У Калінкавіцкім раёне затрымалі падазраванага ў забойстве таксіста

Фота зь месца здарэньня

19 студзеня ў Калінкавічах адбылося жорсткае забойства таксіста, пры гэтым быў спалены аўтамабіль таксі. Падазраваны затрыманы міліцыяй.

Як паведамляе УУС Гомельскага аблвыканкаму, ранкам 19 студзеня ў міліцыю паступіла паведамленьне, што ў лесе на ўскрайку Калінкавічаў гарыць аўтамабіль таксі. Пакуль ратавальнікі тушылі яго, міліцыя пачала шукаць кіроўцу. Цела забітага знайшлі ў ваколіцах вёскі Гулевічы Калінкавіцкага раёну.

Неўзабаве быў затрыманы і падазраваны ў злачынстве — 25-гадовы жыхар райцэнтру. Ён нідзе не працуе, неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці.

Сьледчы камітэт паведаміў, што раніцай 19 студзеня 25-гадовы мужчына, знаходзячыся ў гасьцях, зьвярнуўся ў службу таксі, каб ехаць дадому. Нецьвярозы пасажыр папрасіў таксіста адвезьці яго спачатку дадому, а затым у ваколіцы вёскі Гулевічы. Падчас руху падазраваны напаў на кіроўцу з нажом, раніў яго ў шыю і грудзі. Ад ранаў таксіст памёр на месцы.

У ходзе допыту падазраваны распавёў, што ў далейшым ён выкінуў цела з аўтамабіля, пасьля чаго зьехаў сам, затым падпаліў машыну.

Заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу 139 Крымінальнага кодэксу Беларусі (забойства).