Крымінальную справу супраць горадзенскага ўласьніка гатэляў Станіслава Сямашкі і ягонай жонкі спынілі. Ім пагражала да 10 гадоў пазбаўленьня волі за нібыта зьнішчаны чужы дэкор для гатэля.
Абноўлена 1 лютага 2019. Сьледчы камітэт паведаміў, што віна Сямашкі была даказаная, шкоду ён кампэнсаваў і заплаціў штраф.
Як паведаміў юрыст Станіслава Сямашкі Ігар Абрамовіч, справу закрылі некалькі дзён таму.
«Гэта эканамічная спрэчка, якая мусіць вырашацца эканамічнымі шляхам, а не такімі сродкамі», — адзначыў Абрамовіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасеклі сякерай? На горадзенскага гатэльнага магната Сямашку завялі крымінальную справуШто Сямашкам пагражае крымінальная адказнасьць, стала вядома летась увосень. Прадметам канфлікту стаў дэкор, замоўлены для новага апарт-гатэлю ў Горадні. Якасьць аздабленьня не задаволіла Сямашку, і ён праз суд вярнуў сабе выплачаныя раней грошы.
Майстар Георгі Прыходзька, які вырабляў дэкор, паспрабаваў празь міліцыю аднавіць справядлівасьць і вярнуць сабе або аплату, або дэкор, які ў выглядзе сьмецьця знайшлі на лецішчы ў Сямашак.
Сьледзтва не выявіла, што Сямашкі спрычыніліся да зьнішчэньня вырабаў.
Ці будзе бізнэсовец цяпер падаваць позву ў адказ на Прыходзьку або свайго былога генэральнага падрадчыка Вячаслава Радзюкевіча і «Гарадзкое будаўніцтва», ягоны юрыст не камэнтуе.
Дэкор, які стаў прадметам канфлікту, пакуль знаходзіцца пры матэрыялах справы. Што зь ім стане, невядома.
«Гэта не дэкор, а хлам, таму ня можа ўяўляць каштоўнасьці», — выказаў сваю думку Абрамовіч.
Станіслаў Сямашка вядомы ў Горадні як уласьнік гатэля, які месьціцца ля аўтавакзала і названы ягоным прозьвішчам. Акрамя гатэльнага бізнэсу, Сямашка мае праектную кампанію. Называе сябе першым беларускім прадпрымальнікам, бо атрымаў рэгістрацыю пад № 1 адразу пасьля пачатку «перабудовы». У 2009–2012 гадах ён узначальваў праўладны Саюз палякаў у Беларусі.