Раніцай у панядзелак над Беларусьсю будзе відзён крывавы Месяц. Калі пашанцуе з надвор’ем

Раніцай 21 студзеня ў Паўночным паўшар’і нашай плянэты можна будзе назіраць за эфэктнай астранамічнай зьявай — поўным зацьменьнем Месяца. Асаблівасьць гэтага зацьменьня яшчэ і ў тым, што яно прыпадае на поўню і што ў гэты дзень Месяц будзе бліжэй да Зямлі, чым звычайна — гэта будзе гэтак званы Супэрмесяц.

Пры поўным зацьменьні Сонца, Зямля і Месяц выстройваюцца ў адну лінію. Месяц заходзіць у цень Зямлі, але не зьнікае цалкам. Сонечныя прамяні праламляюцца ў атмасфэры, і цень атрымліваецца чырванаватым. Таму такую зьяву называюць «крывавым Месяцам».

Якога адценьня будзе «крывавы Месяц» дакладна прадказаць немагчыма, бо колер ценю залежыць ад стану атмасфэры. Калі яна забруджаная, колер будзе цямнейшы, калі чыстая — сьвятлейшы.

У Менску раніцай у панядзелак чакаецца пераменная воблачнасьць з праясьненьнямі. Месяц будзе чырвоным ад 7.40 да 9.45 паводле менскага часу, максымальны момант зацьменьня — 8.12.

Астраномы кажуць, што наступнае падобнае зацьменьне адбудзецца толькі праз шэсьць гадоў — 7 верасьня 2025 года.