Пінскія ўлады ўхвалілі ідэю помніка разбуранаму савецкай уладай касьцёлу

Фота Міхаіла Сярэдзіча

Памятны знак з мадэльлю зьнішчанага савецкай уладай у 1953 годзе самага вялікага ў Беларусі касьцёла ў гонар сьвятога Станіслава зьбіраюцца паставіць у горадзе Пінску Берасьцейскай вобласьці.

У Пінскім гарвыканкаме 23 студзеня адбылася сустрэча ініцыятараў гэтага праекту з прадстаўнікамі Пінскага гарвыканкаму, якія адказваюць за архітэктуру і ідэалёгію.

Пра гэта Свабодзе расказаў ініцыятар памятнага знаку Міхаіл Сярэдзіч. На сустрэчы разглядалася прапанова паставіць помнік на тым месцы, дзе калісьці быў касьцёл.

«Яны за помнік, паведамілі мне сёньня альгарытм, паводле якога мы будзем усё гэта рабіць», — кажа Міхаіл Сярэдзіч.

Пра ідэю гэтага помніка Сярэдзіч напісаў сацсетках колькі дзён таму, чыноўнікі пачыталі абмеркаваньне і, як кажа Міхаіл, наперад пагадзіліся з ідэяй.

Міхаіл Сярэдзіч кажа, што ў Пінскім гарвыканкаме пагадзіліся і зь месцам для помніка — менавіта там, дзе знаходзіўся алтар касьцёла.

«Так атрымалася, што там нават падрыхтаваная такая клюмба для будучай інсталяцыі, будучага помніка, які туды вельмі ўпішацца. Папраўдзе, тое месца вельмі важнае ў гістарычным сэнсе, але на сёньняшні дзень там лавачкі ды сьцежка. Калі мы будзем аднаўляць такія помнікі, наша сьвядомасьць будзе ўмацоўвацца. Мне падабаецца, што мясцовая ўлада вельмі пазытыўна ставіцца да беларускасьці і помнікаў», — кажа Міхаіл Сярэдзіч.

Мяркуецца, што помнік будзе ўяўляць сабой зьменшаную мадэль, якая будзе стаяць на тым самым месцы. Плянуецца, што на стварэньне помніка будзе абвешчаны краўдфандынг.

Касьцёл Сьвятога Станіслава знаходзіўся на цяперашняй плошчы Леніна, побач езуіцкім калегіюмам. Ён быў узарваны камуністычнымі ўладамі 65 гадоў таму.

Пабудаваны ён быў у 1635–1646 гадах на сродкі старасты пінскага і кобрынскага Альбрэхта Станіслава Радзівіла.

Гэты касьцёл быў самай вялікай каталіцкай сьвятыняй на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага.