У Ірляндыі, як і ў Беларусі, дзьве дзяржаўныя мовы: свая ірляндзкая і мова захопнікаў — ангельская. Як і ў Беларусі, на роднай мове там размаўляе абсалютная меншасьць жыхароў краіны. Тым ня менш у Ірляндыі нікому ня прыйдзе ў галаву дакараць ангельскамоўную большасьць за адсутнасьць патрыятызму і ляяльнасьці да дзяржавы. Але як ні парадаксальна — гэта заслуга ірляндзкай мовы.
Ірляндзкую мову разумее і, калі спатрэбіцца, можа размаўляць на ёй 30% жыхароў выспы. Але штодня ёй карыстаецца ня больш за 3,5%. Гэта ў разы менш, чым у Беларусі. Але ад беларускай сытуацыі ірляндзкую адрозьнівае істотная дэталь: партыя, якая ня мае сярод пастулятаў адраджэньне ірляндзкай мовы, мае вельмі малыя шанцы выйграць выбары.
Пра складаную, далікатную, але не безнадзейную моўную сытуацыю ў Ірляндыі распавядае Свабодзе выкладчык Акадэміі фінансаў і бізнэсу Vistula ў Варшаве, гісторык эўрапейскіх нацыяналізмаў, этнапалітыкі, спэцыяліст у гісторыі і палітычнай сыстэме Ірляндыі, аўтар некалькіх кніг пра ірляндзкі нацыяналізм Ваўжынец Канарскі.
Ірляндзкую мову пачалі вынішчаць за некалькі стагодзьдзяў да беларускай
Гісторыя праблемаў ірляндзкай мовы вельмі падобная на беларускую, але значна даўжэйшая. Мова ірляндцаў перасьледавалася і вынішчалася пачынаючы ад XIV ст. Гэта была мова скоранага народу, які спачатку захапілі англа-нaрманы, а потым ангельцы і часткова шатляндцы. Каб выцeсьніць ірляндзкія роды, на востраве наўмысна разьвівалася асадніцтва. Ад часоў Лізаветы І ангельцы стымулявалі гэтыя працэсы мэтанакіравана. Мэта была простая — кажа прафэсар Канарскі, — захоп зямлі і выцясьненьне мясцовай культуры.
— Галоўным элемэнтам, які адрозьніваў ірляндцаў ад розных захопнікаў, была нацыянальная сьвядомасьць, якая фармавалася стагодзьдзямі. Да яе я адношу і мову, якая была для ірляндцаў надзвычай важнай. Але быў яшчэ адзін элемэнт — візуальны бок або, інакш кажучы, экспрэсіўны. Памятайма, што мова — гэта адзін са спосабаў выяўленьня нашай сьвядомасьці. А ёсьць і іншая форма — наша вопратка, песьні, паданьні і легенды, нават паводзіны, сямейныя традыцыі. З усім гэтым захопнікі змагаліся ўжо ад XIV стагодзьдзя.
Менавіта тады, у 1366 годзе, у горадзе Кілкені (Kilkenny) быў прыняты дакумэнт, які меў на мэце зьнеахвоціць захопнікаў пераймаць ірляндзкую культуру. Справа ў тым, што цягам 200 гадоў ад першага нападу нарманаў у XII ст. і ажно да гэтых пастановаў у Кілкені, культура захопнікаў прайгравала ў канфлікце зь мясцовай кельцкай культурай.
— Гэты дакумэнт, прыняты з ініцыятывы віцэ-караля Ірляндыі, прадстаўніка ангельскай манархіі, быў дакумэнтам з прыкметамі першага апартэіду ў Эўропе. Бо кожны чалавек, які размаўляў па-ірляндзку, апранаўся па-ірляндзку, сьпяваў песьні, нават англа-нарман, які культываваў ірляндзкую культуру, успрымаўся як дзяржаўны здраднік.
