БССР называлася беларускай дзяржавай, але адабрала ў беларусаў нацыянальную мову. Бацькі Насты Лісіцынай у пачатку 1980-х забралі дачку са школы, бо даваць ёй беларускамоўную адукацыю там адмаўляліся. А калі дазволілі, Наста стала адзінай у Менску і адзінай у Беларусі гарадзкой школьніцай, якая вучылася цалкам па-беларуску.
«Я ў гэтую школу больш і не заходзіла ніколі»
«Ой, ды ня быў гэта для мяне аніякі стрэс! Мне бацькі казалі, што мы беларусы і нармальна вучыцца па-беларуску. А якое гэта для іх было змаганьне, дык я толькі дарослая даведалася».
Пакуль мы едзем паглядзець на школу, у якой Наста адвучылася па-беларуску, яна хуценька апавядае пра сябе. Яна і цяпер жыве ў Менску, ня так далёка ад сваёй школы. Дваццаць гадоў жыве з мужам, якога ў размове згадвае кожныя 5 хвілін. У сям’і гадуецца трохгадовая Ўльляна. Казкі ёй дома чытаюць па-расейску і па-беларуску. Старэйшаму сыну Карнею неўзабаве будзе 15.
Наста кажа, што, атрымаўшы атэстат, паступіла ў Віленскі пэдагагічны ўнівэрсытэт на спэцыяльнасьць «беларуская мова». Адвучылася, вярнулася ў Менск, стала працаваць настаўніцай і завочна паступіла на юрфак.
«Бываюць жа людзі, якія па 30 гадоў працуюць на адным месцы. Але гэта зусім не маё», — кажа Наста, апісваючы, як шмат гадоў працавала ў маркетынгу.
«Я ў школу гэтую, як скончыла, так і не заходзіла ніколі», — кажа яна, гледзячы на будынак.
«Усё гэта была ідэя бацькоў»
«Вох, які бацька ў мяне быў! — з захапленьнем згадвае Наста. — Ён людзей бачыў, як рэнтген! Толькі не хваробы, а сутнасьць іхную. І ўсё, што ён казаў, пасьля так і было. А калі прынялі закон пра дзьве дзяржаўныя мовы, дык ён свае заключэньні стаў па-беларуску пісаць. Інжынэрам працаваў. Галава там ува ўсіх была квадратная! Міністар яму званіў, казаў: „Ягоравіч, я тут чытаў-чытаў, не разумею“. А бацька не „працэнты“ напісаў, а „адсоткі“.
Насьціны бацькі — Мікалай Лісыцын і Раіса Ханевіч — нарадзіліся ў сярэдзіне 1930-х. Дзецьмі перажылі вайну. Абое скончылі беларускія школы.
„Бацька ў мяне са Слаўгараду, а маці са Сьвяцілавічаў з Гомельшчыны“, — расказвае Наста. — Бацька вучыўся ў Горацкай акадэміі і ў Літве (у Коўне ў політэхнічным). А маці працавала спачатку выхавальніцай у садку, а пасьля скончыла курсы пры Доме модаў, стала краўчыхай. Так усё жыцьцё гэтым і займалася».
Размаўлялі ў сям’і і па-беларуску, і па-расейску. У 3-ю менскую школу з музычным ухілам Наста пайшла ў 1980-м. Першыя гады адвучылася разам з усімі, а пасьля бацькі забралі яе дахаты: вучыць Насту па-беларуску, як яны хацелі, школа адмаўлялася.
«Я пераводу на хатняе навучаньне ня ўзрадавалася, — кажа Наста. — Праз тое, што я ў школу не хаджу, да мяне стаўленьне зьмянялася. Тыя, з кім я пачынала вучыцца, пайшлі далей. А я прыйшла праз год у меншую клясу. Дый дзецям трэба зь сябрамі быць, а ня дома сядзець».
Праз год школа знайшла падручнікі па-беларуску — іх прывозілі зь беларускай школы ў Міханавічах. І Наста стала зноў хадзіць на заняткі: на фізкультуру і замежную мову разам з усімі, а на ўсе астатнія — адна.
«Прыходзіла, а ў клясе я і настаўнік. Кожны ж урок мяне пыталіся, душу вытрэсвалі», — сьмяецца цяпер Наста. — Гэта ж амаль як прыватнае навучаньне было. А настаўніца фізыкі, памятаю, прыходзіла і казала: «Ведаеш, я буду вучыцца разам з табой. Калі я што ня так кажу, ты мяне выпраўляй».
Настаўнікаў Наста ўспамінае з удзячнасьцю. Але з клясным кіраўніком і аднаклясьнікамі спачатку было цяжка. «Калі я прыйшла, там ужо дзеці былі супраць мяне настроеныя. Такі-і-і-і-ія байкоты мне аб’яўлялі! Не размаўляў са мной аніхто. І настаўніца сама маўчала. А я малая была — бегала, плакала, не разумела, чаму».
Тут на абарону прыходзіў бацька. «Ішоў у школу і заступаўся за мяне, — успамінае яна. — Я адчувала сябе за плячыма. Ня тое, каб мяне ў хаце палашчылі, папесьцілі — і давай, ідзі, разьбірайся сама. Не, ён ішоў у школу, размаўляў. Я бачыла, што ён на маім баку».
«Выклікалі псыхіятрычную дапамогу, пагражалі пазбавіць бацькоўскіх правоў»
«Наста, ці была ты шчасьлівым дзіцем?» — гэта ж галоўнае пытаньне, якое задаюць пра дзяцінства.
