Украінскага журналіста Паўла Шаройку, асуджанага ў Беларусі на 8 гадоў турмы, перавялі зь СІЗА КДБ у бабруйскую калёнію № 2. Пра гэта паведаміў амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім.
Перавод адбыўся яшчэ да новага году. Шаройку ў калёніі наведвала ягоная жонка.
Паводле Кізіма, 23 студзеня з Шаройкам сустрэнецца ўкраінскі консул. Працэдура памілаваньня, або абмены яго на беларускіх грамадзян ня ўваходзіць у кампэтэнцыю ўкраінскай амбасады, гэтым займаюцца іншыя ведамствы, у прыватнасьці Служба бясьпекі Ўкраіны, сказаў Кізім.
Украінскага журналіста Шаройку ў Беларусі асудзілі на 8 гадоў турмы за шпіянаж паводле арт. 358 КК Беларусі. Украінскія экспэрты выказвалі меркаваньні, што Паўло Шаройка быў затрыманы ў Беларусі ў адказ менавіта на затрыманьне ў Чарнігаве ў чэрвені 2017 году беларускага грамадзяніна Юрыя Палітыкі. Яго судзяць за зьбіраньне сакрэтнай інфармацыі ва Ўкраіне на карысьць замежнай дзяржавы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне абвясьцілі рэабілітацыю рэпрэсаваных у часы СССР. Закране і беларусаў