Кілкенскія пастановы моцна павялічылі імпэт рэпрэсіяў, і ўжо ў XVI ст. пачалося масавае засяленьне Ірляндыі ангельцамі і шатляндцамі. Найбольш гэтых асаднікаў жыло і жыве дагэтуль у Паўночнай Ірляндыі. Ад гэтага цярпела мова і звычаі ірляндцаў, а ў выніку і незалежніцкія памкненьні. Наступствам гэтага стала тое, што на мяжы XVIII і XIX стст. адбыўся катастрафічны пэрыяд у гісторыі Ірляндыі. Яна была паглынутая на моцы Акту аб уніі Вялікабрытаніі і Ірляндыі 1800 году як элемэнт брытанскай дзяржавы.
Канчатковае вырашэньне
У тым часе нягледзячы на стагодзьдзі рэпрэсіяў абсалютная большасьць ірляндцаў, асабліва ў вёсках, размаўлялі на сваёй мове. Але на працягу некалькіх наступных дзесяцігодзьдзяў брытанскі ўрад прымае рашэньне канчаткова выцесьніць ірляндзкую.
— У 1831 годзе брытанскі ўрад прыняў закон, які называўся Законам аб дзяржаўных школах. Зразумела, ангельскіх. Іх адкрыцьцё было накіраванае не на барацьбу зь непісьменнасьцю. Мэтай было пры дапамозе адміністрацыйных мэтадаў цалкам выцесьніць ірляндзкую мову як галоўную размоўную мову на востраве. І гэты крок брытанцаў быў вельмі эфэктыўным.
Наступны цяжкі ўдар ірляндцам і ірляндзкай мове нанёс Вялікі Голад 1845-1849 гадоў. Голад быў выкліканы тым, што на бульбу — асноўны прадукт харчаваньня бяднейшага насельніцтва — напала хвароба фітафтароз, якая вынішчыла ўвесь ураджай. У выніку голаду, эпідэміяў і масавай эміграцыі ў Амэрыку Ірляндыя страціла за гэтыя гады да 25% свайго насельніцтва. Гэтыя беды закранулі амаль выключна ірляндзкамоўных жыхароў краю. У выніку ўсяго гэтага да канца ХІХ стагодзьдзя па-ірляндзку перастала размаўляць абсалютная большасьць.
Статыстыка была драматычнай. Лічылася, што ў 1880-я гады на ірляндзкай маглі размаўляць усяго некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Англізацыя датычыла найперш вялікіх гарадоў — Дубліна, Корка, Бэлфаста. На пачатку 1890-х гадоў усе ў Ірляндыі разумелі, што сытуацыя ідзе да поўнай сьмерці іхнай мовы. Але ірляндцы ў тым часе мелі магутную нацыянальную сьвядомасьць. Яны страчвалі сваю мову, але выдатна разумелі, што яны ірляндцы. І гэта галоўнае на той час адрозьненьне зь беларускай сытуацыяй. Насельніцтва этнічных беларускіх земляў, размаўляючы напрыканцы XIX ст. на беларускай мове, ня мела яшчэ сфармаванай нацыянальнай ідэнтычнасьці. Яшчэ многія наступныя дзесяцігодзьдзі масы, якія размаўлялі па-беларуску, называлі сябе тутэйшымі, а беларускую мову — простай мовай. Перапісы, якія рабіліся ў Расейскай імпэрыі, сьведчылі пра магутную колькасьць людзей, якія размаўлялі па-беларуску. Паводле гэтай прыкметы іх і запісвалі беларусамі, але нацыянальная беларуская сьвядомасьць у гэтых масаў была вельмі слабая. У Ірляндыі было цалкам наадварот.
Беларусі не хапае свайго Дугласа Гайда
Але ірляндцы не панікавалі. У лістападзе 1892 году малады ірляндзкі навуковец і аматар ірляндзкай мовы Дуглас Гайд выступіў з прамовай «Пра неабходнасьць дэанглізацыі Ірляндыі».
