17 студзеня ў Гомельскай абласной бібліятэцы імя Леніна адбылася ўрачыстая перадача камплектаў кніг «Галасы Утопіі» ляўрэата Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятланы Алексіевіч. Пра гэта інфармуе БелаПАН.
Сэрыя была выдадзена на беларускай мове пасьля пасьпяховай краўдфандынгавай кампаніі, на якой было сабрана ў пяць разоў больш сродкаў, чым трэба для выданьня.
Перакладамі кніг на беларускую займаліся айчынныя літаратары — Андрэй Хадановіч, Сяргей Дубавец, Уладзімір Арлоў, Барыс Пятровіч і Валянцін Акудовіч. Кнігі пабачылі сьвет у выдавецтве «Логвінаў», без цэнзарскіх правак, якіх было шмат пры ранейшых выданьнях.
15 тысяч кніг выкупіў «Белгазпрамбанк» для раздачы ў бібліятэкі Беларусі. Дзьве вобласьці — Гарадзенская і Берасьцейская — адмовіліся ад кніг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы былі ў шоку». Бібліятэкі трох абласьцей адмовіліся ад бясплатнага пяцітомніку АлексеівічУ Гомельскую абласную бібліятэку сёньня былі перададзеныя 493 камплекты кніг. Яны будуць распаўсюджаныя па бібліятэках вобласьці.
Старшыня праўленьня ААТ «Белгазпрамбанк» Віктар Бабарыка на цырымоніі выказаўся пра «дзіўны лёс, які зьвязвае дзьве рэчы — герояў кніг Святланы Алексіевіч ва ўсіх яе творах і вось гэтае выданьне яе кніг».
«Іх агульнасьць у нейкай ступені трагічная. Як тут ужо казалі — героі аповесьцяў вельмі хацелі быць шчасьлівымі, і ў іх гэта ніяк не атрымлівалася. Так і лёс кніг у Беларусі нобэлеўскага ляўрэата, калі дзьве вобласьці адмовіліся прымаць кнігі ў дарунак. Які трагічны лёс. Я ўпэўнены — людзі хочуць, але не разумеюць, ня могуць быць шчасьлівымі, ня могуць любіць герояў сваёй краіны. Вось гэты трагізм — ён прасочваецца», — падкрэсьліў Бабарыка.
Ён рады, што кнігі дайшлі да чытачоў Гомельскай вобласьці — роднай для Алексіевіч, там прайшло яе дзяцінства і маладосьць. Старшыня праўленьня банку заўважыў, што ўлада прыходзіць і сыходзіць, а нобэлеўскія ляўрэаты застаюцца назаўжды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Арганізатары спалохаліся», — Алексіевіч пра патрабаваньне да журналістаў узгадняць публікацыі зь яе сустрэчы з айцішнікаміВыдавец Ігар Логвінаў распавёў пра гісторыю перакладу кніг. «Мы сьвядома вырашылі не прыцягваць прафэсійных перакладчыкаў, а прыцягнуць моцныя галасы — ёсьць беларускія літаратары, чый голас моцны, вядомы і паважаны. Кожны перакладчык сам абраў для сябе кнігу, і зрабіў працу хутка і якасна», — заўважыў Логвінаў.
Пісьменьнік Уладзімір Арлоў распавёў, што пазнаёміўся са Сьвятланай Алексіевіч у цяжкія для абодвух часы: яе цягалі па судах за кнігу «Цынкавыя хлопчыкі», а пісьменьніка пагражалі пасадзіць у турму за тое, што жыў у Менску без прапіскі — пасьля выступу на «Дзядах» у 1988 годзе. Алексіевіч напісала заяву, што гатова прапісаць Арлова ў сваёй кватэры. Ёй гэта не дазволілі. Але атрымалася пацягнуць час.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няма свабодных людзей і краіны». Што Алексіевіч сказала на цэнзураванай сустрэчы ў МенскуТаксама Арлоў успамінаў, як езьдзіў разам з Алексіевіч на міжнародныя сустрэчы і кангрэсы, па Беларусі, і як два гады таму Гомельская абласная бібліятэка адмяніла сустрэчу чытачоў з нобэлеўскім ляўрэатам. «Але сёньня мы тут, у гэтых сьценах. Гэта значыць, што часы мяняюцца», — дадаў пісьменьнік.
З адметных рысаў Алексіевіч ён адзначыў «вернасьць сабе, сваёй грамадзянскай і эстэтычнай пазыцыі, вернасьць сваёй тэме, жанру, пісьменьніцкай оптыцы». «Вось гэтая вернасьць, я лічу, і дапамагла ёй атрымаць Нобэлеўскую прэмію», — падкрэсьліў Уладзімір Арлоў.