівалі і штрафавалі за «незаконны выраб прадукцыі СМІ» — працу без акрэдытацыі на тэлеканал «Белсат». Агульная сума штрафаў Жукоўскага склала 12 432,5 рубля. Бывала, яго выклікалі ў міліцыю пяць разоў на тыдзень, зьбіраліся штрафаваць за расьпіваньне ліманаду.