«Так! — Наста проста квітнее. — Вядома, я была шчасьлівым дзіцём! Мяне маці кожны год на мора вазіла. Усе на вёсках ці на лецішчах, а я на мора на самалёце лётала. І ў мяне ж часу не было! Мы 6 дзён на тыдзень вучыліся. Адна нядзеля была, каб выспацца, выгуляцца, зрабіць урокі, вымыцца. А да восьмай клясы ў мяне „музыкалка“ была: першая зьмена звычайныя прадметы, а другая — музычныя. І я ж яшчэ на танцы бегала, у „Карагодзе“ танчыла».
Наста прыносіць з сабой цэлую паласу з газэты «Звязда» за 1991 год. Журналістка Алена Ціхановіч тады сабрала «Пэдагагічную паэму» з дакумэнтаў. Пра тое, як давалася бацькам яе бесклапотнае дзяцінства і беларускамоўная адукацыя, бацька расказаў Насьце ўжо тады, калі яна падрасла.
«Для мяне не было ў гэтым нічога надзвычайнага. Ніхто не казаў мне, што мы „змагары“, „героі“, „пераможам“. Зусім не было такога. Казалі, што трэба вучыцца па-беларуску, бо мы беларусы. І для мяне гэта так і было», — тлумачыць яна. — Гэта была не мая вайна, бо я была дзіцём. А бацькоў жа і хацелі пазбавіць бацькоўскіх правоў, і псыхіятрычную дапамогу на іх выклікалі».
Паводле ўспамінаў Насты, найбольш адносіны не складаліся з дырэктаркай школы. «Яна ж была жонкай дэпутата Вярхоўнага савету. І зь яе статусам вось такое ў школе — гэта ж партбілет на стол. — Наста памятае, як прыходзілі да дырэктаркі з бацькамі, як настаўнікі прыходзілі да іх дахаты з праверкамі. — Зь яе падачы выклікалася і міліцыя, і лісты яна пісала ў розныя камітэты».
Але бацькам доўга ўдавалася адгароджваць дачку ад усіх праблем. Сапраўднае гора прыйшло ў сям’ю, калі памерла маці Раіса. Насьце было шаснаццаць.
«Ды вашыя дзеці ня ведаюць ані расейскай, ані беларускай, ані ангельскай!»
Мікалай Іванавіч памёр 13 гадоў таму. Пасьпеў пабачыць унука Карнея. Цяпер Карней у 9-й клясе. У беларускамоўную школу яго не аддалі. Але Наста ўпэўненая, што сытуацыя з навучаньнем па-беларуску цяпер непараўнальна лепшая.
«Калі я ў 1980 годзе пайшла ў школу, у Менску не было ані школаў, ані ліцэяў, ані садочкаў, ані клясаў у школах. Наагул не было, — тлумачыць яна сваю пазыцыю. — А цяпер гімназія 4-я ёсьць? Школы ёсьць, садочкі ёсьць? Ты сваё дзіця прыводзіш, дык там яшчэ 30 такіх жа беларускамоўных вакол скача. А я ж адна была зусім — на ўвесь Менск!»
Цяперашняй адукацыяй Наста актыўна незадаволеная. «Гэта шаленства, што яны твораць з гэтай адукацыяй, — абураецца яна. — Я думала, што ў нашай школе быў жах, але там была сыстэма, парадак, усё было зразумела. А тут проста экспэрымэнты над дзецьмі: падручнікі штогод новыя, праграмы мяняюцца».
«Прывесьці да ладу». Як рэфармавалі адукацыю пасьля заяваў Лукашэнкі
Уся гэтая сыстэма, перакананая яна, спарадзіла цэлы інстытут рэпэтытарства, якога ў ейныя школьныя гады проста не існавала. «Бо цяпер школьная адукацыя не дае магчымасьці дзецям з гэтымі ведамі паступаць далей. Нават тым, якія гэтую праграму засвоілі!»
Наста з прыкрасьцю прыгадвае, як калісьці сталі дазваляць паступаць у пэдагагічныя ўнівэрсытэты зь нізкімі баламі. «І гэтыя „дзеці“ ўжо прыйшлі да нашых дзяцей адпрацаваць свае два гады. У мяне хрэсьнік крыжаванку разгадваў для ўроку па беларускай мове, дык замест „сякеры“ там быў „тапор“...»
Тым, што яе гісторыя цяпер можа камусьці быць цікавай, яна шчыра зьдзіўленая. Кажа, што ў маладых цяпер «вэктар» пераважна на тое, каб зьехаць зь Беларусі, напрыклад у тую ж Расею.
«Мне здаецца, гэта неактуальна зусім. Я вось пачытала нядаўна абмеркаваньне пад артыкулам пра тое, колькі людзей гаворыць па-беларуску. Там і разумныя людзі, вядома, камэнтуюць. Але ёсьць і тыя, хто піша: „Вой, нашым дзецям так цяжка. У іх у галаве каша — і беларускую вучыць трэба, і расейскую трэба, і ангельскую трэба“. Ды вашыя дзеці ня ведаюць ані расейскай, ані беларускай, ані ангельскай! Адкуль у іх каша ў галаве? Раскладзіце вашую кашу па розных талерках, і праблемаў ня будзе».
«Мова, бацькі, зямля — гэта ж нашая аснова. Усё гэта мусіць захавацца, — кажа Наста Лісіцына. — Мой бацька любіў казаць: чым больш чалавек ведае моваў, тым больш разоў ён чалавек. Вы ж і самі гэта ведаеце».