Расея і Японія працягнуць перамовы аб падпісаньні мірнай дамовы. Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі па выніках двухбаковай сустрэчы ў Маскве заявілі прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і прэм’ер-міністар Японіі Сіндзо Абэ, паведаміла расейская служба Радыё Свабода.
Паводле Пуціна, абедзьве краіны зацікаўленыя ў падпісаньні дакумэнта. Пры гэтым умовы для мірнай дамовы павінны быць прымальныя для абедзьвюх краінаў і падтрыманыя грамадзтвам. Прэзыдэнт Расеі адзначыў, што Масква будзе выконваць дамову 1956 году.
У сваю чаргу Абэ заявіў, што нявырашаную за 70 гадоў праблему «неабходна вырашаць, але зрабіць гэта няпроста». Ён таксама паведаміў, што Масква і Токіё дамовіліся арганізаваць новы чартэрны рэйс для былых жыхароў паўднёвай часткі Курыльскіх выспаў, каб тыя змаглі наведаць магілы продкаў.
Японскі прэм’ер чакае новай сустрэчы з расейскім лідэрам у чэрвені 2019 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Японія гатовая падпісаць мірную дамову з Расеяй пры гарантыі вяртаньня ёй Шыкатана і астравоў ХабамаіЧатыры астравы Курыльскай грады (Ітуруп, Шыкатан, Кунашыр і Хабамаі) выклікаюць тэрытарыяльныя рознагалосьсі паміж дзьвюма краінамі з канца Другой сусьветнай вайны. Тады Савецкі Саюз анэксаваў гэтыя тэрыторыі. У 1956 году СССР і Японія падпісалі дэклярацыю аб завяршэньні баявых дзеяньняў, аднак мірная дамова так і не была падпісаная.
14 лістапада пасьля сустрэчы лідэраў Расеі і Японіі прадстаўнік расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў распавёў пра пляны вярнуцца да дэклярацыі 1956 году, паводле якой Масква згаджалася перадаць японскаму боку два з чатырох астравоў.
МЗС Расеі пасьля заявіла, што ўмовай падпісаньня мірнай дамовы зьяўляецца прызнаньне расейскага сувэрэнітэту над усімі Курыльскімі астравамі.