Пасьля акцыі памяці Жызьнеўскага затрымалі двух актывістаў

Партрэт Міхася Жызьнеўскага падчас ушанаваньня «Герояў Нябеснай сотні» у Кіеве

Пасьля акцыі памяці Міхася Жызьнеўскага каля ўкраінскай амбасады ў Менску 22 студзеня затрымалі старшыню «Маладога фронту» Дзяніса Ўрбановіча і Вольгу Мікалайчык.


Тэлеграм-канал «Маладога фронту» разьмясьціў відэа затрыманьня. На ім бачна, як 5 мужчын у цывільным зьмяшчаюць 2 чалавек у мікрааўтобус, за імі ідзе актывістка Ніна Багінская, але адзін зь людзей у цывільным яе адштурхоўвае.

Аўтар відэа назваў імёны затрыманых — Дзяніс Урбановіч і Вольга Мікалайчык, і дадаў, што іх маглі адвезьці ў Цэнтральны РУУС Менску. Атрымаць камэнтар міліцыі Свабодзе не ўдалося.

«Мы праводзілі ў парку за ўкраінскай амбасадай ля помніка Шаўчэнку акцыю памяці Жызьнеўскага. За намі ішлі супрацоўнікі міліцыі, АМАПу, ня ведаю, хто яны, яны не прадстаўляліся. Мы даехалі на аўтобусе да плошчы Перамогі, пасьля дайшлі да ЦУМа, ад ЦУМа пайшлі назад пешшу. Тут Дзяніса Ўрбановіча затрымалі», — сказаў мужчына на відэа.

Гэтыя словы Свабодзе пацьвердзіла Ніна Багінская, яна таксама дадала, што ў акцыі ўзялі ўдзел 6 чалавек, прынамсі дваіх удзельнікаў затрымалі.

22 студзеня 2014 году ад агнястрэльнага раненьня ў сэрца ў Кіеве загінуў актывіст Эўрамайдану беларус Міхаіл Жызьнеўскі.​

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве ўшанавалі памяць Міхася Жызьнеўскага і іншых, хто загінуў за Рэвалюцыю Годнасьці