«Гісторыю Беларусі» ў ВНУ хочуць замяніць на іншы прадмет

Манаграфія «Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці», ілюстрацыйнае фота

Ва ўнівэрсытэтах Беларусі можа зьявіцца курс гісторыі беларускай дзяржаўнасьці з падручнікамі ад каманды пад кіраўніцтвам дэпутата Марзалюка, піша БелТА. Ці рашэньне канчатковае, невядома.

Адзін з аўтараў манаграфіі «Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці» прафэсар Валянцін Голубеў заявіў, што гісторыю беларускай дзяржаўнасьці будуць выкладаць замест гісторыі Беларусі «з наступнага году, хутчэй за ўсё», — «гэта амаль вырашана». Паводле Голубева, на гэта дадуць нават больш навучальных гадзінаў, чым было на гісторыю Беларусі.

Пытаньне разглядалася на радзе рэктараў ВНУ, расказаў акадэмік-сакратар Аддзяленьня гуманітарных навук і мастацтваў Акадэміі навук Аляксандар Каваленя. Паводле яго, «сёньня ўжо можна казаць аб тым, што такі курс ухвалены дэканамі і рэктарамі нашых ВНУ», і першы варыянт праграмы ўжо разгледжаны.

Міністэрства адукацыі і Нацыянальны інстытут адукацыі пра такія пляны пакуль не паведамлялі. Але пра пляны што да прадметаў расказала ня толькі БелТА, але і іншыя дзяржаўныя СМІ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму шматтомную «Гісторыю беларускай дзяржаўнасьці» напісалі па-расейску

На момант публікацыі быў выдадзены першы з 5 тамоў «Гісторыі беларускай дзяржаўнасьці» — толькі на расейскай мове накладам 500 асобнікаў. Пазьней плянуецца выданьне па-беларуску.

Акрамя яго, асобны калектыў аўтараў на чале з дэпутатам Ігарам Марзалюком рыхтуе падручнік гісторыі беларускай дзяржаўнасьці. Марзалюка называюць «галоўным гісторыкам» у дзяржаўных структурах за актыўнасьць у гістарычнай галіне (ён, напрыклад, адмаўляе «беларускасьць» паўстаньня Каліноўскага) і наяўнасьці «рэсурсаў для лабіяваньня пэўных ідэяў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як пачынаецца «эра Марзалюка». 20 пытаньняў і адказаў пра падручнікі гісторыі Беларусі

Лукашэнка ня супраць адлічваць беларускую дзяржаўнасьць ад IX стагодзьдзя

Аб гісторыі беларускай дзяржаўнасьці адносна нядаўна разважаў Аляксандар Лукашэнка: ён згадваў Полацкае княства як «гістарычную калыску» беларускай дзяржаўнасьці, але не разабраўся з гістарычнай роляй Беларускай Народнай Рэспублікі.

Тымчасам орган ягонай адміністрацыі газэта «Беларусь сегодня» вырашыла адлічваць беларускую незалежнасьць ад 1994 году — заявіўшы, што да Лукашэнкі фактычна ​не было беларускай незалежнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэанімаваць»: Лукашэнка вырашыў, што трэба рабіць са школьнымі і ўнівэрсытэцкімі праграмамі

Як перадае БелаПАН, на сустрэчы з журналістамі загадчыца цэнтру археалёгіі і старажытнай гісторыі Акадэміі навук Вольга Ляўко расказала, што Лукашэнка два гады таму цікавіўся ў яе, хто фармаваў беларускую дзяржаўнасьць, пачынаючы з («як вы кажаце», адзначыў Лукашэнка) IX стагодзьдзя. А яна, паводле ейных словаў, адказала: «Ніхто. Мы гэта зрабілі самі. Гэта адбылося ў працэсе разьвіцьця народу, які засяляў тэрыторыю Беларусі ў той пэрыяд часу».

Ляўко заявіла, што казаць пра пачатак беларускай дзяржаўнасьці ў IX стагодзьдзі можна ня толькі праз першую згадку Полацку, датаваную 862 годам, але і праз тое, што палачане тады называлі сябе так праз назву ракі, ля якой пасяліліся, таму можна лічыць, што ў іх «сфарміраваліся нейкія больш-менш пастаянныя тэрыторыі, на якіх пражывала цесна зьвязанае эканамічнымі і культурнымі інтарэсамі насельніцтва».

Яна дадала, што «адзінай старажытнарускай народнасьці» тады ня склалася – і што былі прычыны, «якія аддзялялі гэтых людзей адзін ад аднаго, дазволілі ім пайсьці сваім шляхам далей і стварыць свае ўласныя супольнасьці ўнутры ўсходніх славянаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што добрага ў новай вэрсіі школьнай гісторыі Беларусі