У сьвеце памінаюць ахвяраў Галакосту

Музэй памяці ахвяраў Галакосту ў Дняпры (Украіна)

Сёньня Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту. Ён быў усталяваны ў 2005 годзе Генэральнай асамблеяй ААН у памяць 6 мільёнаў габрэяў, забітых у выніку Галакосту, масавага зьнішчэньня габрэяў у Нямеччыне і акупаваных ёю краінах падчас Другой сусьветнай вайны. 74 гады таму — 27 студзеня 1945 году — савецкія салдаты вызвалілі лягер сьмерці Аўшвіц, які стаў сымбалем злачынстваў нацыстаў.

У многіх краінах прайшлі мерапрыемствы ў памяць пра ахвяраў Галакосту. Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і міністар замежных справаў Гайка Маас заявілі, што нельга праяўляць цярпімасьць да антысэмітызму і іншых праяваў расавай нянавісьці. Паводле Мааса, неабходна ня толькі памятаць мінулае, але і атрымліваць ад яго ўрокі. Міністар замежных спраў Нямеччыны сёньня заклікаў да больш інтэнсіўнага асэнсаваньня злачынстваў, учыненых нацыстамі.

Прэзыдэнт Ізраілю Рэўвэн Рыўлін сустрэўся з ацалелымі ў Галакосьце і прадстаўнікамі нямецкай грамадзкай арганізацыі «Акцыя адкупленьня — служба справе міру». Ён заявіў, што злачынствам нацыстаў супраць габрэйскага народу ня можа быць прабачэньня. Разам з тым ён адзначыў, што адбылося гістарычнае прымірэньне паміж нямецкім і габрэйскім народамі. У штогадовай справаздачы цэнтру Сымона Візэнталя пра перасьлед адказных за злачынствы нацызму ўтрымліваецца станоўчая ацэнка намаганьняў Нямеччыны ў прыцягненьні вінаватых да адказнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 фактаў пра Асьвенцім

Прэзыдэнт Ізраілю таксама адзначыў, што нельга казаць пра Галакост толькі як пра гістарычную падзею, бо «антысэмітызм і нянавісьць усё яшчэ прысутнічаюць сярод нас». Паводле дадзеных ізраільскага міністэрства ў справах дыяспары, у 2018 годзе ня менш за 13 габрэяў былі забітыя ў сьвеце ў выніку антысэміцкіх нападаў, у тым ліку 11 — пры страляніне ў сынагозе ў горадзе Пітсбург (ЗША), напад на якую ўчыніў нэанацыст.