Якія шанцы на посьпех у вэнэсуэльскай апазыцыі? Напярэдадні сьпікер парлямэнту краіны Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам і публічна прыняў прысягу.
Фактычна ў Вэнэсуэле на няпэўны час усталявалася двоеўладзтва: армія і некаторыя дзяржаўныя інстытуцыі працягваюць падпарадкоўвацца Нікалясу Мадура, шэраг кіраўнікоў краін Лацінскай Амэрыкі, ЗША і Канады падтрымалі Гуайдо. Афіцыйны Менск пазыцыю да падзеяў у Каракасе ды іншых гарадах Вэнэсуэлы пакуль не агучыў.
Сябра палітычнай рады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін лічыць шанцы на посьпех апанэнтаў рэжыму Мадура досыць высокімі.
«Што тычыцца палітычнага складніка, на жаль, пакуль ня вельмі шмат інфармацыі. Усё ж мы ня ведаем, якія рэальныя суадносіны прыхільнікаў і праціўнікаў рэжыму Мадура. Але ў любым разе сытуацыя дастала: калі нават парлямэнт адважыўся на тое, каб адхіліць прэзыдэнта ад улады, гэта сьведчыць само за сябе. Таму ёсьць шанцы на тое, што гэтая рэвалюцыя будзе пасьпяховай. Тым больш што тыя, хто валодае больш дакладнай інфармацыяй (маю на ўвазе прадстаўнікоў дыпляматычных ведамстваў краінаў, якія падтрымалі вэнэсуэльскую апазыцыю), не рабілі б гэтага, каб ня верылі ў посьпех справы».
Якая будучыня чакае беларуска-вэнэсуэльскія праекты, якія рэзка пайшлі на спад яшчэ пасьля сьмерці Уга Чавэса? Эканаміст паводле адукацыі Леў Марголін лічыць, што пэрспэктывы надзвычай цьмяныя.
«У іх не было будучыні і пры рэжымах Чавэса–Мадура, а тым больш калі ўсталюецца новая ўлада. Яны насілі адкрыта папулісцкі характар, ніякага эканамічнага складніка там не было. Безумоўна, і Чавэс, і Мадура віталі беларускую дапамогу, бо не зьбіраліся за яе разьлічвацца. Таму, калі нейкія адносіны і захаваюцца, то будуць выключна на рынкавых умовах, балазе Вэнэсуэла падобны досьвед мае. Палітычнаму складніку там проста ня будзе месца. Добра, калі Каракас прызнае запазычанасьці перад Менскам, але, хутчэй за ўсё, і гэтага ня будзе, зробяць так, як прапануюць і нашы радыкалы: калі зьменіцца ўлада, заявіць, што нікому нічога ня вінныя, пра ўсё дамаўляўся нелігітымны рэжым».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША афіцыйна прызналі Гуайдо прэзыдэнтам Вэнэсуэлы і заклікалі Мадура пайсьці ў адстаўкуБеларуска-вэнэсуэльскія дачыненьні распачаліся ў сярэдзіне 2000-х і трымаліся на асабістых кантактах Аляксандра Лукашэнкі і Уга Чавэса. Пасьля сьмерці прэзыдэнта Вэнэсуэлы асобныя праекты па інэрцыі яшчэ рухаліся, але збольшага актыўнасьць затухала па ўсім фронце. Нават Нікаляс Мадура, ня кажучы пра ягоных апанэнтаў, ня меў вялікай ахвоты працягваць супрацоўніцтва, якое з прычыны геаграфічнай аддаленасьці партнэраў мае надзвычай высокі фізычны і маральны сабекошт.