Губэрнатар Магаданскай вобласьці Сяргей Носаў у нядаўнім інтэрвію расейскай газэце «Заўтра» заявіў, што ў Расеі ніколі не зьнішчалі людзей за іншадумства. Тут жа ён успомніў і пра легендарнага савецкага вучонага, канструктара першых савецкіх касьмічных караблёў, заснавальніка савецкага ракетабудаваньня Сяргея Каралёва, які ў 1939 годзе быў сасланы ў лягер на Калыме. Паводле Носава, «Каралёў тут ня золата здабываў: яму былі створаныя ўмовы, і ён працаваў у сваім напрамку».
Унук Сяргея Паўлавіча Каралёва, доктар мэдычных навук, вядомы хірург-артапэд прафэсар Андрэй Каралёў распавёў у інтэрвію карэспандэнту «Сибирь.Реалии» аб тым, як яго дзед перажыў Магаданскую ссылку.
— Ён прыбыў 25 ліпеня 1939 году ў бухту Нагаева на параходзе «Дальстрой», былы параход «Ягода». Трэцяга жніўня ён прыбыў у лягер. А зьехаў ён 23 сьнежня 1939 году з бухты Нагаева ва Ўладзівасток. Гэта значыць практычна паўгоду. Яны займаліся адмыўкай золата з пароды. Праз гэта ён усё жыцьцё не любіў золата і называў яго пагардліва «залацішка». Уставалі а 5-й раніцы, працавалі да 11 ночы. Ежа была настолькі дрэннай, што практычна ўсе хварэлі на цынгу. Ён страціў там усе зубы. І, увогуле, ён паміраў.
— Я ведаю, што яго фактычна выратаваў былы дырэктар Маскоўскага авіязаводу Міхаіл Усачоў, якога абвінавацілі ў гібелі Валерыя Чкалава і таксама саслалі на Калыму...
— Так, дакладна. Ён знайшоў яго ў кучы рызьзя, гэта вядомы гістарычны факт, які шматкроць апісаны ў розных успамінах, у тым ліку ва ўспамінах чалавека, які яго выратаваў. У кутку ў бараку, абсалютна паміраючага, дзядулю знайшоў чалавек, якога ён ведаў з даваеннай пары. Ён быў майстрам спорту па боксе, навёў у лягеры даволі жорсткія парадкі і вяршэнстваваў над так званымі блатнымі, то бок над крымінальнікамі. Ён быў вельмі моцны фізычна чалавек. І ён выцягнуў Каралёва адтуль і загадаў усім, у тым ліку блатным, каб яго пачалі адкормліваць, дзяліліся зь ім пайкай. І потым ён зрабіў так, што яго зьмясьцілі ў мэдычны барак, дзе была доктарка, якая яго выходжвала.
Міхаіла Ўсачова Сяргей Паўлавіч адназначна ўспрымаў як свайго выратавальніка. І ён потым узяў яго да сябе на працу. Нават вядомая гісторыя, што, на вялікі жаль, у яго ўзьніклі праблемы з алькаголем досыць сур’ёзныя. Ад Каралева патрабавалі, каб звольніў яго і так далей. Але ён сказаў, што ён ніяк ня можа паступіць так з чалавекам, які выратаваў яму жыцьцё, што трэба знаходзіць нейкія іншыя рашэньні. Усачоў прапрацаваў на прадпрыемстве да самай сваёй сьмерці.
— Як адміністрацыя ставілася да палітычных зьняволеных? Як складаліся адносіны з крымінальнікамі?
— Якая адміністрацыя?! Сталінскія турэмшчыкі — гэта клясычныя сярэднявечныя турэмшчыкі, якія зь іх зьдзекаваліся. Язык не паварочваецца назваць іх адміністрацыяй, але, як бы там ні было, яны ўсё ўціскалі палітычных.
Каралёў быў вельмі сурʼёзна зьбіты ў турме. У яго ж была зламаная ніжняя сківіца, з-за чаго ён ня мог да канца адкрываць рот. І ў яго быў зламаны шыйны аддзел пазваночніка, з-за чаго ён ня мог разагнуць галаву да канца. Гэта ў рэшце рэшт і паслужыла адным са складнікаў прычын яго сьмерці. Таму што яму не змаглі падчас апэрацыі ўставіць дыхальную трубку ў горла, гэта значыць правесьці інтубацыю.
