Пасланьне Крамлю: Зь Беларусьсю не атрымаецца, як з Рыбкай

Анастасія Вашукевіч (Насьця Рыбка)

  • Імідж такі: Лукашэнка вырашыў выступіць у абарону Насьці Рыбкі — ахвяры сквапных і хцівых расейскіх алігархаў і карумпаваных чыноўнікаў.
  • Пазыцыя беларускай улады ў справе Рыбкі была вельмі натуральнай у межах беларуска-расейскага інтэграцыйнага канфлікту, які працягваецца
  • Цікавым чынам аказаліся ў адным шыхце Насьця Рыбка, Аляксей Навальны і Аляксандар Лукашэнка.
  • Беларускі бок выступіў на самым высокім узроўні ў абарону суграмадзянкі і яе вызвалілі, а што насамрэч рабілі беларускія дыпляматы — ужо няважна

Такія асноўныя тэзы гутарцы Юрыя Дракахруста і Валера Карбалевіча пра справу Насьці Рыбкі.

Дракахруст: Учора ў перадачы «Сёньня на Свабодзе» Віталь Цыганкоў выказваў пэўнае зьдзіўленьне імпэтам, зь якім частка беларускай грамадзкасьці, Байнэту адрэагавала на справу Насьці Рыбкі. Гутарка была да яе вызваленьня.

А чаму такая ўвага ёй, такое спачуваньне? Нямала беларусаў сядзіць па расейскіх турмах, паводле статыстыкі там жыве і працуе 600 тысячаў грамадзянаў Беларусі.

Віталь таксама выказваў меркаваньне — а зь якой радасьці беларускія ўлады мусілі кідацца на абарону чалавека ня самых узорных паводзінаў, мякка кажучы?

Але высьветлілася, што беларуская ўлада ўсё ж выступіла ў падтрымку той Насьці Рыбкі, беларускай грамадзянкі. Чаму яна зрабіла тое, чаго кампэтэнтныя аналітыкі ад яе не чакалі?

Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Публічна беларускія ўлады сапраўды рэдка абараняюць сваіх грамадзянаў, якія трапілі пад крымінальны перасьлед у іншых краінах. Ня толькі ў Расеі. Ну і асоба Насьці Рыбкі насамрэч трохі спэцыфічная.

Я мяркую, што гэты хайп узьнік менавіта таму, што Рыбка апынулася ў цэнтры інфармацыйных плыняў, інфармацыйнага скандалу. Не было б гэтага скандалу, які ініцыяваў Аляксей Навальны, калі б справа ішла толькі пра крымінальны перасьлед ці ў Тайляндзе, ці ў Расеі, наўрад ці беларускія ўлады на яе справу зьвярнулі б увагу.

Я думаю, што тут галоўная прычына — тыя абставіны, якія гэты скандал ад пачатку спарадзілі. Я маю на ўвазе выкрывальніцкі ролік Аляксея Навальнага пра тое, што Рыбка была на яхце з алігархам Алегам Дзерыпаскам і крамлёўскім чыноўнікам Сяргеям Прыходзькам. І цяпер яны нібыта замовілі яе арышт.

І атрымоўваецца, што расейскі алігархі і карумпаваныя чыноўнікі сталі перасьледаваць жанчыну, хай сабе і ня самых узорных паводзінаў. А паколькі расейскія алігархі — гэта галоўнае зло і ва ўяўленьні Лукашэнкі (прынамсі, ён стварае сабе такі вобраз), і для беларускіх грамадзянаў, і для расейскіх. І Лукашэнка вырашыў выступіць у абарону ахвяры сквапных і хцівых расейскіх алігархаў і карумпаваных чыноўнікаў. Тым больш што з Прыходзькам у Лукашэнкі старыя рахункі. Думаю, што Лукашэнка і гэты чыньнік прыгадаў.

Дракахруст: Я б дадаў, што і зь Дзерыпаскам стасункі былі няпростыя. Памятаю, напачатку нулявых ён прыкладаў шмат высілкаў для таго, каб набыць МАЗ. Яму далі зразумець, што ён дарма спадзяецца.

Да вашай вэрсіі я б дадаў, што пазыцыя беларускай улады ў справе Рыбкі была вельмі натуральнай у межах беларуска-расейскага інтэграцыйнага канфлікту, які працягваецца.

