Тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава» ўзяла на сябе адказнасьць за выбухі ў жылым доме і ў маршрутным таксі ў Магнітагорску. Пра гэта са спасылкай на арабскую газэту Al Naba паведаміла арганізацыя SITE Intelligence Group, якая адсочвае актыўнасьць тэрарыстычных арганізацый у інтэрнэце.
Телеграм-канал Directorate 4 пацьвярджае гэтую інфармацыю і публікуе тэкст артыкулу ў газэце Al Naba, у якім сьцьвярджаецца, што прыхільнікі групоўкі змаглі закласьці выбухоўку ў будынку і прывесьці яе ў дзеяньне. Сваё маўчаньне на працягу амаль трох тыдняў у «Ісламскай дзяржаве» тлумачаць меркаваньнямі бясьпекі тых, хто ўчыніў тэракт, паведамляе канал.
Ніякіх падрабязнасьцяў, акрамя агульнавядомых, у артыкуле Al Naba не прыводзіцца. Пры гэтым джыхадысты цытуюць заявы расейскіх уладаў аб тым, што сьлядоў выбухоўкі знойдзена не было, гаворыцца ў паведамленьні Directorate 4.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апазналі ўсіх 39 загінулых пры разбурэньні дома ў МагнітагорскуПасьля заявы «Ісламскай дзяржавы» аб датычнасьці да выбухаў у Магнітагорску Сьледчы камітэт Расеі выступіў з камэнтаром, у якім прапанаваў журналістам «не давяраць паведамленьням тэрарыстычных арганізацый, якія, як вядома, прыпісваюць сабе ўсе рэзанансныя здарэньні ў розных краінах сьвету».
Афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту РФ Святлана Пятрэнка адзначыла, што сьледзтва адпрацоўвае ўсе магчымыя вэрсіі трагедыі, але прыярытэтнай застаецца вэрсія выбуху бытавога газу, а высновы «можна будзе зрабіць толькі па выніках правядзеньня комплексу сьледчых дзеяньняў і стараннага аналізу сукупнасьці атрыманых доказаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуска, якая загінула ў Магнітагорску, была ў вайну снайпэрам, перажыла блякаду, — СМІРаніцай 31 сьнежня ў адным з пад’ездаў дзесяціпавярховага дома ў Магнітагорску абрынуліся перакрыцьці. Загінулі 39 чалавек. Паводле афіцыйных дадзеных, прычынай абвалу стаў выбух бытавога газу.
1 студзеня ў Магнітагорску загарэлася і ўзарвалася маршрутка, як заяўлялі ў МУС, празь няспраўнасьць газавага абсталяваньня. У выніку загінулі тры чалавекі.
Раней выданьні Znak.com і «74.ru» са спасылкай на крыніцы ў праваахоўных органах пісалі, што выбух дома мог быць тэрактам, а выбух аўтамабіля «Газэль» 1 студзеня і эвакуацыя жылых дамоў на праспэкце Леніна ў Магнітагорску маглі быць зьвязаныя з затрыманьнем падазраваных у датычнасьці да выбуху дома.
Пасьля гэтых паведамленьняў у СМІ, ужо 1 студзеня ФСБ Расеі адмовілася ад якіх-небудзь іншых вэрсіяў здарэньня акрамя выбуху бытавога газу. Сьледчы камітэт паведаміў, што разглядае ўсе вэрсіі, але прыярытэтнай лічыць выбух газу.