Разам з Насьцяй Рыбкай можа быць затрыманы яшчэ адзін грамадзянін Беларусі

Анастасія Вашукевіч падчас судовага працэса ў Тайляндзе

Другі затрыманы беларус — Андрэй Жэшка. Такую інфармацыю паведаміла Радыё Свабода жонка Аляксандра Кірылава (Алекса Лэсьлі) Крысьціна. Яна таксама сьцвярджае, што ў мужа Анастасіі Вашукевіч (Насьці Рыбка) Мікалая прайшоў вобшук па месцы ягонага жыхарства ў Беларусі.

8 чалавек 17 студзеня былі дэпартаваныя з Тайлянду, дзе ім прысудзілі ўмоўны тэрмін за арганізацыю сэкс-трэнінгаў. У паліцыі заявілі, што сэкс-трэнэры затрыманыя ў справе аб уцягваньні ў прастытуцыю. Максымальнае пакараньне паводле гэтага артыкулу — да шасьці гадоў пазбаўленьня волі.

У аэрапорце Шарамецьцева пасьля дэпартацыі 4 зь іх затрымала расейская паліцыя. Гэта грамадзяне Беларусі Анастасія Вашукевіч, Андрэй Жэшка, ураджэнец Беларусі Аляксандр Кірылаў і грамадзянка Расеі Марыя Жарко.

Анастасія Вашукевіч (Насьця Рыбка), Андрэй Жэшка (Андрэй Покер) і Аляксандр Кірылаў (Алекс Лэсьлі). Скрыншот зь відэа

Сярод 8 дэпартаваных быў яшчэ адзін грамадзянін Беларусі Андрэй К. Па словах Крысьціны, ён пасьпяхова пакінуў аэрапорт, але сувязі зь ім яна цяпер ня мае.

Зьвязацца з Мікалаем Вашукевічам і свякамі Андрэя Жэшка пакуль не ўдалося. Раней Андрэй Жэшка ў расейскіх СМІ ўжо быў названы грамадзянінам Беларусі паводле словаў ягонай жонкі.

«Вашукевіч ня хоча быць прэзыдэнтам Беларусі» — адвакат

Дзьмітры Зацарынскі, адвакат Анастасіі Вашукевіч (Насьці Рыбка), паведаміў Радыё Свабода, што суд па вызначэньні меры стрыманьня для Вашукевіч і іншых затрыманых адбудзецца пасьля 18.00 19 студзеня. Сьледчая, кажа адвакат, інфармацыі пра ягоную падабаронную не дае. Сам ён бачыўся з Анастасіяй увечары ў пятніцу. «Выглядае цалкам нармальна», — кажа ён. Інфармацыі пра іншых затрыманых у Зацарынскага няма.

«Анастасія Вашукевіч — звычайная грамадзянка Беларусі. Яна не прэтэндуе і ніколі не прэтэндавала на пост прэзыдэнта. Уся інфармацыя на гэты конт зьяўляецца правакацыяй», — перадаў Радыё свабода словы Анастасіі адвакат.

Сама Крысьціна працай адваката Анастасіі вельмі незадаволеная. У яе акаўнце ў ВК таксама зьявіўся пост пра тое, што ўся праўдзівая інфармацыя пра становішча затрыманых знаходзіцца толькі ў сваякоў.

«Абвінавачаньне проста сьмешнае»

Паводле Крысьціны, яна сама набыла для Анастасіі Вашукевіч квіток з Масквы да Менска. У беларускую сталіцу Насьця мелася вылецець праз дзьве гадзіны пасьля прылёта з Бангкока.

«Зона транзыта — гэта нэўтральная зона, дзе Насьцю ня мусілі арыштоўваць, — распавядае жонка Аляксандра Кірылава. — Ва ўсіх сваякоў тых, хто ўчора знаходзіўся ў аэрапорце, быў вобшук дома. У тым ліку і ў Мікалая Вашукевіча. А Мікалай жыве ў Беларусі, і вобшук у яго быў у Беларусі, а не ў Маскве. Нейкім чынам паліцыя ж мае сувязі з паліцыяй вашай краіны. І Насьця магла б быць затрыманая на тэрыторыі сваёй краіны, а не на тэрыторыі РФ».

Крысьціна сьцвярджае, што падчас затрыманьня Анастасіі казалі, што яна праходзіць па справе як сьведка. «Але сьведку ня маюць права затрымліваць, арыштоўваць, выцягваць з транзытнай зоны. За яе заступаўся толькі яе муж, які побач зь ёй знаходзіўся. Яе цягнулі, хацелі зьвязаць ногі!»

