# 10YearChallenge. Як зьмяніліся і чым займаліся 10 гадоў таму цяперашнія лідэры постсавецкіх краін

Нікол Пашыньян

У інтэрнэце працягваецца чэлендж – # 10YearChallenge. Карыстальнікі сацсетак, палітыкі і мэдыйныя асобы выкладваюць фатаграфіі сябе ў 2019 годзе і сябе – дзесяць гадоў таму.

Праект Радыё Свабода «Настоящее Время» вырашыў параўнаць, як за 10 гадоў зьмяніліся людзі, якія сёньня ўзначальваюць былыя савецкія рэспублікі.

Азэрбайджан

Ільхам Аліеў

​Апошнія 16 гадоў — з 2003 года — Азэрбайджанам кіруе Ільхам Аліеў. Ён стаў прэзыдэнтам незадоўга да сьмерці свайго бацькі Гейдара, які ўзначальваў краіну з 1993 года. На апошніх выбарах прэзыдэнта, якія прайшлі ў красавіку 2018, па афіцыйных дадзеных, Ільхам Аліеў перамог з вынікам у 84%.

Таксама ў 2016 годзе ў Азэрбайджане прайшоў рэфэрэндум аб унясеньні зьмяненьняў у Канстытуцыю краіны, і тэрмін знаходжаньня прэзыдэнта ва ўладзе быў павялічаны з пяці да сямі гадоў. Таму Аліеў будзе заставацца на чале Азэрбайджана мінімум да 2025 года.​

Армэнія

Нікол Пашыньян

​Пасьля рэфэрэндуму ў 2015 годзе Армэнія афіцыйна перайшла ад прэзыдэнцкай да парлямэнцкай рэспублікі. Гэта азначае, што большую частку паўнамоцтваў у краіне на сябе бярэ прэм’ер-міністар разам з парлямэнтам. А прэзыдэнт выконвае больш рэпрэзэнтатыўную функцыю.

Зараз краіну ўзначальвае лідэр апазыцыі да кіруючай партыі і ў мінулым палітычны актывіст Нікол Пашыньян. Ён быў сярод лідэраў пратэстнага руху ў Армэніі вясной 2018 года. Дэманстрацыі выклікала незадаволенасьць праўленьнем Сержа Саргсьяна і яго партыі, а таксама тым, што Саргсьян, які два тэрміны быў прэзыдэнтам, паспрабаваў застацца ва ўладзе на трэці тэрмін, стаўшы прэмʼерам. Пратэсты пазьней назвалі «аксамітнай рэвалюцыяй».

У пачатку 2000-х Пашыньян працаваў журналістам, з 2008 года знаходзіўся ў вышуку праз удзел у масавых беспарадках пасьля парушэньняў на выбарах прэзыдэнта. У 2009 годзе Пашыньян здаўся ўладам Армэніі. Яго прысудзілі да 7 гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачваньнях у арганізацыі масавых беспарадкаў.​

Беларусь

Аляксандар Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе амаль 25 гадоў.

Пасьля двух тэрмінаў запар у 2004 годзе ён ініцыяваў рэфэрэндум, які дазволіў яму балятавацца ў прэзыдэнты неабмежаваную колькасьць разоў. Пасьля гэтага Лукашэнка, паводле ЦВК, з вынікамі ня менш за 79% перамагаў у выбарах 2006, 2010 і 2015 гадоў.

Міжнародныя назіральнікі і праваабарончыя арганізацыі неаднаразова вінавацілі ўлады Беларусі ў фальсыфікацыі галасоў і парушэньнях правоў чалавека.​

Казахстан

Нурсултан Назарбаеў

​Прэзыдэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў знаходзіцца ва ўладзе на постсавецкай прасторы даўжэй за ўсіх — 29 гадоў. З 1990 па канец 1991 Назарбаеў быў абраны прэзыдэнтам Казахскай ССР, пазьней — прэзыдэнтам Рэспублікі Казахстан.

Тагачасныя пяцігадовыя паўнамоцтвы прэзыдэнта Назарбаева павінны былі скончыцца ў сьнежні 1996 года. У красавіку 1995 года на рэфэрэндуме замест выбараў яго знаходжаньне на пасадзе прэзыдэнта падаўжаецца яшчэ на пяць гадоў — да сьнежня 2000 года. Пасьля гэтага Назарбаеў пераабіраўся на пасаду прэзыдэнта зноў і зноў. У 2010 годзе ў Канстытуцыі краіны за ім замацавалі статус «Першага Прэзыдэнта Рэспублікі Казахстан — Лідэра Нацыі». Цяпер Назарбаеву 78 гадоў.​

Кіргізстан

Сааранбай Жээнбэкаў

​Знайсьці здымак цяперашняга прэзыдэнта краіны Сааранбая Жээнбэкава з 2009 года ў адкрытым доступе не ўдалося.

