Зьмітра Паліенку і ягоную сяброўку Насту Гусеву затрымалі раніцай 21 студзеня ў справе аб антыміліцэйскім графіці. Сёньня па вызваленьні ён апавёў Свабодзе, як гэта было.
«Сталі грукаць мне ў дзьверы і крычаць, каб адчыніў, бо „міліцыя“. Але я спачатку дарабіў свой відэаблог і толькі тады пайшоў адчыняць дзьверы. Гэта іх канчаткова разьюшыла. Бегалі і крычалі», — расказаў Паліенка.
У кватэры ён быў з Настай Гусевай. Паводле Паліенкі, калі ён адчыніў дзьверы, уварваліся 9 чалавек у масках з аўтаматамі ды загадалі легчы на падлогу.
«Але я не адразу падпарадкаваўся, а папрасіў прадставіць дакумэнты. Яны лаяліся, штурхалі, але ўсё ж паказалі пастанову пракурора на вобшук. Вобшук цягнуўся больш за гадзіну і скончыўся тым, што ў хаце шмат што зламалі і забралі шмат рэчаў», — сказаў актывіст.
Ён удакладніў, што пашкодзілі канапу і рэчы на бальконе, дзе «ўсё перавярнулі ў пошуку нечага», а забралі — мабільны тэлефон, два ноўтбукі і грошы з гаманца. Таксама забралі на экспэртызу куртку — таму Паліенку не было ў чым выходзіць з ізалятара 23 студзеня.
«Дык далі апрануць нейкі стары шынель, цяпер у ім шпацырую. А з грашыма буду разьбірацца, чаму зьніклі. Гэта ўвогуле беззаконьне!» — сказаў Зьміцер Паліенка.
Паводле актывіста, ён не прызнаў сябе вінаватым у нанясеньні пашкоджаньняў праз графіці, але цалкам згодны з тым, што было напісана на сьцяне [«Міліцыянты забіваюць людзей»].
Паліенка дадаў, што паралельна з крымінальнай справай за графіці міліцыянты правяраюць, ці няма ў ягоных відэароліках «зьнявагі на адрас міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча».
«Не выводзілі ў прыбіральню, давялося ... на падлогу»
Сяброўка Зьмітра Паліенкі Наста Гусева абурылася ўмовамі ўтрыманьня ў Заводзкім РУУС і ў ізалятары на Акрэсьціна.
«Калі прывезьлі ў РУУС, дык трымалі ноч у карцэры і не выводзілі ў прыбіральню. Таму давялося спраўляць малую патрэбу на падлозе.
23-га прымусілі распранацца падчас асабістага надгляду ў „стакане“, дзе былі вялікія шчыліны, а побач знаходзіліся мужчыны, якія маглі ўсё бачыць.
У ізалятары стала блага, прасіла дапамагчы, адмовілі ў дапамозе. Пра абразы ўжо не кажу, паўсюль абражалі, нават прозьвішча маё скажалі наўмысна, каб прынізіць», — сказала Наста Гусева.
24 студзеня з дапамогай праваабаронцаў зь «Вясны» дзяўчына склала і падала ў пракуратуру заяву на дзеяньні міліцыянтаў Заводзкага РУУС і супрацоўнікаў ізалятара часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вызвалілі анархістаў, затрыманых за графіці. Але справа працягваецца