Гэты выступ стаў пачаткам цэлага руху на карысьць абароны ірляндзкай мовы і культуры ад зьнішчэньня. Гаворка ішла пра разьвіцьцё ірляндзкамоўнай літаратуры, вяртаньне да легендаў, паданьняў, казак і песьняў. Больш за тое, пачалося адраджэньне спартовых дысцыплін, якія лічыліся кельцкімі. Менавіта тады пачалося ажыўленьне хэрлінгу, ірляндзкай формы хакею на траве. Да руху на карысьць адраджэньня кельцкасьці далучылася шмат інтэлектуалаў, а Дуглас стаў прэзыдэнтам Ірляндыі.
— Гэта той важны элемэнт, якога вельмі не хапае сёньнябеларусам. На жаль, у Беларусі няма свайго Дугласа Гайда. Вы гістарычна ўцягнутыя ў суперніцтва двух магутных элемэнтаў — польскага і расейскага. Гэта стала для беларусаў драмай. Спачатку ў вас адбывалася палянізацыя, а потым русыфікацыя. З гэтай прычыны беларуская мова і беларуская культура былі ў значна горшай пазыцыі. Патрэбнае абуджэньне. Гэта можа зрабіць нейкая выдатная асоба або група людзей, якая ўздымае справу вяртаньня гэтых традыцый. Такая група павінна акрэсьліць мэту і інструмэнты. Ірляндыя можа быць для вас вельмі добрым прыкладам менавіта ў гэтым — як адраджаць мову.
Галоўныя палітычныя сілы заўсёды мелі сярод сваіх прынцыпаў ажыўленьне ірляндзкай мовы
Незалежнай дзяржавай Ірляндыя зноў стала толькі ў XX ст. У 1937 годзе ірляндцы прынялі канстытуцыю, якая, дарэчы, дзейнічае да сёньня. Яна абвясьціла, што ў Ірляндыі дзьве дзяржаўныя мовы — ірляндзкая і ангельская. Ірляндзкая мова там значыцца першай, хаця ў практычным сэнсе гэта, вядома, фікцыя.
Сёньня, паводле Канарскага, ірляндзкую мову разумее і, калі спатрэбіцца, можа размаўляць на ёй 30% жыхароў выспы. Але штодня ёй карыстаецца ня больш за 3,5%. Жывая форма ірляндзкай мовы прысутнічае на вельмі невялікіх анклявах сучаснай Ірляндыі. Гэта, пераважна, жыхары глыбокага Захаду.
Але пасьля атрыманьня незалежнасьці практычна ўсе ўрады Ірляндыі зьвярталі ўвагу на патрэбу ажыўленьня ірляндзкай як размоўнай мовы. Пачаліся дзеяньні, каб яе ажывіць. Родную мову ахапілі асаблівай формай аховы з мэтаю пашыраць яе ўжытак.
— Гаворка ішла аб тым, напрыклад, каб ірляндзкую мову папулярызавалі палітыкі, дзеячы культуры, акторы і г. д. Але гэта не ўдалося. Сёньня ірляндзкую мову вывучаюць у школе, але агулам беручы людзі ня хочуць на гэтай мове размаўляць. Асабліва гэта датычыць маладых людзей, бо яны паўсюль вельмі практычныя.
Місія пашырэньня ірляндзкай легла на плечы палітыкаў. Канстытуцыя 1937 году, якая, дарэчы, усталявала кельцкую назву Ірляндыі «Эйрэ», унесла ў мову ірляндзкай палітыкі кельцкія назвы, якія выкарыстоўваюцца афіцыйна і сёньня.
— Напрыклад, дыялёг у ірляндзкім парлямэнце палягае на тым, што паміж сабой яны размаўляюць па-ангельску (хаця тыя, хто можа, гавораць і па-ірляндзку), але ўсе тэрміны, такія як прэзыдэнт, прэм’ер, парлямэнт, выкарыстоўваюцца практычна выключна па-ірляндзку. То бок нехта гаворыць па-ангельску, а потым кажа — эрахтас (Oireachtas), то бок парлямэнт. Або кажа — уэхтаран (Uachtarán), то бок прэзыдэнт, або тышэх (Taoiseach) — прэм’ер. Сама размова гучыць па-ангельску, але з устаўкай ірляндзкіх словаў. Задача гэтай зьявы — падкрэсьліць сувязь палітычнай эліты са сваёй мовай.
