Менскі райвыканкам 22 студзеня разглядзеў адміністратыўныя пратаколы, складзеныя на актывістаў КХП-БНФ: выканаўцу абавязкаў старшыні партыі Юрася Беленькага і сакратара менскай управы Валера Буйвала.
За «ўчыненьне шкоды гісторыка-культурнай каштоўнасьці», якая выявілася ў замене спарахнелага крыжа ў памяць аб літоўцах, расстраляных у Курапатах, Юрася Беленькага і Валера Буйвала пакаралі штрафам у 382,5 рубля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абаронцы Курапатаў заявілі пра спробу дзяржавы «нацыяналізаваць» мэмарыял ахвяраў сталінізму27 сьнежня мінулага году група, у складзе якой быў Юры Беленькі, замяніла даўні спарахнелы крыж. Новы крыж зрабілі грамадзяне Літвы — «у стылі літоўскага народнага мастацтва». У час усталяваньня новага крыжа ў Курапатах знаходзіліся два працаўнікі лясгасу, якія не выказвалі прэтэнзіяў да работаў, якія пазьней былі прызнаныя «ўчыненьнем шкоды» мэмарыялу.
Крыж зьнік празь дзьве гадзіны па ўсталяваньні — як высьветлілася, яго вывезьлі працаўнікі лясгасу, цяпер захоўваюць на сваёй тэрыторыі. На наступны дзень кіраўнік Грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу Алесь Чахольскі запатрабаваў, каб лясгас вярнуў крыж — прадстаўнікі лясгасу адмовіліся.
Адміністрацыйная камісія Менскага райвыканкаму спаслалася на пастанову Міністэрства культуры № 1372 ад 2008 году, паводле якой на ўсталяваньне «твору манумэнтальнага ці манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва» патрэбны дазвол мясцовых органаў пры наяўнасьці заключэньня Міністэрства культуры.
«Я толькі ўсталяваў на месцы спарахнелага новы крыж, які ёсьць хрысьціянскім сымбалем, а ня творам мастацтва», — сказаў на гэта Юрась Беленькі і хадайнічаў аб закрыцьці працэсу.
Камісія прагледзела відэа, на якім бачна, як Юрась Беленькі ідзе ў Курапацкім лесе. «Там нават няма кадраў, як я ўсталёўваю крыж. Але нават калі б і былі — я не парушаў парадку, не нанёс шкоды, а рабіў тое, на што ня трэба дазволу: замяніў стары, спарахнелы крыж на новы», — заявіў Беленькі.
Старшыня камісіі Натальля Барадач прапанавала вынесьці Беленькаму «сярэднюю санкцыю». Толькі адзін сябра камісіі, Мікалай Шалесны, устрымаўся. Іншыя, у тым ліку падпалкоўнік міліцыі Натальля Сьмятанка, Рыгор Алешка і Алена Домніч, выказаліся за штраф.
Юрась Беленькі гэтак пракамэнтаваў рашэньне камісіі: «На мой погляд, тут былі парушаныя ўсе нормы заканадаўства. Гэта выключна палітычнае рашэньне, накіраванае супраць абароны Курапат. Гэта рашэньне тых людзей, якія шануюць лінію Сталіна і ідуць у рэчышчы адбельваньня злачынстваў сталінізму».
Валер Буйвал, на якога таксама склалі пратакол за «шкоду Курапатам», кажа, што ня браў удзелу ва ўсталяваньні крыжа, а толькі праходзіў па крыжовай алеі мэмарыялу, якім апякуецца ўжо тры дзясяткі гадоў.
Камісія паглядзела відэа, на якім бачна, што Валер Буйвал ідзе па дарозе ў Курапатах. Гэтага ёй аказалася дастаткова, каб аднагалосна прагаласаваць за штраф у 15 базавых велічыняў.
Валер Буйвал сказаў пасьля паседжаньня: «Гэтае камэдыйнае судзілішча і несправядлівы прысуд сьведчаць толькі аб адным – што рэжым узяў курс і выконвае праграму па зьнішчэньні Курапацкай сьвятыні. Першы этап – забарона ўсталёўваць крыжы на магілах пакутнікаў, другі — зьнішчэньне крыжоў, трэці — зьнішчэньне магіл пакутнікаў».
Юрась Беленькі і Валер Буйвал сказалі, што будуць абскарджваць рашэньне камісіі ў судзе. Паводле актывістаў, адносна іх ня толькі прынятае несправядлівае рашэньне, але і груба парушаныя іх працэсуальныя правы.
Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.
Your browser doesn’t support HTML5