У Партызанскім раённым судзе Менску абвешчаны прысуд паўабаронцу былога футбольнага клюбу «Крумкачы» (цяпер клюб называецца «НФК») Алегу Дыбалю. Яго прызналі вінаватым у захоўваньні і распаўсюдзе наркотыкаў, за што прадугледжана ад 8 да 15 гадоў зьняволеньня.
Суд пастанавіў пакараць Алега Дыбаля 9 гадамі пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, як і прасіў пракурор.
У апошнім слове, якое прагучала за гадзіну да прысуду, футбаліст пакаяўся, папрасіў прабачэньня і паабяцаў «больш ніколі не дакранацца да наркотыкаў».
Футбаліста затрымалі летась у кастрычніку. У Сьледчым камітэце тады паведамілі, што падчас ператрусу ў доме Алега Дыбаля выявілі больш за 40 г забароненага псыхатропнага рэчыва — альфа-PVP.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Футбаліста «Крумкачоў» затрымалі па падазрэньні ў распаўсюдзе наркотыкаўНеўзабаве футбольны клюб «Крумкачы» выступіў з афіцыйнай заявай наконт затрыманьня Дыбаля.
«Футбольны клюб „Крумкачы“ заўсёды нэгатыўна ставіцца да любых формаў супрацьпраўных дзеяньняў. Клюб гатовы да супрацоўніцтва з праваахоўнымі органамі, калі гэта будзе трэба. Аднак да той пары, пакуль віна ня будзе даказаная, мы ня можам казаць пра ўдзел Алега Дыбаля ў тым ці іншым правапарушэньні і клюб будзе падтрымліваць футбаліста», — было сказана ў афіцыйным звароце.
На працэсе Алег Дыбаль цалкам прызнаў сваю віну, суду былі прыведзеныя доказы таго, што ён захоўваў наркотыкі і займаўся іх распаўсюдам.
У мінулым сэзоне паўабаронца Алег Дыбаль пасьпеў згуляць у другой лізе чэмпіянату Беларусі за былы футбольны клюб «Крумкачы» 20 матчаў.