Эўразьвяз гатовы адкласьці Brexit да 2020 году празь нявызначанасьць вакол умоваў пагадненьня аб выхадзе Злучанага Каралеўства з ЭЗ. Пра гэта ў сераду піша газэта The Times. Згодна з існуючай дамоўленасьцю, Вялікабрытанія пакіне Эўразьвяз 29 сакавіка. Краіны ЭЗ ухвалілі пагадненьне аб Brexit у лістападзе мінулага году, але дакумэнт не прайшоў галасаваньня ў брытанскім парлямэнце.
Пасьля правалу ініцыятывы прэм’ер-міністра Тэрэзы Мэй у Палаце абшчын кіраўніку брытанскага ўраду пагражае адстаўка. Лідэр брытанскай апазыцыйнай партыі лейбарыстаў Джэрэмі Корбін унёс у парлямэнт прапанову аб вотуме недаверу ўраду Злучанага Каралеўства. Калі Тэрэза Мэй ня вытрымае галасаваньня аб вотуме даверу, у Вялікае Брытаніі пройдзе датэрміновае галасаваньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікая Брытанія пасьля выхаду з ЭЗ створыць новыя вайсковыя базыПрапанаванае Тэрэзай Мэй пагадненьне аб Brexit прадугледжвае, што Вялікабрытанія выйдзе з ЭЗ, аднак захавае зь ім цесныя сувязі, прычым у шэрагу пытаньняў Брытаніі і пасьля выхаду з Эўразьвязу давядзецца прытрымлівацца ягоных нормаў і рашэньняў.
Крытыкі дакумэнта сьцьвярджаюць, што паводле ўмоваў пагадненьня Брытанія апынецца ў становішчы «васальнай» дзяржавы, паколькі ёй давядзецца, ня будучы членам ЭЗ, падпарадкоўвацца шэрагу яго правілаў. Калі пагадненьня па Brexit дасягнуць ня ўдасца, то Вялікабрытанія можа выйсьці з Эўразьвязу і безь яго.