Пры гэтым, дадае прафэсар, варта памятаць, што ірляндзкая — вельмі складаная мова, як і ўсе кельцкія мовы. Яны істотна адрозьніваюцца ад усіх іншых індаэўрапейскіх моваў. Беларусу, які ад нараджэньня размаўляе па-расейску, у разы лягчэй вывучыць беларускую, чым ірляндцу сваю. У выніку веданьне ірляндзкай мовы стала на высьпе не практычным фактарам, а ідэалягічным.
У Ірляндыі абедзьве галоўныя палітычныя партыі заўсёды мелі сярод сваіх лёзунгаў ажыўленьне ірляндзкай мовы. Любая ірляндзкая партыя, ці то рэспубліканска-нацыяналістычны кааліцыйны ўрад Фіяна Фаль, або хадэкі і лейбарысты з Шын Фэйн (Sinn Féin), ня маглі ігнараваць ідэалягічных аргумэнтаў наконт ажыўленьня ірляндзкай мовы. Тое, што яна павінна ажыўляцца і ахоўвацца — агульнанацыянальны кансэнсус.
Бязь веданьня ірляндзкай нельга стаць дзяржаўным службоўцам
— Калі ў Ірляндыі нехта хацеў стаць публічным прадстаўніком, дзяржаўным чыноўнікам, то ён мусіў ведаць ірляндзкую мову. Такая асоба здавала вельмі складаны экзамэн. Так было апошнія дзесяцігодзьдзі. Ня ведаю, ці зьмянілася сытуацыя за апошнія гады, але з тых дыпляматаў, якіх ведаю я, амаль усе могуць размаўляць па-ірляндзку. Калісьці гэта была абавязковая ўмова. Бо хто яшчэ мог папулярызаваць ірляндзкую мову і заахвочваць іншых на ёй размаўляць, калі не дзяржаўныя службоўцы. Калі партыя, якая змагалася за ўладу раней, дэкляравала, што мова важная і трэба яе адраджаць, то нельга потым было гэтую ідэю кінуць, бо гэта б зьмяншала выбарчыя шанцы.
Кожны ірляндзкі ўрад, які б праігнараваў важнасьць ірляндзкай мовы, меў бы вельмі малыя шанцы, каб кіраваць, лічыць Канарскі. На заўвагу, што і ў Беларусі Аляксандар Лукашэнка на словах кажа, што пра беларускую трэба дбаць, прафэсар адказвае:
— Гэта палітычная гульня. Лукашэнка такім чынам вядзе дыялёг або робіць такія заявы, каб зьмякчыць свой імідж. Я ведаю, што высілкі ў гэтым напрамку ў Беларусі невялікія. У Ірляндыі дзейнічае нават Міністэрства ірляндзкамоўнага абшару, яно займаецца падтрымкай мовы ў тых мясьцінах, дзе ірляндзкая яшчэ жывая. Гэтае міністэрства існавала практычна ў кожным урадзе і намінальна існуе да сёньня. Задачай міністраў было дбаньне пра адраджэньне ірляндзкай мовы, разьвіцьцё і папулярызацыю. І галоўнае, каб на гэтай мове размаўлялі.
Пра тое, што ўрад успрымае гэтую справу сур’ёзна, сьведчыць шэраг сур’ёзных ініцыятываў. Яшчэ ў 1970-я гады была створаная радыёстанцыя RTÉ Raidió na Gaeltachta. Яе мэтай была папулярызацыя ірляндзкай мовы, пераважна на захадзе выспы. Гадавы бюджэт станцыі — больш за 15 млн эўра. На ірляндзкім кніжным рынку і рынку часопісаў ёсьць вялікі сэгмэнт прадукцыі па-ірляндзку, ёсьць таксама тэлевізія па-ірляндзку.
