Украіна зьвярнулася да беларускіх уладаў з просьбай даць актуальную інфармацыю пра магчымае забруджваньне ракі Бярэзіны, якая зьяўляецца правым прытокам Дняпра, паведамляе прэс-служба ўкраінскага Міністэрства экалёгіі і прыродных рэсурсаў.
Паводле прэс-службы, падставай для звароту стала распаўсюджаная ў СМІ інфармацыя пра забруджваньне небясьпечнымі рэчывамі ракі Бярэзіны, якая працякае на тэрыторыі Беларусі і зьяўляецца правым прытокам ракі Дняпра (1/5 вады ў Дняпро паступае менавіта зь Бярэзіны).
У міністэрстве сказалі, што 21 студзеня ўкраінскія спэцыялісты зрабілі пробы вады Дняпра на мяжы зь Беларусьсю. Згодна з вынікамі аналізаў, значэньні асноўных гідрахімічных паказьнікаў адпавядаюць нарматывам для водных аб’ектаў рыбагаспадарчага прызначэньня, аднак колькасьць жалеза перавышае норму ў 3,2 раза, а марганцу — у 6,2 раза. Іншыя паказьнікі якасьці вады ў Дняпры адпавядаюць аналягічнаму пэрыяду летась.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сьмярдзючы завод» пад Сьветлагорскам скідае адкіды ў Бярэзіну: «У іх там і кроў ідзе, і рукі гараць». ВІДЭАПытаньне будзе абмяркоўвацца на кансультацыі ўпаўнаважанага ад ураду Украіны з адказным ведамствам Беларусі. Цяпер украінскім водагаспадарчым арганізацыям, разьмешчаным у зоне патэнцыйнага ўзьдзеяньня забруджваньня, даручана ажыцьцяўляць пастаянны кантроль сытуацыі.
19 студзеня жыхары Сьветлагорску заўважылі, як з трубы цэлюлёзна-кардоннага камбінату ў раку Бярэзіну цячэ незразумелая вадкасьць і пена. З гэтай нагоды мясцовая жыхарка Алена Масьлюкова зьвярнулася ў раённае ўпраўленьне МНС, а таксама ў міліцыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бруд і пена з ачышчальных збудаваньняў выцеклі на тэрыторыю «сьмярдзючага заводу» пад СьветлагорскамУлады Сьветлагорскага раёну і адміністрацыя заводу беленай цэлюлёзы запэўніваюць, што пасьля выпадку з адкідамі трымаюць сытуацыю пад кантролем. Тым часам на прадпрыемства прыбыў віцэ-прэм’ер ураду Беларусі Ігар Ляшэнка.
Супрацоўнік Сьветлагорскага заводу беленай цэлюлёзы, які прасіў не называць яго імя, паведаміў Свабодзе, што 19 студзеня на ачышчальныя збудаваньні прадпрыемства прыйшлі адкіды зь вялікім перавышэньнем канцэнтрацыі хімічных рэчываў, якія выкарыстоўваюцца для варкі цэлюлёзы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля інцыдэнту з адкідамі на Сьветлагорскі завод беленай цэлюлёзы прыбыў віцэ-прэм’ер ЛяшэнкаШто важна ведаць пра завод беленай цэлюлёзы пад Сьветлагорскам
- У 2012 годзе ў Сьветлагорску сабралі больш за 10 тысячаў подпісаў супраць новага будаўніцтва, але праект быў распачаты.
- Смурод у Якімавай Слабадзе і Сьветлагорску пачалі адчуваць у лістападзе 2017 году пасьля першых пусканаладачных работ.
- Кіраўніцтва заводу сьцьвярджала, што выкіды не аказваюць нэгатыўнага ўплыву на здароўе, аднак пасьля дзясяткаў скаргаў ва ўсе структуры ўлады ад мясцовых жыхароў, прызнала, што «газы з кепскім пахам» — мэтыльмэркаптаны. Пусканаладачныя работы былі прыпыненыя.
- 25 сьнежня 2017 году жыхары вёскі Якімава Слабада выйшлі на пратэст, патрабуючы вырашыць праблему са «сьмярдзючым заводам».
- 7 ліпеня 2018 году ААТ «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» пачаў пусканаладачныя працы на вытворчасьці беленай цэлюлёзы. У тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі дачныя ўчасткі і сельскагаспадарчыя надзелы.
- 15 верасьня мясцовыя жыхары зноўку выйшлі на пратэст у Сьветлагорску супраць выкідаў з кітайскага заводу.
- Вытворчасьць беленай цэлюлёзы нясе выкіды мэтыльмэркаптану, які ў вялікіх дозах можа выклікаць сьмерць.
- За 20 мэтраў ад заводу знаходзяцца парнікі Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі, якая не ўключана ў санітарна-абарончую зону.
- За 350 мэтраў — вёска Якімава Слабада, яе ў ахоўную зону ўключылі.
- Меркавалася, што новы завод забясьпечыць патрэбы ўнутранага рынку і будзе вырабляць беленую цэлюлёзу на экспарт. Першапачаткова праект ацэньваўся на 700 мільёнаў даляраў. Амаль усе грошы атрыманыя з кітайскага крэдыту. Будаўнікі таксама кітайцы — кампанія САМСE.
Канцэрн «Белляспаперпрам» запэўнівае, што запуск вытворчасьці беленай цэлюлёзы «знаходзіцца пад кантролем». Пры гэтым у канцэрне адзначаюць, што ў тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі:
- тэрыторыі садаводчых таварыстваў і дачных каапэратываў;
- парнікі і адкрытыя надзелы Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі;
- сядзібная жылая забудова вёскі Якімава Слабада.
«Зноў гэты смурод! Нас ратуе толькі моцны вецер». Пад Сьветлагорскам запускаюць кітайскі завод
У ліпені кіраўніцтва ЦКК абяцала, што будзе праводзіцца рэгулярны маніторынг экалягічнай сытуацыі ў раёне. Цяпер амаль штодзень на сайце Сьветлагорскага ЦКК разьмяшчаецца адпаведная інфармацыя, паводле якой выкіды не перавышаюць усталяваныя экалягічным заканадаўствам нормы (гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі).