За апошняе дзесяцігодзьдзе колькасьць мільярдэраў у сьвеце падвоілася і летась іх колькасьць дасягнула 2208 чалавек, гаворыцца ў дасьледаваньні міжнароднага аб’яднаньня арганізацый барацьбы зь беднасьцю Oxfam. Паводле справаздачы, капітал найбагацейшых людзей плянэты рос на 2,5 мільярда даляраў штодня.
У пэрыяд з 2017-га да 2018 году новы мільярдэр у сьвеце зьяўляўся кожныя два дні, кажуць экспэрты. Пры гэтым фінансавае становішча 3,8 мільярда самых бедных людзей сьвету за мінулы год зусім не палепшылася, адзначаюць аўтары дасьледаваньня.
Акрамя таго, багатыя асобы і арганізацыі плацяць самыя нізкія падаткі за дзесяцігодзьдзе, заяўляюць у Oxfam. Як гаворыцца ў дасьледаваньні, калі 1% найбагацейшых людзей будзе плаціць усяго на 0,5% больш падаткаў са сваіх даходаў, гэта дасьць магчымасьць сабраць сродкі на адукацыю 262 мільёнаў дзяцей або на мэдыцынскія паслугі, якія змогуць выратаваць жыцьцё 3,3 мільёна чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сусьветны банк: палова людзей у сьвеце жывуць менш як на 5,5 даляра ў дзень. А як у Беларусі?Oxfam заклікае ўрады ўвесьці рэальныя зьмены, каб заахвоціць карпарацыі і багатых фізычных асобаў плаціць справядлівую долю падаткаў і інвэставаць гэтыя сродкі ў бясплатную мэдыцыну і адукацыю.
Як паказваюць дасьледнікі, багацьце самага заможнага чалавека — уладальніка кампаніі Amazon Джэфа Бэзаса — вырасьлі да 112 мільярдаў даляраў, а адзін адсотак ад гэтай лічбы роўны ўсяму бюджэту аховы здароўя Этыёпіі з насельніцтвам 105 мільёнаў чалавек.
Міжнароднае аб’яднаньне Oxfam публікуе даклад аб беднасьці напярэдадні штогадовай сустрэчы Сусьветнага эканамічнага форуму ў Давосе, Швэйцарыя, 22 студзеня.
Ці ёсьць мільярдэры ў Беларусі
У Беларусі дакладна быў прынамсі адзін даляравы мільярдэр — у 2016 годзе Bloomberg ацэньваў у 1,5 млрд даляраў багацьце Віктара Кіслага, заснавальніка кампаніі Wargaming і стваральніка гульні World of Tanks. Але цяпер у сьпісе Forbes, дзе ўлічаныя больш за дзьве тысячы бізнэсоўцаў, якія маюць больш за мільярд даляраў, цяпер няма беларусаў.
У розны час сьцьвярджалася, што больш за мільярд меў беларускі бізнэсовец украінскага паходжаньня Ўладзімер Пефціеў, а таксама замежныя бізнэсоўцы беларускага паходжаньня Андрэй Мельнічэнка, Дзьмітры Мазепін, Андрэй Клямко і Міхаіл Абызаў. Самыя вялікія даходы ў Беларусі дэкляруе ўжо два гады запар Віктар Пракапеня (58,9 млн рублёў за 2017 год), але ацэнку агульнага багацьця бізнэсоўца не давалі.