— То бок фармальна ўсе неабходныя высілкі рабіліся. Праблема ў тым, што яны былі непасьпяховыя. У выпадку Беларусі прэзыдэнт дэкляруе пэўныя высілкі, але робіцца няшмат. Але гэта, мушу сказаць, ня так і кепска. Роля кіраўніка дзяржавы ў Беларусі магутная, і калі такі лідэр выказваецца нават проста з намінальнай прыязнасьцю да беларускай мовы, нават на словах, то гэта важны прэцэдэнт, які можа мець таксама юрыдычны аспэкт. Ягоныя меркаваньні, нават вусныя, сьведчаць аб тым, што няма ніякай забароны на ініцыятывы, якія маюць на мэце папулярызацыю беларускай мовы.
Вярнуць ірляндзкую ў шырокі ўжытак не ўдалося. Дзеяньні ўраду ня сталі імпульсам да жаданьня менавіта размаўляць на сваёй мове. Ірляндзкая ў Ірляндыі — гэта форма дэманстрацыі сваіх пачуцьцяў, жаданьне быць ірляндцамі, кажа Канарскі.
Ці троляць ў Ірляндыі ангельскамоўных за «мову акупантаў»
Адраджэнцы, якія імкнуліся зрабіць ірляндзкую больш папулярнай, каб на ёй размаўляла ўсё больш людзей, былі актыўныя на мяжы XIX і XX стст. Гэта былі выбітныя прадстаўнікі ірляндзкіх інтэлектуалаў: мовазнаўцы, гісторыкі, журналісты. Але калі з часам аказалася, што ажыўленьне гэтай мовы будзе складаным і што ангельская мова ўсё яшчэ мае першае месца, група людзей, якую ўзначальваў Дуглас Гайд, рабілася ўсё меншай.
— Таму такая рыторыка, хоць і вядомая ў ірляндзкай гісторыі, сёньня непрысутная. У Ірляндыі існуе кансэнсус, што ірляндзкая мова павінна ўжывацца шырэй. А аргумэнтаў супраць ангельскай, кшталту, «імпэрская мова», у гэтай дыскусіі няма. Ніхто ня кажа, што трэба змагацца з ангельскай мовай, бо гэта, маўляў, мова нашага акупанта. Больш за тое, ёсьць пэўны парадокс. Калі б адбыўся Брэксыт, у чым я моцна сумняваюся, Ірляндыя разам з маленькай Мальтай сталі б адзінымі краінамі ў ЭЗ, дзе ангельская мова была б афіцыйнай мовай. Ангельская мова ў ЭЗ будзе трымацца на Ірляндыі.
Арганізацыя «Гэльская ліга», якую стварыў Дуглас Гайд, існуе да сёньня. Яна выступае за пашырэньне ірляндзкай, але рыторыкі канфрантацыі з ангельскай мовай арганізацыя не выкарыстоўвае. «Гэльская ліга» займаецца менавіта ажыўленьнем ірляндзкай мовы.
— Зрэшты, ангельская мова ў Ірляндыі адрозьніваецца ад ангельскай у Ангельшчыне ці ў Шатляндыі. Многія ангельцы ня любяць ірляндзкую вэрсію, бо лічаць яе пакалечанай. Ірляндцы, якія ня могуць аднавіць уласную мову, размаўляюць па-ангельску так, як ім гэта падабаецца. То бок гэта далёка не літаратурная мова, якую мы можам пачуць у Вялікабрытаніі.
Што аб’ядноўвае ірляндцаў
Ірляндцы ад XII ст. і да канца І сусьветнай вайны былі падпарадкаваныя чужынцам і не маглі рэалізаваць сваіх незалежніцкіх памкненьняў. Гэта моцна паўплывала на ірляндзкую ідэнтычнасьць.
— Ірляндцаў аб’ядноўвае супольнасьць гісторыі, тое, што яны былі прыгнечаным народам. Сёньняшні ірляндзкі патрыёт можа размаўляць па-ангельску лепш, чым па-ірляндзку, але ў яго няма праблемы, каб называць сябе ірляндзкім патрыётам. Для большасьці ірляндцаў ангельская мова — проста практычная мова. Яна не ўспрымаецца як мова акупантаў. Я неаднаразова правакаваў у дыскусіях ірляндцаў. Кажу, у вас ёсьць свая краіна, эліты, музыка, Дзень сьвятога Патрыка сьвяткуецца ва ўсім сьвеце, але вам не ўдалося адрадзіць мову. І пасьля гэтага ў іх звычайна псуецца настрой. Але мне здаецца, што не існуе практычных магчымасьцяў, каб гэтая мова была адроджаная цалкам.
