У найбліжэйшыя гады чвэрць цяперашніх працоўных месцаў у Злучаных Штатах можа перайсьці да робатаў. Такі прагноз зьмяшчаецца ў дакладзе Брукінгскага інстытуту ў Вашынгтоне, апублікаваным у чацьвер, паведамляе агенцтва Associated Press.
У справаздачы гаворыцца, што каля 36 мільёнаў амэрыканцаў займаюць працоўныя месцы, якія маюць «высокую ступень схільнасьці» да аўтаматызацыі — гэта азначае, што сама меней 70 адсоткаў іх функцыянальных задач могуць неўзабаве быць выкананыя машынамі. Сярод тых, хто ў зоне найбольшай рызыкі, — кухары, афіцыянты ды іншыя работнікі грамадзкага харчаваньня; кіроўцы грузавікоў і канторскія работнікі.
«Гэтая частка насельніцтва будзе мець патрэбу ў хуткім павышэньні кваліфікацыі, перападрыхтоўцы або зьмене працы», — кажа Марк Муро, старшы навуковы супрацоўнік Брукінгскага інстытуту і асноўны аўтар дакладу.
Паводле прагнозу Муро, пэрыяд рабатызацыі чвэрці працоўных месцаў можа заняць «ад некалькіх гадоў да двух дзесяцігодзьдзяў». Але досыць верагодна, што наступны эканамічны спад паскорыць гэты працэс, паколькі прадпрыемствы, як правіла, імкнуцца ўкараніць новыя тэхналёгіі, скарачаючы выдаткі, звальняючы работнікаў.
Новыя дасягненьні ў галіне штучнага інтэлекту могуць рэзка пашырыць прымяненьне робатаў. Супернікамі амэрыканскіх рабочых стануць ня толькі прамысловыя і складзкія робаты, у наступныя гады зьявяцца розныя кіёскі самаабслугоўваньня і кампутарызаваныя кансьержы ў гатэлях, прадказваюць аўтары дакладу.
Многія эканамісты лічаць, што аўтаматызацыя ў цэлым станоўча ўплывае на рынак працы. Гэта можа прывесьці да эканамічнага росту, зьніжэньня цэнаў і павелічэньня попыту, а таксама стварэньня новых працоўных месцаў, якія кампэнсуюць зьніклыя. Тыя працоўныя месцы, якія ў асноўным захаваюцца, будуць патрабаваць ня толькі вышэйшай адукацыі, але і навыкаў міжасобасных зносінаў і эмацыйнай спагадлівасьці.
«Гэтая высокааплатная праца патрабуе вялікіх творчых здольнасьцяў і ўменьня вырашаць праблемы, — кажа Матыяс Картэс зь Ёркскага унівэрсытэту ў Таронта. — Новым тэхналёгіям будзе складана іх замяніць».