— Паколькі мы кажам пра зьняволеньне, ссылку, не магу не спытаць пра фармальную нагоду для перасьледу. Артыкул быў, як яго называлі ў народзе, аб «шкодніцтве». Ці слушна я разумею, што справа была распачатая не праз данос, але праз характарыстыку, дадзеную ягоным калегам Андрэем Косьцікавым, якога лічаць адным са стваральнікаў «Кацюшы»? І Сяргей Паўлавіч не дараваў яму да канца жыцьця.
— Праз данос, і праз характарыстыкі — гэта ўсё абсалютна разам. Вельмі інфармаваным чалавекам была мая прабабуля Марыя Мікалаеўна, то бок мама Сяргея Паўлавіча. Яна была чалавекам вельмі моцным, вельмі трывалым, адыграла ключавую ролю ў яго вызваленьні. Уласна, яна абівала парогі, што называецца. Яна знайшла Валянціну Грызадубаву, найвядомейшую лётчыцу на той момант, і Міхаіла Громава, які таксама вядомы палярны лётчык. Яны абодва былі дэпутатамі Вярхоўнага Савету і напісалі лісты ў абарону Каралёва. І гэта, безумоўна, адыграла сваю важную ролю.
Бабуля мая, Марыя Мікалаеўна, дакладна ведала, яна шмат размаўляла зь дзядулем. Вядомы гістарычны факт, як на адным з прыёмаў яна ішла ўздоўж шэрагу навукоўцаў, нейкіх людзей у касьцюмах. І ўсё ёй працягвалі руку, яна віталася, гэта ўжо пасьля сьмерці дзядулі, і ў тым ліку яна ўбачыла ў гэтым шэрагу Косьцікава. І яна абнесьла сваёй рукой яго руку і працягвала вітацца далей. І гэта таксама мне расказвалі сьведкі, мне пра гэта расказвала сама бабуля Муся. У мяне няма ніякіх падставаў ёй не давяраць.
Называйце гэта як заўгодна. Чым адрозьніваецца данос ад характарыстыкі? Зваротам? «Я паведамляю вам, што такі і такі дрэнна працуе і шкодзіць». Гэта данос ці характарыстыка? Часы былі цяжкія. Людзі падпісвалі многія паперы пад катаваньнямі. Калі чалавек знаходзіцца на волі і піша штосьці, што напэўна забівае іншага чалавека, то гэта данос. А калі чалавек у турме і зь яго пад катаваньнямі выбіваюць нешта іншае, то гэта іншы тып паперы. Вядома, што і Сяргей Паўлавіч сам падпісаў у канчатковым выніку ўласнаручна прызнальныя паказаньні, бо яму сказалі, што «калі ты не падпішаш, то мы жонку тваю арыштуем, а дачку тваю вышлем у дзіцячы дом». Пасьля гэтага ён падпісаў прызнальныя паказаньні на сябе.
Але пры гэтым мы ведаем, што былі іншыя людзі, вельмі нешматлікія, якія катэгарычна адмаўляліся ў любым выпадку падпісваць паперы. Быў такі вядомы прафэсар Яўген Сяргеевіч Шчацінкаў, якога літаральна, паводле ягоных словаў і паводле сьведак, спусьцілі зь лесьвіцы ў КДБ, таму што ён катэгарычна адмовіўся падпісваць якія-небудзь паперы, якія ганяць Сяргея Паўлавіча Каралёва. Яны сябравалі, яны разам працавалі. Ён выдатна ведаў яго і, вядома, не гатовы быў падпісваць, што Каралёў шкоднік, але пры гэтым Косьцікаў гэтыя паперы падпісаў. Я, безумоўна, лічу Косьцікава адным з ключавых людзей, якія спрыялі яго зьмяшчэньню ў турму, арышту і ўсім наступным кашмарным фактах біяграфіі.
— У якім стане ён прыехаў у Маскву?
— У цяжкім. На гэтую тэму ёсьць фатаграфіі. Ён выглядаў як чалавек, які толькі што вярнуўся з катаргі. Гэта была натуральная катарга.
Праз 4 месяцы пасьля вяртаньня ў Маскву Сяргея Каралева паўторна судзілі і прысудзілі 8 гадоў зьняволеньня. Чатыры гады, праведзеныя ў спэцтурмах пры ўстановах, якія займаліся найноўшымі распрацоўкамі ў галіне авіябудаваньня. Яго вызвалілі ў ліпені 1944 году на асабістае указаньне Сталіна: краіна мела патрэбу ў ракетнай тэхніцы і ў геніяльных вынаходніцтвах Каралёва.