Паводле Лукашэнкі за «інтэграцыйным наступам» Масквы стаяць менавіта алігархі і іх крамлёўскія партнэры. І вось Рыбка іх выкрыла. Цікавым чынам аказваюцца ў адным шыхце Насьця Рыбка, Аляксей Навальны і Аляксандар Лукашэнка.

Карбалевіч: Гэта таксама добра стасуецца з тымі сацыяльнымі праблемамі, якія цяпер існуюць у Расеі. Там рэзкае абвастрэньне сацыяльнай сытуацыі, рэзкае падзеньне рэйтынгу Пуціна ў параўнаньні з часам прэзыдэнцкіх выбараў, моцнае незадавальненьне расейскага грамадзтва ўладай. І Лукашэнка спрабуе на гэтым згуляць, маўляў, Крэмль цісьне на Беларусь, каб адцягнуць увагу грамадзтва ад уласных сацыяльных праблемаў.

Юры Дракахруст

Дракахруст: Заява прэсавай сакратаркі Лукашэнкі наконт таго, што ён уступіўся за Насьцю Рыбку — своеасаблівае пасланьне Крамлю: у алігархаў і крамлёўскіх з Беларусью не атрымаецца, як з Рыбкай. Мы будзе абараняцца. І мы будзем абараняць Рыбку, каб паказаць, што мы будзе абараняць Беларусь. Пры ўсёй спрэчнай рэпутацыі той Рыбкі.

Пасьля вызваленьня Рыбкі яе адвакат заявіў, што, паводле яго зьвестак, беларускія дыпляматы нават не наведалі ягоную падабаронную. Сама Насьця падзякавала за вызваленьня «прэзыдэнту сваёй любімай краіны». Якой — не сказала.

Расейцы паводзілі сябе ў гэтай сытуацыі своеасабліва. Насьцю даволі брутальна затрымалі ў транзытнай зоне Шарамецьева, пасольству пра затрыманьне грамадзянкі Беларусі паведамілі толькі на чацьвёрты дзень.

Пасольства абяцала, што консул яе наведае. Але пасольства заявіла пра гэта літаральна за дзень да яе вызваленьня. Можа консул проста не пасьпеў. Але калі пытаньне вырашылася на высокім дыпляматычным узроўні, Рыбцы і яе адвакату пра гэта ніхто ня быў абавязаны паведамляць.

Як вы лічыце, Валер, Менск і сапраўды паварушыўся ці Лукашэнка проста зрабіў піяр на вызваленьні Рыбкі, якое ўжо адбыўся, ці пра якое было вядомае, што яно адбудзецца ў хуткім часе?

Можа Менск нічога не рабіў, а Лукашэнка проста згуляў картай, якая яму сама прыйшла ў рукі?

Карбалевіч: Цяжка сказаць, што насамрэч рабілі беларускія дыпляматы. Але гэта насамрэч ужо і ня важна. Важна, што беларускі бок выступіў на самым высокім узроўні ў абарону суграмадзянкі і яе вызвалілі.

Дракахруст: Больш шырокае пытаньне — пра рэзананс, які ў Беларусі гэтая справа атрымала. Чаму гэта выклікала такую рэакцыю? Мы зрабілі апытаньне на вуліцах Менску яшчэ да вызваленьне Рыбкі — ці варта беларускай дзяржаве ёй дапамагаць. Цікава, што нягледзячы на асаблівасьці маральнага аблічча гэтай жанчыны, шмат тых, хто адказваў на нашае апытаньне, сказалі — так, трэба дапамагаць. Здавалася б — нейкі скандал з расейцамі, сама гэтая Насьця ніяк асабліва сябе з Беларусьсю не асацыюе. Яна казала, што ў Беларусь — ні нагой. А тым ня менш: нашых б’юць, нашу бʼюць.

Карбалевіч: Шмат людзей цікавіць наагул інфармацыя жоўтага друку — пра жыцьцё «зорак», музыкаў, сьпевакоў, спартоўцаў, скандалы ў іх жыцьці. Гэта больш цікавіць людзей, чым палітычныя навіны. Гісторыя з Насьцяй Рыбкай трапіла ў фокус гэтай ладнай часткі грамадзтва. Плюс заявы Навальнага, плюс брутальнае затрыманьне жанчыны ў аэрапорце. Усе гэтыя чыньнікі разам і спарадзілі такі ажыятаж.