Кіраўніком Кіргізстана ён стаў у 2017 годзе. Раней яго лічылі паплечнікам папярэдняга прэзыдэнта Алмазбэка Атамбаева. Але з уступленьнем Жээнбэкава ў пасаду ў краіне завялі некалькі расьсьледаваньняў у дачыненьні да высокапастаўленых чыноўнікаў, якія ўваходзілі ў «каманду Атамбаева», — іх падазраюць у карупцыі.

Сам Жээнбэкаў з 2016 года займаў пасаду прэм’ер-міністра, з 2010 года займаў пасаду губэрнатара Ошскай вобласьці. Да гэтага часу цяперашні прэзыдэнт займаўся прыватным прадпрымальніцтвам.

Латвія

Марыс Кучынскіс

​Марыс Кучынскіс займае пасаду прэм’ер-міністра Латвіі з 2016 года. Сваю палітычную карʼеру ён пачаў яшчэ ў 1994 годзе, абраны ў гарадзкую думу Валміера. Пасьля гэтага ўзначальваў Міністрэства рэгіянальнага разьвіцьця і некалькі разоў балятаваўся ў Сойм. Але змог прайсьці ў латвійскі парлямэнт толькі ў дзявятым скліканьні — з 2006 па 2009 год.​

Літва

Даля Грыбаўскайце

Даля Грыбаўскайце двойчы абіралася прэзыдэнтам краіны. Свае першыя выбары яна выйграла як раз у 2009 годзе. Незадоўга да таго, як уступіць у пасаду, яна ўзначальвала Камісію Эўразьвяза па фінансавым праграмаваньні і бюджэце, а раней — Камісію ЭЗ па пытаньнях адукацыі і культуры. У пачатку 2000-х Грыбаўскайце займала пасаду міністра фінансаў Літвы.

Малдова

Павэл Філіп

​Знайсьці здымкі цяперашняга прэм’ер-міністра Малдовы Паўла Філіпа 2009 года ў адкрытым доступе таксама не ўдалося.

Філіп стаў прэмʼер-міністрам Малдовы ў 2016 годзе. Да гэтага з 2011 па 2016 гады ён займаў пасаду міністра інфармацыйных тэхналёгій і сувязі.

Да пачатку сваёй палітычнай карʼеры ў 2011 годзе Філіп займаў пасаду генэральнага дырэктара тытунёвай фабрыкі і фабрыкі па вытворчасьці цукерак пасьля працы ў розных цэхах.​

Расея

Уладзімер Пуцін

​У 2018 годзе пачаўся чацьвёрты тэрмін Уладзіміра Пуціна ў якасьці прэзыдэнта Расеі — тэрмін яго новых паўнамоцтваў заканчваецца ў 2024 годзе. Пасьля першых двух — з 2000 па 2008 год — гэтую пасаду заняў Дзьмітрый Мядзьведзеў, які сёньня знаходзіцца ў крэсьле прэм’ер-міністра. У свой прэзыдэнцкі тэрмін Мядзьведзеў падпісаў папраўкі да Канстытуцыі, якія павялічылі тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта з чатырох да шасьці гадоў.

У 2012 годзе Пуцін у трэці раз стаў кіраўніком Расеі. Сваё вылучэньне ён тлумачыў тым, што Канстытуцыя забараняе аднаму і таму ж чалавеку займаць гэтую пасаду два тэрміны запар. Празь некалькі месяцаў пасьля чарговай перамогі Пуціна на выбарах 2018 года, парлямэнт Чачні ўнёс на разгляд у Дзярждуму законапраект аб папраўках да Канстытуцыі, якія б дазволілі падоўжыць паўнамоцтвы прэзыдэнта да трох тэрмінаў запар.

У 2009 годзе Пуцін знаходзіўся ў крэсьле прэмʼер-міністра.

Таджыкістан

Эмамалі Рахмон

Эмамалі Рахмон — нязьменны прэзыдэнт Таджыкістана. Ён знаходзіцца на гэтай пасадзе з 1994 года. У 2016 годзе дэпутаты парлямэнта аднагалосна прынялі закон, які замацаваў за Рахмонам афіцыйны статус «Заснавальнік сьвету і нацыянальнага адзінства — Лідэр нацыі». Па гэтым законе яму належаць пажыцьцёвая недатыкальнасьць, права зьвяртацца да народа і прымаць удзел у важных дзяржаўных мерапрыемствах і выступаць на іх. Тады ж за абразу прэзыдэнта было ўведзенае крымінальная пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін да пяці гадоў або штрафу.

Таксама на ўсенародным рэфэрэндуме ў траўні 2016 года, па афіцыйных дадзеных, большасьць жыхароў Таджыкістана выказаліся за тое, каб Рахмон мог заставацца на сваёй пасадзе пажыцьцёва, а яго старэйшы сын зможа балятавацца на гэтую пасаду ўжо на выбарах 2020 года.

Туркмэністан

Гурбангулы Бэрдымухамэдаў

​Гурбангулы Бэрдымухамэдаў заняў пасаду прэзыдэнта Туркмэністана ў 2007 годзе — пасьля сьмерці Сапармурата Ніязава, які да таго часу кіраваў краінай 21 год, а ў пачатку 1990-х яго абвясьцілі «Туркмэнбашы вялікім» або «кіраўніком усіх туркмэнаў у сьвеце». Бэрдымухамэдаў доўгі час быў лекарам Ніязава.