Але палітыка ажыўленьня працягваецца. У Ірляндыі, дарэчы, існуе нават цэлая сыстэма камунікацыі паміж ірляндзкамоўнымі. Часам на вуліцы або імпрэзах можна сустрэць чалавека са значком кола на вопратцы. Гэтыя колы бываюць трох колераў: карычневага, срэбнага і залатога. Калі нехта мае карычневы, то гэта значыць, што ён гаворыць па-ірляндзку, але ня вельмі добра. Срэбны азначае, што лепш. А залаты значыць, што ягоны ўзровень ірляндзкай — вельмі добры. Калі ірляндцы зьбіраюцца на нейкай інтэлектуальнай імпрэзе, то яны адразу ведаюць з кім і як могуць размаўляць.
У сёньняшніх палітычных умовах ірляндзкая не памрэ
Ірляндзкая мова як важны элемэнт нацыянальнай ідэнтычнасьці пакуль мае шанец выжыць, лічыць прафэсар. Бо яна ўсё яшчэ зьяўляецца важнай часткай дэманстрацыі патрыятызму і нацыяналізму з пэрспэктывы Паўночнай Ірляндыі, лічыць Канарскі.
— У Паўночнай Ірляндыі вывучэньне і валоданьне ірляндзкай мовай — гэта знак таго, што вы сапраўдны ірляндзец. Людзі, якія дзейнічалі ў радыкальных ірляндзкіх арганізацыях, такіх як ІРА, праграмна вывучалі ірляндзкую. У Паўночнай Ірляндыі былі нават спэцыяльныя лекцыі ірляндзкай мовы. І там гэтая форма ажыўленьня мовы разьвівалася хутчэй і больш пасьпяхова, чым у незалежнай Ірляндыі. Пакуль Ірляндыя застаецца падзеленай на дзьве часткі, ірляндзкая будзе выкарыстоўвацца пэўнымі сіламі як важны фактар нацыянальнай ідэнтычнасьці.
Паводле Канарскага, калі б адбылося мірнае аб’яднаньне Ірляндыі, успрыманьне ірляндзкай мовы як важнага фактара ў грамадзкай дыскусіі магло б аслабнуць.
— Гэта парадокс. Але пакуль існуе падзел, пакуль розныя арганізацыі будуць выкарыстоўваць мову як аргумэнт, нават калі на ёй гаворыць мала людзей, але пакуль ёсьць разуменьне таго, што мова мае быць, яе значэньне будзе захоўвацца. У сёньняшніх палітычных умовах ірляндзкая не памрэ.
А што зь беларускай?
— Справа ў тым, што спэцыфіка ангельскай і брытанскай калянізацыі была іншай, чым расейская яшчэ царскіх часоў. Царская Расея была самадзяржаўнай, дзе прававая культура была менш важнай, чым у Вялікабрытаніі. Нават калі браць пад увагу, што брытанцы маюць шмат грахоў перад Ірляндыяй, то факт прававой сыстэмы быў важны. Існавалі формы абароны ад ціску эксплёататараў. А ў адносінах паміж беларусамі і расейскай дзяржавай была зусім іншая сытуацыя. Ірляндцы страчвалі мову, але разам з гэтым, яны ня страчвалі сваю ідэнтычнасьць. Яны ня сталі ангельцамі, і ў іх няма такой пагрозы. А ў Беларусі страх, што расейская мова можа пазбавіць беларусаў ідэнтычнасьці, застаецца сур’ёзным. І трэба да яго сур’ёзна ставіцца. Трэба намагацца захаваць беларускую мову ў Беларусі і ўспрымаць яе як важны элемэнт сваёй ідэнтычнасьці.