Інцыдэнт з дэмантажом крыжа памяці літоўскіх ахвяр сталінізму і складзеныя за яго ўсталяваньне пратаколы сьведчаць пра жаданьне ўладаў «нацыяналізаваць» Курапацкі мэмарыял, заявілі ў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ.
Кіраўнік грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу ў Курапатах Алесь Чахольскі выказаў абурэньне дэмантажом у Курапатах «літоўскага крыжа». Гэты крыж, зроблены з дубу і аздоблены паводле літоўскіх традыцый, быў пастаўлены ў канцы сьнежня 2018 году на месцы спарахнелага крыжа ў памяць аб літоўцах, якія былі расстраляныя ў Курапатах.
Паводле Алеся Чахольскага, крыж адразу пасьля ўсталяваньня быў незаконна дэмантаваны і цяпер знаходзіцца на тэрыторыі ўправы Бараўлянскага спэцлясгасу. Дэмантаж курапацкага крыжа Алесь Чахольскі назваў «прыкметай антыбеларускай змовы чыноўнікаў супраць Курапат».
«Яны паставілі тут гэтую гаргару,— Алесь Чахольскі паказаў на мэмарыяльны знак ад дзяржавы, усталяваны ў Курапатах у лістападзе мінулага году,— і цяпер хочуць прыватызаваць Курапаты, каб ужо ніхто ня змог тут паставіць крыж сваім продкам».
На месцы, дзе актывісты КХП БНФ усталявалі былі «літоўскі крыж», Алесь Чахольскі паставіў запалены зьніч.
«Крыж стаяў вось тут. Скажыце, каму ён замінаў? Але ўжо празь некалькі гадзін крыж зьнік і знайшоўся на тэрыторыі ўправы Бараўлянскага спэцлясгасу, — сказаў Чахольскі.— Дырэктар лясгасу сказаў мне, што крыж яны дэмантавалі, бо мы нібыта не атрымалі дазволу на яго ўсталяваньне, хоць паводле пастановы Міністэрства культуры мы, дырэкцыя Народнага мэмарыялу Курапаты, маем права наглядаць за крыжамі, мяняць новыя на старыя і ставіць іншыя крыжы».
Актывісты КХП БНФ яшчэ ў сьнежні мінулага году паінфармавалі пра здарэньне літоўскую амбасаду. Там папрасілі два тыдні не падымаць розгаласу, спадзяваліся на разьвязаньне канфліктнай сытуацыі. Але не атрымалася. Больш за тое, праз тры тыдні стала вядома, што на актывістаў партыі Юрася Беленькага і Валера Буйвала за ўстаноўку «літоўскага крыжа» склалі адміністратыўныя пратаколы.
Паводле Алеся Чахольскага, 30 гадоў людзі ставілі ў Курапатах крыжы ў памяць аб забітых сталіністамі продках, і не было ніякіх перашкод.
«А цяпер гэта рабіць нельга, трэба браць дазвол? Гэта незаконна, і мы падрыхтавалі зварот у пракуратуру», — заявіў Алесь Чахольскі.
Чахольскі дадаў, што пра зьнікненьне «літоўскага крыжа» будзе паінфармаваная літоўская грамадзкасьць і структуры Эўразьвязу:
«Гэта ж міжнародны скандал, за гэта павінна быць сорамна ўсім беларусам, ня толькі рэжыму Лукашэнкі».
У лясгасе не камэнтуюць
Дырэктар Заслаўскага спэцлясгасу Аляксандар Мірановіч адмовіўся камэнтаваць зьвесткі пра тое, што літоўскі крыж быў імі дэмантаваны і знаходзіцца на тэрыторыі лясгасу.
«Па тэлефоне я нічога камэнтаваць ня буду», — адказаў Аляксандар Мірановіч карэспандэнту Свабоды і спыніў размову.
22 студзеня ў Менскім райвыканкаме будуць разглядаць адміністратыўныя пратаколы, складзеныя на актывістаў КХП-БНФ Юрася Беленькага і Валера Буйвала за ўсталяваньне ў Курапатах «літоўскага крыжа».
Курапацкая вахта працягваецца
Тым часам у Курапатах працягваецца пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедим», закрыцьця якой ужо восьмы месяц дамагаюцца актывісты.
«Пікетаваньне адбываецца штодзённа, але часова пачынаем вахту з 16 гадзіны, бо стаяць маразы. У мінулую сераду на абаронцаў было складзена 2 пратаколы, але ў асноўным абыходзіцца безь вялікіх канфліктаў: раздаём наведнікам улёткі, агітуем за тое, каб не наведвалі рэстарацыю», — сказаў Свабодзе лідэр «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч.
Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. Што важна ведаць
Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з чэрвеня 2018 году пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ
1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.
З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.
Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.
За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.
Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.
20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.
Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў
Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.
Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.
7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго
Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.
Your browser doesn’t support HTML5
Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.