Мамін голас — найлепшы інструмэнт. Выйшаў зборнік калыханак па-беларуску

Старонка ў кнігі «Калыханкі»

У выдавецтве «Галіяфы» выйшла беларуская складанка «Калыханкі» для мамаў, дзетак і ўсіх аматараў сьпеваў. Кніга зьмяшчае народныя і аўтарскія творы, а таксама замежныя дзіцячыя песьні ў перакладзе на беларускую мову. На кампакт-дыску ў дадатак — тры дзясяткі музычных кампазыцый.

Вокладка

​Укладальніца «Калыханак» — філёляг Сьвятлана Тоўсьцік, мастачка — Ганна Сілівончык, дызайнэрка — Віялета Кубліцкая. На дыску песьні выконваюць сама Сьвятлана Тоўсьцік, а таксама сьпевакі Данчык, Тацяна Грыневіч, Лера Чубат, Андрэй Лугін.

Задума ўзьнікла ў дэкрэтным водпуску

Сьвятлана Тоўсьцік з дачушкай Рагнедай

​«У дэкрэтным водпуску зь першым дзіцем даводзілася гадзінамі сьпяваць калыханкі — каб супакоіць, каб хутчэй заснуў, — расказвае Сьвятлана Тоўсьцік. — І вельмі хацелася, каб тэксты заўсёды былі пад рукой — гэткі практычны дапаможнік. Наш край багаты ня толькі на рэкі і азёры, а яшчэ на песьні — проста сьпеўны край! Песьні суправаджаюць беларуса ад нараджэньня. Так нарадзілася ідэя складанкі».

Першага сына ў сям'і назвалі Альгердам, у гонар вялікага князя літоўскага. А літаральна разам з выхадам кніжкі нарадзілася дачушка Рагнеда, па імені першай князёўны на беларускай зямлі.

Пад адной вокладкай — клясыка і новыя творы. Тут і любімыя пакаленьнямі калыханкі «Доўгі дзень» Генадзя Бураўкіна і «Дзед-барадзед» Артура Вольскага, і новыя творы — «Па арэліках да нас ноч спусьціцца мусіла» Эдуарда Акуліна і «Сьпі, мая кветачка» Алеся Камоцкага. Ну і як жа без народных песень накшталт «Люлі-люлі-люлі, прыляцелі куры».

Зьмест дыску

«Разам з тым захапілася ангельскімі дзіцячымі песьнямі, — працягвае Сьвятлана. — Яны вядомыя ва ўсім сьвеце, перакладзеныя на шматлікія мовы. Захацелася, каб загучалі і па-беларуску. Пачала іх перакладаць, выступала ў дзіцячай бібліятэцы, на фэсьце „Каласы пад сярпом тваім“, на занятках „Мова нанова дзеткам“, на „Прамове“ ў ТБМ. Таксама прыхільніца «Сьпеўнага сходу», які ладзіць Сяржук Доўгушаў​.

Але ўсе песьні адразу складана аформіць, вырашыла надрукаваць спачатку тое, што найбольш неабходна нашым бацькам і дзеткам. Гэта, на мой погляд, калыханкі».

Дзевяць першых калыханак былі запісаныя разам з вакалістам Андрэем Лугіным і клявішніцай Аленай Палачанскай з хрысьціянскага гурту Laudans. У той жа час Віталь Абакановіч, муж Сьвятланы Тоўсьцік, зьвярнуўся па дапамогу да мастачкі Ганны Сілівончык, якая аформіла кнігу.

Малюнкі Ганны Сілівончык

«Кожную ноч на небе запальваюцца мільёны зорак. Вось і на прыгожых малюнках Ганны Сілівончык яны весела зіхацяць і радуюць сваім сьвятлом нашыя вочы і сэрцы. А песьні пра зорачкі вельмі пранікнёныя і кранальныя.

Не забыліся мы і пра самыя вядомыя з даўніх часоў калыханкі — народныя, якія сьпявалі нашы бабулі. Гэта найлепшы сродак залюляць, закалыхаць дзіця, каб яно хутчэй заснула. Мамін голас — найлепшы інструмэнт. Так што чытайце, глядзіце, слухайце і сьпявайце. І добрых вам сноў!» — кажа Сьвятлана Тоўсьцік.

Выдаць дапамаглі мэцэнаты з ЗША і Канады

Рэалізаваць ідэю «Калыханак» дапамаглі перадусім сябры: Алена Рыдзеўская з ЗША, культурна-адукацыйны фонд Orsa-Romano Cultural and Aducational Foundation, а таксама Ірына Тоўсьцік, сястра Сьвятланы, якая жыве ў Канадзе.

Старонка ў кнізе

«Вельмі ўдзячная ўсім аўтарам за тое, што далі згоду і падзяліліся сваімі творамі, — гаворыць укладальніца „Калыханак“. — Гэта Леанід Дранько-Майсюк, Арына Лісецкая, паэты-перакладчыкі Андрэй Хадановіч, Алена Церашкова.

Самай галоўнай Зорцы Раства паэт Алесь Клышка прысьвяціў сапраўдны гімн. А мама дзевяці дзетак Ала Скарабагатая прачытала сваю калыханку пад музыку Шубэрта. Так, асобныя рэчы — як вершы пад клясычную музыку. Напрыклад, „Ціха ноч ступае з зорнаю сявенькай“ Рыгора Барадуліна — пад Баха».

Сьвятлана Тоўсьцік працуе ў мэдыйнай сфэры, сябра Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны і Студэнцкага этнаграфічнага таварыства.