Сам Бэрдымухамэдаў носіць тытул «Аркадаг», што перакладаецца як «заступнік». У 2012 і 2017 гадах ён перамагаў на выбарах прэзыдэнта, па афіцыйных дадзеных, з вынікам у 97,14% і 97,69%.

У верасьні 2016 года ў Канстытуцыю Туркмэністана былі ўнесены зьмены, якія павялічваюць тэрмін паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы з 5 да 7 гадоў. Тады ж было адмененае і абмежаваньне па ўзросьце абраньня прэзыдэнтам.

За час кіраваньня вакол Бэрдымухамэдава сфармаваўся пэўны культ асобы: ў гонар яго сваякоў названы дзяржаўныя аб’екты, да 50-годзьдзя прэзыдэнта Цэнтрабанк адчаканіў манэты зь яго асобай, яму пастаўлены прыжыцьцёвы 21-мэтровы помнік, які пакрыты 24-каратным золатам, а таксама адкрыты помнік у гонар напісанай ім кнігі.​

Узбэкістан

Шаўкат Мірзіёеў

​Шаўкат Мирзіёеў стаў прэзыдэнтам Узбэкістана ў 2016 годзе — пасьля сьмерці свайго паплечніка Іслама Карымава, які кіраваў краінай з 1994 года. Да гэтага часу — з 2003 года — Мірзіёеў нязьменна займаў пасаду прэм’ер-міністра Ўзбэкістана.

Нягледзячы на тое, што ў краіне ўсё яшчэ застаецца цэнзура і перасьлед людзей па палітычных матывах, а некаторыя экспэрты лічылі, што з прыходам Мірзіёева рэжым стане яшчэ больш жорсткім, сёньня ў праваабарончых арганізацыях кажуць аб палітычнай адлізе.

Амаль адразу пасьля сьмерці Карымава новы прэзыдэнт Узбэкістана пачаў мяняць палітыку краіны: зрабіў некалькі крокаў, каб палепшыць адносіны з Казахстанам, Кіргізстанам і Таджыкістанам (з апошнімі двума адносіны ў апошнія гады кіраваньня Карымава фактычна былі замарожаныя) ва Ўзбэкістан пачалі вяртацца міжнародныя праваабарончыя арганізацыі і СМІ, частку палітвязьняў адпусьцілі з турмаў, а для грамадзян амаль 50 краін сьвету спрасьцілі атрыманьне турыстычнай візы.​

Украіна

Пятро Парашэнка

​Пятро Парашэнка быў абраны на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны ў 2014 годзе пасьля сэрыі антыўрадавых пратэстаў, вядомых ва Ўкраіне як Рэвалюцыя годнасьці. Пасьля гэтага краіна ўзяла курс на інтэграцыю з Эўразьвязам і NATO, і паступова пачала разрываць адносіны з Расеяй — пасьля анэксіі Крыма і пачатку ваенных дзеяньняў у Данбасе ў 2014 годзе.

У 2009 годзе — за некалькі месяцаў да прызначэньня на пасаду міністра замежных спраў — Парашэнка ўзначальваў Нацыянальны банк Украіны.

За час прэзыдэнцтва Парашэнка быў замяшаны ў некалькіх карупцыйных скандалаў: ва ўцечцы дакумэнтаў буйной юрыдычнай фірмы Mossack Fonseca на яго імя знайшлі некалькі кіпрскіх афшораў, праз банк, які належаў Парашэнку, выводзіліся грошы ўцекача ў Расею прэзыдэнта Віктара Януковіча, а таксама на яго падавалі ў суд за прызначэньне свайго паплечніка без вопыту на пасаду ў антыкарупцыйнае агенцтва.

Парашэнка таксама абвясьціў аб намеры балятавацца на новы тэрмін на выбарах 2019 года.​

Эстонія

​Юры Ратас

​Юры Ратас стаў прэм’ер-міністрам Эстоніі ў 2016 годзе — адразу пасьля таго, як папярэдняга кіраўніку ўрада Тааві Рыйвасу быў вынесены вотум недаверу. Сам Ратас выступае за ўзмацненьне кантролю на мяжы з Расеяй і за будаўніцтва сьцяны, якая дапамагла б прадухіліць трансгранічную злачыннасьць, — праект па яе будаўніцтве ўжо ня першы год разглядаецца ўрадам Эстоніі.

Да 2007 года ён займаў пасаду мэра Таліна. У 2009-м Ратас быў у Гарадзкой радзе, а пазьней займаў пасаду віцэ-прэзыдэнта Эстоніі ажно да свайго прызначэньня прэмʼерам.

Да пачатку палітычнай карʼеры ў 2000-х ён працаваў кансультантам у страхавой кампаніі, маркетолягам і аналітыкам у Навукова-дасьледчым будаўнічым інстытуце.​