«Учынілі шкоду гісторыка-культурнай каштоўнасьці» заменай спарахнелага крыжа на новы, мяркуюць ідэолягі райвыканкаму.
Выканаўца абавязкаў старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрыя Беленькага і сакратара ўправы партыі Валера Буйвала 18 студзеня выклікалі ў Менскі райвыканкам на паседжаньне ідэалягічнага аддзелу, расказвае сайт партыі.
На іх склалі пратакол за ўсталяваньне крыжа ў памяць аб літоўцах, расстраляных у Курапатах — яны «парушылі парадак і ўмовы выкананьня працаў на гісторыка-культурнай каштоўнасьці».
27 сьнежня мінулага году група, у складзе якой быў Юры Беленькі, замяніла даўні спарахнелы крыж. Новы крыж зрабілі грамадзяне Літвы — «у стылі літоўскага народнага мастацтва». У час усталяваньня новага крыжа ў Курапатах знаходзіліся два працаўнікі лясгасу, якія не выказвалі прэтэнзіяў да работаў, якія пазьней былі прызнаныя «ўчыненьнем шкоды» мэмарыялу.
Крыж зьнікнуў празь дзьве гадзіны па ўсталяваньні — як высьветлілася, яго вывезьлі працаўнікі лясгасу, цяпер захоўваюць на сваёй тэрыторыі. На наступны дзень кіраўнік Грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу Алесь Чахольскі запатрабаваў, каб лясгас вярнуў крыж — прадстаўнікі лясгасу адмовіліся.
Паводле Рацыі, Валер Буйвал, на якога таксама склалі пратакол за «шкоду Курапатам», ня браў удзел ва ўсталяваньні крыжа, а толькі праходзіў па крыжовай алеі мэмарыялу, якім апякуецца ўжо тры дзясяткі гадоў.
Прадстаўнікі КХП БНФ зьбіраюцца зьвярнуцца ў пракуратуру і да міжнароднай грамадзкасьці, каб абскардзіць дзеяньні ўладаў, якія яны лічаць незаконнымі і вандальскімі.
Your browser doesn’t support HTML5
Мэмарыял у Курапатах быў заснаваны не дзяржавай, а грамадзкасьцю. Крыжы ва ўрочышчы ўсталёўваліся простымі грамадзянамі ад 1988 году. Дзяржаўны мэмарыяльны знак зьявіўся ў Курапатах толькі ў 2018 годзе.
Старшыня КХП БНФ Зянон Пазьняк абурыўся пратаколамі: «зьнішчылі крыж ад народу суседняй дзяржавы, а арганізатараў пабудовы сусьветна вядомага Мэмарыялу на месцы камуна-расейскіх расстрэлаў сталі перасьледваць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што пагражае Курапатам? Чатыры тэзісы Алеся ЧахольскагаСталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.
Your browser doesn’t support HTML5