Усіх затрымалі на 48 гадзін. Магчымая падстава — завяденьне крымінальнай справы аб уцягваньні ў прастытуцыю.

«Абвінавачаньне проста сьмешнае. Я так стамілася адбівацца ад паклёпу ў адрас майго мужа. Нашая сям’я ўжо столькі ўсяго перажыла за гэты год», – кажа Крысьціна.

«Насьця казала, што аддасьць усё асабіста Алегу Дэрыпаску»

Крысьціна кажа, што ёй складана патлумачыць, з чым зьвязаны перасьлед, які церпяць яе муж і сябры.

«Быў міжнародны скандал. Можа хтосьці з уплывовых людзей хоча такім чынам Насьцю і Алекса напалохаць і паказаць — „сядзіце ціха“. Можа быць гэта проста дурны зьбег абставін, — кажа Крысьціна. — Нават калі ў мяне ёсьць нейкія меркаваньні на гэты конт, я не буду называць аніякія прозьвішчы, бо я не хачу нашкодзіць Насьці і Алексу».

Паводле Крысьціны, з пагрозамі і пільнай увагай да сябе яны сутыкаліся яшчэ да Тайлянда. «На машыну майго мужа быў напад у Польшчы. Шкло было ня выбіта, але зьнятыя нумары і па ім было зьдзейсьненае крымінальнае злачынства. З машыны не скралі 8 тысяч эўра, але скралі ноўтбук».

Якую ролю ў тым, што адбываецца з Насьцей і Алексам адыграла расьсьледаваньне Навальнага? «Навальнаму ад мяне, жонкі Алекса Лэсьлі, асабіста прывітаньне», – кажа Крысьціна. – Я хачу ў яго спытацца, на якой старонцы кнігі Насьці Рыбкі ён знайшоў карупцыю і сьляды страшнай змовы, пра якую ён нам распавядае».

Раней Анастасія Вашукевіч казала, што мае некалькі гадзін запісаў, якія могуць зьмяшчаць інфармацыю пра ўплыў Расеі на выбары ў ЗША ў 2016 годзе. На пытаньне, ці можа гэтае затрыманьне стаць легальнай падставай, каб трапіць у кватэры затрыманых, Крысьціна мяркуе:

«Гэта і ёсьць легальны спосаб зайсьці ў кватэры, штосьці там пашукаць. У жонка Андрэя былі забраныя тэлефоны, ноўтбукі, шукалі нейкую інфармацыю. Я хачу адразу расчараваць людзей, якія шукаюць. Усё, што, магчыма, было, было толькі ў Насьці. Яна казала, што нікому нічога ня будзе скідваць, і аддасьць яе Алегу Дэрыпаску ў рукі асабіста. Гэта казала сама Насьця. Варта камунікаваць асабіста зь ёю».

Чаму мы пішам пра Насьцю Рыбку?

Насьця Рыбка стала вядомая пасьля расьсьледаваньня расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага пра магчымыя карупцыйныя сувязі мільярдэра Алега Дзерыпаскі і намесьніка кіраўніка ўраду Расеі Сяргея Прыходзькі.

Улетку 2016 году алігарх і чыноўнік, плаваючы разам на яхце, нібыта абмяркоўвалі ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары. На гэтай яхце ў ліку іншых дзяўчат з эскорт-агенцтваў была і Насьця Рыбка. Пазьней пра тое, што адбывалася на яхце Дзерыпаскі, яна расказала ў сваёй кнізе і ў сацыяльных сетках.

Аляксандр Кірылаў і Анастасія Вашукеіч

Анастасія Вашукевіч, Аляксандар Кірылаў і яшчэ 7 чалавек былі затрыманыя ў Патаі ў канцы лютага 2018 году. Паводле ўладаў, яны арганізоўвалі «сэкс-трэнінгі», ня маючы дазволу працаваць у Тайляндзе. Большасьць удзельнікаў сэмінараў былі мужчыны.

Аляксандар Кірылаў заяўляе, што супраць яго і Анастасіі Вашукевіч была праведзеная сакрэтная апэрацыя. Паліцыя распавяла The New York Times, што «замежны шпіён» быў у канфэрэнц-залі падчас трэнінгу і што шпіён кантактаваў з афіцэрамі, якія чакалі пачатку апэрацыі па затрыманьні ўдзельнікаў «трэнінгу».

Ганароваму консулу Беларусі ў Тайляндзе Рыбка заявіла, што ня хоча вяртацца ў Беларусь, сказаў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз.