Алёша малюе Пуціна і Лукашэнку. Інтэрвію з таямнічым мастаком

Сямігадовага хлопчыка Алёшу Ступіна, які малюе наіўныя дзіцячыя малюнкі пра бягучыя падзеі і зьбірае пад імі тысячы лайкаў у Фэйсбуку, беспасьпяхова шукалі журналісты. Выявілася, што гэта выдуманы пэрсанаж, створаны 52-гадовым расейскім мастаком і пісьменьнікам Ігарам Паначэўным, які працаваў у юрыдычным аддзеле аднаго з расейскіх банкаў, але пасьля анэксіі Крыму эміграваў з Расеі ў ЗША і пачаў новае жыцьцё. Мастак пагутарыў з расейскай службай Радыё Свабода.

Ігар Паначэўны

«Алёша Ступін нарадзіўся адразу пасьля анэксіі Крыму, у Санкт-Пецярбургу. Першым ягоным малюначкам стала цяперашняя вокладка ягонага Фэйсбуку — два чалавекі, партрэт Пуціна на сьцяне, бутэлькі і надпіс "Крым наш!". Малюнак стаў даволі папулярным, і ў мяне зьявілася ідэя пастаянна рабіць такія малюнкі ад імя дзіцяці, якое на ўласныя вочы бачыць тое, што адбываецца ў Расеі і ў сьвеце. бачыць сьвежым поглядам, дэманструючы наіўнае ў сваёй непасрэднасьці ўспрыманьне. Многія доўгі час сапраўды думалі, што ўсё гэта малюе дзіця. Нават тэлебачаньне шукала Алёшу Ступіна: ў 2014 годзе яны здымалі фільм пра вайну вачыма дзяцей, Алёша Ступін павінен быў стаць там галоўным героем, і яны спрабавалі ўзяць у яго інтэрвію. Тады я ўсё ж такі прызнаўся, што гэта не дзіця, а дарослы чалавек».

Першы малюнак "Алёшы Ступіна"

«Я жыў у Санкт-Пецярбургу, працаваў у банку начальнікам юрыдычнага аддзелу. У 1987 годзе скончыў мастацкае вучылішча імя Сярова. У 2005-м атрымаў юрыдычную адукацыю і стаў юрыстам. Калі закруцілася гісторыя з Крымам, я ўсё гэта кінуў і вырашыў, што мне неяк ня вельмі камфортна ў Расеі і трэба звальваць. Я зьехаў у 2015 годзе, цяпер жыву ў Каліфорніі, у Сан-Францыска. Падаў прашэньне аб прадастаўленьні палітычнага прытулку, цяпер чакаю сумоўя. у ЗША я працаваў і грузчыкам, рабіў рамонты, праца мастака тут ня вельмі запатрабаваная. Хоць цяпер я ўжо раблю фрэскі для дамоў, але толькі-толькі пачынаю гэтым займацца. Насамрэч я проста памяняў жыцьцё ў Расеі на жыцьцё ў Амэрыцы і пачаў усё з нуля. Цяжэй, вядома ж, але тут камфортная краіна і жыць свабодней, чым у Расеі».

«Пасьля выступу віцэ-адмірала Мухаметшына я намаляваў такога вось марака, які перасьледуе Імануіла Канта, таму што ён ня ўпісваецца ў ягоную сыстэму каштоўнасьцяў. Яго ніхто не чытае, ён нікога не задавальняе, Кант нікому не патрэбны. Значыць, яго трэба прагнаць».

«Я часта выкарыстоўваю пэрсанажа з карціны «Крык» Мунка, таму што ён вельмі вядомы. У мяне ён сымбалізуе рэакцыю на нейкую падзею, прычым хваравітую рэакцыю, у першую чаргу з боку тых, каго называюць «ватниками».

«Гэтую карцінку я намаляваў да апошняга прыезду Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву, калі стала ясна, што ў яго пачаліся праблемы ў сувязі з рашэньнем расейскага ўраду павысіць цэны на нафту і газ для Беларусі, і Лукашэнка прыехаў да Пуціна дамаўляцца».

«Агулам, я атэіст. Але я разумею, што аўтакефалія — гэта свайго роду частка незалежнасьці Украіны ад расейскага ўплыву. Я станоўча стаўлюся да наданьня аўтакефаліі Ўкраінскай праваслаўнай царкве, хоць сам я чалавек няверуючы».

«Цяпер усе публікуюць свае фатаграфіі 10-гадовай даўніны. Я хацеў паказаць, што нічога не зьмянілася — як тады, так і цяпер Расея мае ў асобе Пуціна сваю зьнешнюю і ўнутраную палітыку. Гэта наш брэнд, якім ён быў, такім і застаўся, толькі шчокі сталі трохі большымі».

«Ёсьць такі ходкі выраз, што халадзільнік павінен перамагчы тэлевізар. У нейкім сэнсе гэта малюнак пра нашыя жаданьні, каб халадзільнік перамог. Калі ён пераможа, людзі, быць можа, стануць відушчымі і будуць па-іншаму глядзець на тое, што адбываецца вакол іх».

«Я ня тое каб зьяўляюся прыхільнікам Бэнксі, але гісторыя з яго самазьнішчанай карцінай была на слыху. Таму я вырашыў адлюстраваць галоўнага пэрсанажа расейскай рэчаіснасьці ў выглядзе гэтай карціны».

«Для мяне даволі відавочна, што гісторыя з атручваньнем Скрыпалёў — вынік прыезду ў Вялікабрытанію двух "работнікаў плашча і кінжала" і іх спробы ліквідаваць былога шпіёна. Па-мойму, гэта відавочна для ўсіх. Было вельмі сьмешна, як яны спрабавалі выкруціцца. Гэта было вельмі наіўна і выклікала толькі весялосьць».

«Дэпутат Монсан — гэта вынік спробы расейскай улады прыцягнуць на свой бок нейкіх вядомых амэрыканскіх, ды і наогул сусьветных пэрсаналій. Але чамусьці яны выбіраюць самых адыёзных, напрыклад, байца "баёў бяз правілаў". Ён амаль не размаўляе па-расейску, але чамусьці стаў дэпутатам. Па-мойму, гэта вельмі сьмешна».

«Усе малюнкі Алёшы Ступіна ствараліся па нейкіх навінных нагодаў. Ёсьць падстава — ёсьць малюнак. Гэты малюнак я зрабіў пасьля ідэі Дзьмітрыя Рагозіна аб тым, што дзірку ў міжнароднай касьмічнай станцыі прасьвідраваў нейкі нядобразычлівец, спэцыяльна імкнучыся нашкодзіць Раскосмасу».

«Мае работы купляюць у асноўным пастаянныя кліенты, якім падабаецца тое, што я раблю, хоць часам бываюць і новыя пакупнікі, якія купляюць ўпадабаны ім малюнак. Усе працы фармату крыху больш, чым аркуш А4. Яны выкананы на шчыльнай-шчыльнай паперы, фактычна на кардоне. Малюю я алоўкамі і нязмыўнай васковай пастэльлю. у мяне былі выставы ў Украіне, ў балканскіх краінах, але я проста адсылаў туды файлы і яны расьпячатвалі карцінкі. Нядаўна мне прапанаваў зрабіць выставу маіх арыгінальных работ [калекцыянэр і галерыст] Марат Гельман. Цяпер мы абмяркоўваем умовы, таму што я знаходжуся ў Каліфорніі і выяжджаць адсюль не магу — трэба вырашыць, як пераправіць малюнкі ў іншую краіну».